Сёньня ў сталіцы Беларусі пройдзе сэмінар «Узаемадзеяньне праваахоўных органаў і СМІ ў Рэспубліцы Беларусь», які ладзіць Бюро Прадстаўніка АБСЭ па пытаньнях свабоды СМІ сумесна з беларускім МЗС.
Зь вітальнымі словамі да ўдзельнікаў сустрэчы маюць зьвярнуцца Прадстаўнік АБСЭ па пытаньнях свабоды СМІ Дуня Міятавіч і намесьніца міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына.
Як паведамляе прэсавая служба БАЖ, гэтай падзеяй распачынаецца афіцыйная праграма візыту ў Беларусь Прадстаўніка АБСЭ па пытаньнях свабоды СМІ Дуні Міятавіч, якая будзе ў Менску 15-16 верасьня. Мэта прыезду — «абмеркаваць пытаньні свабоды СМІ з высокапастаўленымі дзяржаўнымі чыноўнікамі, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці і прадстаўнікамі СМІ».
Міятавіч сустрэнецца з міністрам замежных спраў Беларусі Ўладзімерам Макеем і міністрам інфармацыі Ліліяй Ананіч, а таксама з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці і сродкаў масавай інфармацыі.
Папярэдні візыт Дуні Міятавіч у Менск адбыўся ў чэрвені 2013 года. 5 чэрвеня 2014 года Міятавіч пісала ліст Уладзімеру Макею пра неабходнасьць перагледзець патрабаваньні акрэдытацыі журналістаў.