Юначка: «Так, давяраю, усе кажуць праўду. Я за расейцаў, што яны ня ўмешваюцца, дапамагаюць людзям. Добра, што і да нас людзі прыходзяць — недзе ж ім трэба жыць. Чым зможам — дапаможам. Прэзыдэнт няхай дапамагае таксама».
Юнак: «Беларускім тэлеканалам? Так, давяраю. Давяраю таму, што паказваюць. Бо ў іншых крыніцах інфармацыі тое ж самае пішуць, паказваюць і паведамляюць. Іншага і нельга паказаць».
Спадарыня: «Давяраю тым навінам, якія добрыя. Канечне, дзе тут не паверыць, калі паказваюць, як плачуць дзеці, старыя. Сьлёзы на камэру проста так ніхто выціскаць ня будзе. І калі ім балюча — значыць, гэта праўда».
Юнак: «Я дапускаю, што ёсьць і расейская, і ўкраінская прапаганда. І штосьці сярэдняе паміж гэтым і ёсьць маім меркаваньнем — бліжэй да расейскага».
Спадарыня: «Мяркую, што ня ўсе СМІ дастаткова шчырыя. Але я ўсё ж веру нашаму Першаму беларускаму каналу і заўсёды гляджу навіны».
Спадар сярэдняга веку: «А я беларускае тэлебачаньне асабліва і ня слухаю. Я расейцаў слухаю, што яны кажуць — таму і веру».
Спадарыня маладога веку: «Ня веру БТ. Ня ведаю, чаму, але ня веру. Мы ж там не былі, ня ведаем, што там ёсьць, а паказаць можна ўсё што заўгодна».
Спадар сярэдняга веку: «Я ня вельмі часта гляджу беларускія тэлеканалы. Яны вельмі аднабакова падаюць інфармацыю — з пункту гледжаньня ўладаў і прэзыдэнта. Глядзеў заяву таварыша прэзыдэнта адносна падзеяў ва Ўкраіне, я ня вельмі падтрымліваю гэтую заяву».
Спадарыня маладога веку: «Палітыка — гэта такая справа... Я, калі папраўдзе, нікому ня веру. Мы ж марыянэткі ў гэтай гульні».
Спадар: «Адназначна сказаць не магу. Разумею, што ёсьць пазыцыя расейская і ўкраінская ў гэтым пытаньні. Я больш давяраю расейскай».
Юначка: «Ня веру абсалютна БТ. Гэта прапаганда, якая вядома кім дыктуецца, і зразумела, чыю пазыцыю мы падтрымліваем у гэтым пытаньні. Нават ня ўсім інтэрнэт-рэсурсам давяраю ў гэтым пытаньні і стараюся некалькі паглядзець, каб зразумець, дзе праўда. Расея паказаная як ратавальнік і рыцар на белым кані, а насамрэч гэта ня так. Расея там — адна з асноўных прычын таго, што там адбываецца. Яна стала каталізатарам у спрэчцы розных украінскіх сіл. Зразумела, што Расея шукае там свае нейкія інтарэсы, але яна там не патрэбная была. Тым ня менш Расея ўлезла — і яна ня мае рацыі».