Фэрмэр пра расейскае эмбарга: будуць есьці ўсё без разбору

Падчас збору ўраджаю

Ва ўмовах эмбарга на тавары зь дзяржаваў, якія асудзілі агрэсію Расеі супраць Украіны да падтрымалі санкцыі супраць Масквы, Крэмль тэрмінова шукае замены эўрапейскім ды амэрыканскім пастаўшчыкам.

Кіраўніцтва Беларусі запэўніла, што гатовае істотна нарасьціць экспарт на ўсход. Ці здолеюць беларускія аграрыі зарабіць на дэфіцыце прадукцыі, які ўжо адчуваецца на расейскім спажывецкім рынку? Свабода пацікавілася меркаваньнем гаспадара «Маёнтку Матусевічы» ў вёсцы Мацкі на Меншчыне, фэрмэра Ўладзімера Матусевіча.

Гаспадарка Ўладзімера Матусевіча спэцыялізуецца на вырошчваньні мала распаўсюджаных у Беларусі гароднінных і зелянінных культураў. На ягоных палетках у прамысловых маштабах культывуецца блізу трох дзясяткаў гатункаў капусты, а таксама сельдэрэй, кроп ды іншыя вітамінныя прысмакі — усё, што ў сэзон штодня патрэбна хатняй гаспадыні. Аднак карміць Расею спадар Матусевіч не сьпяшаецца, і ня столькі з ідэалягічных прычынаў:

«Ня тое што ў Расею, я баюся аддаць кудысьці тут — на нейкія склады, у гандлёвыя сеткі. На досьведзе, што атрымаў за 20 гадоў, цягам якіх працаваў зь дзяржаўнымі гародніннымі камбінатамі, зь іншымі, бачу стаўленьне да прадукцыі, да фэрмэра. Мая прадукцыя досыць спэцыфічная. Яе лішні раз нельга ні ціскануць, ні ўдарыць, лішнія суткі трымаць нельга. Таму стараюся пастаўляць на рынак, на „сьвежы“ рынак. У скрайнім выпадку яна павінна быць сабрана з поля ўвечары (найлепей — рана раніцай), а ўжо да абеду — апынуцца ў гаспадыні ў торбе, каб гатаваць абед. Максымум — да вечара, бо далей гародніна ўжо ня сьвежая. Тое, што прадаецца ў краме, — катэгарычна не.

Да Масквы давезьці — тым больш патрэбна адмысловая тара. Хоць калі пайшла гаворка пра санкцыі, мне штодня тэлефанавалі, прапаноўвалі: давай у цябе возьмем оптам, прададзім. Недасьведчаныя людзі, якія думаюць, што здолеюць на санкцыях разбагацець. Думаюць, што ў Расею завязуць і азалоцяцца. Гэта ня бульба, гэта капуста — брокалі, квяцістая. Такі тавар нават у далейшых ад сталіцы рэгіёнах нявыгадна вырошчваць, бо прадукцыя павінна быць сьвежая. Зь ліку тых, якія ня церпяць лягістыкі — складоў, доўгіх пераездаў».

Спадар Матусевіч кажа, што дзяржава, адрозна ад прыватніка, ня мае такога сэнтымэнтальнага стаўленьня да сваёй працы, таму шырока расчыненым вакном у Расею паспрабуе скарыстацца. На яго думку, цяпер ужо ня трэба чакаць малочных ды мясных войнаў, і на паліцы расейскіх крамаў пацячэ малако з антыбіётыкамі ды пойдзе мяса з рэгіёнаў, яшчэ нядаўна праблемных па сьвіной чуме. Між тым, перакананы суразмоўца, магчымасьці беларускіх аграрыяў яўна перабольшаныя — «заваліць» Расею харчамі ня выйдзе фізычна. Іначай жаданьне зарабіць любой цаной непазьбежна падкосіць унутраны рынак:

«Ну, канечне, будзем мець нейкі плюс. Можам прадаць лішкі і малака, і мяса, і бульбы, і іншай гародніны. Раней такога не было, у нас жа пастаянна, вы ж памятаеце, з Расеяй войны вяліся то малочныя, то цукровыя, то яшчэ нейкія. Той жа Анішчанка колькі ўжываў санкцыяў супраць нас, беларусаў. А цяпер ужо не, зараз яны там будуць усё есьці, без разбору. І з антыбіётыкамі есьці будуць, і з усім іншым, абы толькі давалі.

Але справа ў тым, што адна Беларусь ня здолее такую прастору пакрыць, папросту няма такой магчымасьці, столькі рэсурсаў. Увогуле сьмешна выглядае, калі Беларусь бярэцца сваімі сіламі распрацоўваць нафтавыя радовішчы ў Іране, будуе аграгарадкі ў Вэнэсуэле, нейкія заводы ўзводзіць у Туркмэніі. Цяпер вось зьбіраюцца накарміць Расею. Амбіцый як у Амэрыкі. Насамрэч у нас вельмі мала насельніцтва, каб мы маглі задаволіць патрэбы ўнутраныя, а потым яшчэ і вялізнай Расеі. Ня можа купка народу накарміць увесь сьвет. Ёсьць нейкія лішкі — вось столькі можна і прадаць. І ад гэтага нам будзе лепш. Але ня больш за тое».

З унучкай у кветніку

Уладзімер Матусевіч засьцерагае кампаніі, якія пойдуць заваёўваць расейскія крамы, ад спакусы зарабіць на «галоднай вайне» Масквы з Захадам. Калі ў гэты спрыяльны час удасца замацавацца на рынку дзякуючы не высокім коштам, а стаўцы на абарот, то гэта з удзячнасьцю згадаюць у пэрспэктыве:

«Прыкладам, я задавольваюся той малой цаной, што мне даюць аптавікі, якія потым тут жа, на месцы, накручваюць 200%. Я ў курсе, што такая ж капуста ў краме каштуе ў некалькі разоў даражэй, чым у мяне, але мне хапае і гэтага. Зьбітае выказваньне, але ня толькі грашыма ўсё вымяраецца».

Карэспандэнт: «А як сёлета ўраджай, нядрэнны?»

«Ураджай — нішто сабе. Нават больш скажу: ураджай у гэтым годзе добры. Лета было добрае, усё спрыяла, хапала і сонца, і вільгаці. Ведаеце ж, што ў краіне збожжавыя сёлета ўрадзілі, гародніна нармальная. Некаторыя рэгіёны крыху падсушыла, быў такі месяц, але на маіх землях гэта ніяк не адбілася, у мяне ўраджай добры. Прычым па некаторых пазыцыях добры настолькі, што цяпер нават ня ведаю, куды падзець».

Расея ў 2013 годзе імпартавала харчаваньня на 43 мільярды даляраў, большая палова гэтай сумы прыпадае на Эўразьвяз, ЗША, Канаду, Аўстралію ды Японію. Усе гэтыя краіны падпалі пад эмбарга, пастаўкі прадукцыі адтуль забароненыя. Нават у лепшыя гады экспарт харчоў зь Беларусі на расейскі рынак не перавышаў 3 мільярдаў даляраў, а з улікам падвышанага попыту расейскіх спажыўцоў па выніках 2014-га можна прыплюсаваць пару сотняў мільёнаў даляраў — толькі за жнівень прырост склаў 107% у параўнаньні з такім жа пэрыядам летась. Аднак стаць паўнавартаснай заменай страчаным пастаўшчыкам з краінаў Захаду Беларусь ня здольная.

Your browser doesn’t support HTML5

Фэрмэр пра расейскае эмбарга