Відэадзёньнік беларускамоўнай першаклясьніцы Камілы Ляўчук зь Берасьця выклікаў цікавасьць у інтэрнэце. Адзін зь відэаролікаў на ютубе сабраў ужо каля 900 праглядаў. Дзяўчынка распавядае пра кніжку-падарунак «ад прэзыдэнта», кажа, што ёй такая кніжка не падабаецца, бо яна б хацела там бачыць бел-чырвона-белыя сьцягі замест чырвона-зялёных.
Карэспандэнт: Сустракаюцца неадназначныя ацэнкі камэнтатараў пад развагамі Камілы ў відэадзёньніку. Што вы можаце сказаць тым людзям, якія кажуць, што «дзяўчынцы задурылі галаву бацькі, напэўна, цэлымі днямі ў іх сям’і кляймяць Лукашэнку»?
Мілана Харытонава: Я магу сказаць, што асяродзьдзе, якое ў нас, у сям’і, сярод нашых калегаў-журналістаў, сярод нашых сяброў, — яно, вядома, неяк уплывае. Але што значыць «задурылі галаву»? А школа што, не задурвае дзецям галаву, калі на лінейку прыцягвае нейкага вэтэрана альбо ў першы дзень, замест таго каб расказаць дзеткам нешта цікавае пра нашу Беларусь, расказваюць пра Лукашэнку ды чырвона-зялёны сьцяг? Ці там яшчэ нейкія ідэалягічныя рэчы адбываюцца, а потым і палітычныя... А піянэры ў школе, акцябраты... Гэта не задурваньне галавы?
Проста ня трэба гэта так успрымаць. Вядома, што дзіцё неяк адлюстроўвае сытуацыю, якая навокал. Магчыма, каб яна ў іншай расла сям’і, дзе зь дзецьмі не размаўляюць шчыра, не намагаюцца ім не хлусіць, а б’юць замест гэтага, быў бы іншы відэадзёньнік... Але ў нас такі, які ёсьць.
Я, напрыклад, не разумею бацькоў, якія лічаць, што гэта нармальна, калі ў 6–7-гадовага дзіцяці ў галаве толькі будзе скакалка, бегаць па вуліцы ды мульцікі. У «ружовых акулярах» дзіця гадаваць няправільна.
Кар.: Як Камілу прынялі ў расейскую клясу? Як настаўнікі паставіліся да беларускамоўнай дзяўчынкі?
Алесь Ляўчук: Зь першых дзён Каміле спадабалася ў школе. Яна пайшла, пазнаёмілася з настаўніцай, нешта ёй сказала па-беларуску, тая ёй адказала па-беларуску. Каміле гэта вельмі спадабалася. Таму ня бачу ніякіх праблемаў. Дзеткі таксама нармальна ўспрымаюць...
Your browser doesn’t support HTML5
Мілана Харытонава: Ну, і дадам, што Каміла не такая ўжо і цалкам беларускамоўная дзяўчынка. Ёй вельмі падабаецца беларуская мова, размаўляць па-беларуску. Але яна абсалютна нармальна размаўляе і па-расейску, дагэтуль камунікавала па-расейску зь дзецьмі ў двары.
Кар.: То бок Каміла не пачувае сябе няёмка сярод расейскамоўных аднаклясьнікаў?
Алесь Ляўчук: Каміла адчувала сябе добра і сярод польскамоўных дзяцей, і калі мы былі ў адпачынку ў Баўгарыі, яна таксама размаўляла зь дзеткамі з розных краін. І, ня ведаючы мовы, яны нармальна гулялі.
Яна нармальна адчувае сябе ў клясе, можа размаўляць як па-расейску, так і па-беларуску. І, думаю, гэта — наша перавага...
Кар.: Што вы можаце сказаць наконт таго, што ў Берасьці так і не знайшлося пяцёх сямей, якія б пажадалі аддаць сваё дзіця вучыцца па-беларуску?
Мілана Харытонава: Гэта ўсё ж такі пытаньне ня толькі да тых сем’яў, якія быццам бы не пажадалі вучыцца па-беларуску, але і да аддзелу адукацыі. Чым займаліся яны ў той час, калі мы шукалі бацькоў ахвотных? І менавіта з-за іх гэта і ня створана, таму што адна справа, калі шукаюць бацькі, нейкія самаробныя абвесткі раздрукоўваюць. І зусім іншая справа, каб гэтая ініцыятыва ішла зьверху. Таму што ў нас усе любяць адразу выконваць...
Калі б такіх клясаў было 4–5 на горад, то яны праз 3–4 гады былі б цалкам запоўненыя дзецьмі.