5 гучных спраў, якія ніяк ня трапяць у суд

У справе сэнатаркі Ганны Шарэйкі зьявілася вэрсія, якая супярэчыць агучанаму сьледчымі абвінавачаньню ў злоўжываньні службовым становішчам. Ці ёсьць зрухі ў іншых гучных крымінальных справах супроць дырэктараў і чыноўнікаў?

Пайшоў другі месяц, як пазбавілі дэпутацкай недатыкальнасьці і арыштавалі былую дэпутатку Савету рэспублікі Ганну Шарэйку, якая кіравала Віцебскай бройлернай птушкафабрыкай. Яе абвінавацілі ў службовых злоўжываньнях. Паводле сьледзтва, Ганна Шарэйка нібыта атрымала «адкат» за тое, што заключыла кантракт на пастаўку дарагіх камбікармоў з Латвіі, хоць магла купляць таньнейшыя камбікармы ў Беларусі і на гэтым зэканоміць для фабрыкі шмат грошай. Магла, але лепш было купляць менавіта латыскія кармы, багацейшыя на пратэін і таму больш эфэктыўныя — пра гэта кажа новая вэрсія, агучаная неафіцыйнымі крыніцамі зь Віцебску, на якія спасылаецца «Наша Ніва». Паводле гэтай вэрсіі, арышт Ганны Шарэйкі можна патлумачыць яе канфліктам з кіраўніцтвам беларускага прадпрыемства, якое вырабляе камбікорм для птушкафабрык, і тымі чыноўнікамі, што зацікаўленыя ў гэтых пастаўках.

Цалкам верагоднай лічыць такую вэрсію незалежны эканаміст, кіраўнік Цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

«Гэта толькі паводле вопраткі яны — дзяржаўныя прадпрыемствы. А за імі таксама прыватныя інтарэсы, рынкі, дамоўленасьці наконт таго, хто ў каго што купляе. І калі нейкая „паршывая авечка“, з пункту гледжаньня чыноўнікаў, разьбівае ім гэтыя схемы, то супроць яе ўсе паўстаюць. Хто гэтыя людзі? Гэта могуць быць і розныя начальнікі зь Мінсельгаспраду, і кіраўнікі розных заводаў, якія працуюць у адной сыстэме. Але ж нібыта насамрэч няма ніякіх „адкатаў“, а ёсьць толькі рашэньне, якое аспрэчваецца з пункту гледжаньня эфэктыўнасьці. І тады пра што збольшага кажа гэтая гісторыя? У нармальнай эканоміцы правялі б аўдыт, высьветлілі, ці ёсьць страты ад гэтага рашэньня. Калі б прызналі яго памылковым і стратным, то пазбавіліся б ад гэтага дырэктара. А ў нас тое, што чалавека пазбавілі статусу „сэнатара“ ды арыштавалі — гэта можа сьведчыць пра тое, што яна вырашыла дзейнічаць ня так, як казалі начальнікі Мінсельгаспраду ці тыя, хто ў нас кантралюе манаполію ў гэтым бізнэсе».

Катэдж Ганны Шарэйкі

23 верасьня ў Менскім абласным судзе пачынаецца працэс над былым гендырэктарам аб’яднаньня «Барысаўдрэў» Уладзімерам Мальцавым, якога абвінавацілі ў службовых злоўжываньнях за нанясеньне стратаў памерам 18 мільярдаў рублёў, а таксама ў зрыве праграмы мадэрнізацыі прадпрыемства. Справу супроць Уладзімера Мальцава завялі празь некалькі месяцаў пасьля прызначэньня гендырэктарам, чаму папярэднічаў візыт на завод Аляксандра Лукашэнкі і адстаўка з пасады старшыні Менаблвыканкаму Барыса Батуры. Менавіта Батуру Лукашэнка спачатку прызначыў кіраваць «Барысаўдрэвам», але былы губэрнатар замест гэтага пайшоў на пэнсію, а праблемны завод узначаліў Уладзімер Мальцаў. Эканаміст Яраслаў Раманчук згадаў, як неўзабаве пасьля прызначэньня Мальцаў скардзіўся на засільле чыноўнікаў.

«Хлопец пачынаў вельмі добра, і камусьці з сыстэмы дрэваапрацоўкі не спадабалася, што іх сакрэты становяцца ўсім вядомыя. Памятаю ягонае інтэрвію на ОНТ. Ён казаў, што 70% часу мусіць траціць у кабінэтах чыноўнікаў, што калі нешта трэба набыць для мадэрнізацыі, мусіць аб’ехаць ды ўзгадніць з усімі чыноўнікамі, хоць ён за гэта адказны. Мяркую, як потым у справе Шарэйкі, зь ім паквіталіся за незгаворлівасьць».

Барысаўдрэў

У Сьледчым камітэце працягваюць расьсьледаваць такія гучныя справы 2014 году, як справа былога намесьніка міністра лясной гаспадаркі Фёдара Ліса, справа былой дырэктаркі Слонімскай камвольна-прадзільнай фабрыкі Валянціны Вянцкоўскай і былога кіраўніка «Беллегпраму» Міхаіла Сучкова, кіраўнікоў «Нафтану», былога сэнатара Віталя Кастагорава. Пэўна пра заканчэньне ніводнай з гэтых спраў у Сьледчым камітэце ня кажуць. «Уся інфармацыя будзе даведзеная. Вядуцца расьсьледаваньні. У нас адкрыўся сайт — sk.gov.by — сачыце за гэтым сайтам», — кажуць у прэсавай службе Сьледчага камітэту.

Крыніца са Слоніма паведаміла Свабодзе, што пры расьсьледаваньні справы былой дырэктаркі мясцовай камвольна-прадзільнай фабрыкі Валянціны Вянцкоўскай першапачатковыя абвінавачаньні на яе адрас нібыта пацьвердзіліся:

«Кажуць, што паводзіла яна сябе ня вельмі, скажам гэтак, добра, як патрабуецца ад правінцыйнай беларускай дырэктаркі. Жыла нібыта зашыкарна».

Валянціну Вянцкоўскую арыштавалі яшчэ ў лютым, разам зь ёй затрымалі, паводле Сьледчага камітэту — за атрыманьне хабару, кіраўніка «Беллегпраму». Тады «Беллегпрамам» кіраваў Міхаіл Сучкоў. Між тым дагэтуль няма зьвестак, ці фігуруе Міхаіл Сучкоў у нейкай крымінальнай справе.

З усіх названых спраў за год да суду пакуль дайшла толькі справа Ўладзімера Мальцава, адносна якога асабіста выказваўся Аляксандар Лукашэнка.