Белавіі прадракаюць будучыню галоўнай расейскай авіякампаніі

Функцыю «галоўнага транзытнага міжнароднага аэрапорта Расеі» прадракае Нацыянальнаму аэрапорту «Менск» украінскі палітычны аналітык Віталь Портнікаў. А нацыянальная авіякампанія «Белавія» стане ў такім выпадку галоўным авіяперавозчыкам.

Так можа стацца, калі прэм’ер Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў усё ж закрые расейскае неба для транзыту самалётаў заходніх авіякампаніяў. Пра такую магчымасьць Мядзьведзеў папярэдзіў яшчэ на пачатку жніўня, адразу пасьля ўвядзеньня Расеяй забароны на імпарт заходніх прадуктаў.

Да размоваў пра магчымую забарону прычыніўся і выпадак зь міністрам абароны Расеі Сяргеем Шайгу, самалёту якога забараніла транзыт Польшча і Ўкраіна.

Ігар Чаргінец, намесьнік генэральнага дырэктара кампаніі «Белавія», лічыць, што ні для аэрапортаў, ні для самой «Белавія» закрыцьцё расейскага неба праблемаў ня створыць.

Ігар Чаргінец

«Гэтая сытуацыя, мякка кажучы, ня вельмі добрая, яна кепская, гэтая сытуацыя. Але калі нешта адбудзецца, мы будзем вазіць пасажыраў і дапаможам людзям з гэтых краінаў дабрацца адзін да аднаго.

Апошнія гады мы сапраўды займаемся разьвіцьцём транзыту праз Нацыянальны аэрапорт „Менск“. З Расейскай Фэдэрацыі вялікая колькасьць пасажыраў лятае празь Менск, але і з Украіны мы таксама возім людзей.

Як спэцыяліст у галіне цывільнай авіяцыі я ня бачу ніякіх праблемаў для палётаў у Менск заходніх авіякампаніяў практычна ўсімі паветранымі судамі, якія цяпер вырабляюцца, за выключэньнем, магчыма, толькі „А380“. Астатнія судны ў нас сядаюць. Нават другі па велічыні пасьля „А380“ „Боінг-747“ пэрыядычна лётае ў Менск.

Праблемаў гатоўнасьці нашых аэрапортаў няма».