Чалавек, які ведаў і разумеў больш за іншых

Калектыўны здымак 1997 году – рэдакцыі газэт БДГ і “ІМЯ”. Пётр Марцаў у цэнтры.

У кабінэце Пятра ў рэдакцыі «Белорусской деловой газеты» вісеў вялізны пісаны алеем партрэт Лукашэнкі.

Многіх, хто ўпершыню яго бачыў, гэты партрэт агаломшваў. На ім быў адлюстраваны чалавек, які ці то апантана рагатаў, ці то заходзіўся ад гневу і злосьці. І ўсё гэта пры абсалютным вонкавым падабенстве да арыгіналу...

Памятаю, калі рэдакцыю «БДГ» чарговы раз выпіхвалі з памяшканьня і падчас пераезду гэты партрэт разам зь іншымі рэчамі стаяў на вуліцы, некаторыя мінакі спыняліся і спалохана азіраліся. А адна экзальтаваная цётка нават спрабавала выхапіць яго і зьнесьці, абураючыся, што нехта адважыўся гэтак зьдзекавацца зь кіраўніка дзяржавы...

Гэты глумлівы выраз твару ўсім вядомага пэрсанажу нябачна і нязьменна лунаў і над лёсам Пятра, і над тымі газэтамі, якія ён стварыў і выдаваў. Усе тыя чатыры гады напрыканцы 90-х, калі мы працавалі разам, Пётр вымушаны быў змагацца за выжываньне сваёй справы. Газэты то выганялі з друкарні, то пазбаўлялі права на падпіску, то прысылалі нейкую неверагодную колькасьць правяральшчыкаў... Іншы на ягоным месцы, верагодна, ужо даўно б плюнуў на палітыку і пачаў выдаваць які-небудзь бяскрыўдны апалітычны глянцавы часопіс ды проста зарабляць грошы. Ён быў не такім.

Пётр Марцаў

Памятаю, у красавіку 1996-га, калі на Нямізе, проста пад вокнамі рэдакцыі зьявілася вялізная калёна пратэстоўцаў (гэта былі пратэсты супраць беларуска-расейскага саюзу), мы расчынілі вакно і віталі людзей бел-чырвона-белым сьцягам. Зайшоў Пётр — і агульны ўзьнёслы настрой ахапіў і яго. Хоць ён больш за іншых разумеў, што той сьцяг мог дорага каштаваць газэце (напэўна, і каштаваў, бо з памяшканьня нас неўзабаве выгналі).

Нам усім тады здавалася, што зьмены непазьбежныя і хуткія, што зло і няпраўда ня могуць панаваць так доўга, што людзі ня будуць цярпець падман і крывадушнасьць. Але злавесны выраз твару на партрэце заставаўся нязьменным. І мы нават уявіць не маглі, як доўга гэта будзе працягвацца.

Перада мной калектыўны здымак 1997 году — рэдакцыі газэт БДГ і «ІМЯ». Павал Шарамет, Сьвятлана Калінкіна, Аляксандар Фядута, Віктар Марціновіч... Маладыя, усьмешлівыя, вясёлыя. Яшчэ не было ні турмаў, ні разьвітаньняў, ні сьмерцяў.

А ў цэнтры ён, Пётр Марцаў. Паблажлівы і сумны позірк добрых вачэй. І іранічная ўсьмешка чалавека, які ведаў і разумеў больш за іншых.

___________________________________________

Зьміцер Падбярэскі: «Марцаў вельмі давяраў журналістам і ўхваляў, калі ініцыятыва ішла зьнізу»

Павал Шарамет: «Бог мяне зьбярог, і маім настаўнікам у прафэсіі стаў Пётар Марцаў»

Натальля Радзіна: «Такой залатой каманды ў маім жыцьці больш не было»