Віктар Статкевіч, бацька палітвязьня, экс-кандыдата на прэзыдэнта Міколы Статкевіча атрымаў абразьлівы ліст з пагрозамі. Жонка палітвязьня Марына Адамовіч плянуе пісаць заяву ў міліцыю. Баранавіцкі праваабаронца Сяргей Гоўша абураны пагрозамі 88-гадоваму бацьку Міколы Статкевіча.
Ананімны ліст з абразамі Віктар Статкевіч знайшоў у сваёй скрыні 8 верасьня, вярнуўшыся дахаты са шпацыру. Невядомыя таксама пачапілі на ручку дзьвярэй гэтак званую «георгіеўскую стужку»:
«Прыйшоў дахаты, бачу — што гэта на ручку накручана... А потым мне прыйшло ў галаву — можа, хто ліст мне пакінуў. Пайшоў — і праўда...»
Ліст з пагрозамі без паштовых штампаў невядомыя ўкінулі Віктару Статкевічу ў скрыню. Замест адрасу адпраўшчыка напісана «Ісьлямская дзяржава Іраку і Леванту». На капэрце ёсьць таксама ісьлямскі лёзунг «Алаг Акбар!». Абразьлівы тэкст на добрую палову складаецца з мацюкоў і пачынаецца словамі «падабаецца каму ці не, але рускі мішка прачнуўся...». Ліст напісаны ад рукі друкаванымі літарамі.
88-гадовы Віктар Статкевіч выказвае меркаваньне, што гэтым лістом спрабуюць узьдзейнічаць на ягонага сына-палітвязьня, які ўвесь час адмаўляецца пісаць на імя Аляксандра Лукашэнкі прашэньне аб памілаваньні:
«Я думаю, што гэта ціск на Мікалая...»
Баранавіцкі праваабаронца Сяргей Гоўша, які наведаў Віктара Статкевіча, выказаў абурэньне:
«Я лічу, што гэты ліст трэба перадаць у міліцыю для расьсьледаваньня. Праўда, ёсьць сумневы, ці яны гэта зробяць... Гэтых людзей можна вылічыць, тым больш што яны падыходзілі да дзьвярэй, замотвалі стужкаю ручку дзьвярэй... Можна шукаць сьведак і гэтак далей... За гэткія абразы людзей трэба ў турму саджаць».
Жонка ўвязьненага Міколы Статкевіча Марына Адамовіч кажа, што не пакіне гэтую справу. Яна паехала ў Баранавічы да Віктара Статкевіча, каб напісаць заяву ў міліцыю.
Мікалай Статкевіч — адзіны з былых кандыдатаў на прэзыдэнта, якога дагэтуль трымаюць за кратамі. Статкевічу прысудзілі 6 гадоў зьняволеньня нібыта за арганізацыю масавых беспарадкаў пасьля выбараў 19 сьнежня 2010 году, вынікі якіх апазыцыя палічыла сфальшаванымі. Утрымліваюць Мікалая Статкевіча ў «крытай» магілёўскай турме. Палітык адмаўляецца падпісваць прашэньне аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі.