У Лідзе адмянілі ўрачыстае адкрыцьцё шыльды Кастусю Астрожскаму (ФОТА)

Шыльда ў гонар гетмана Вялікага княства літоўскага Кастуся Астрожскага на сьцяне сьвятога Георгія Пабеданосца ў Лідзе

Урачыстасьць фармальна перанесьлі на 11 верасьня, але ў актывістаў ёсьць сур'ёзныя сумневы, ці гэта ўвогуле адбудзецца.

Прадстаўнікі ўлады запатрабавалі ў сьвятароў праваслаўнае царквы імя сьвятога Георгія Пабеданосца (на будынку якой ўладкавалі памятную шыльду) пісьмовага дазволу ад япіскапа Наваградзкай эпархіі. Сьвятары мелі толькі вуснае блаславеньне япіскапа, а таму падчас набажэнства было аб’яўлена, што ўрачыстае адкрыцьцё шыльды памяці Кастуся Астрожскага адбудзецца 11 верасьня ў дзень ягонай сьмерці.

На сьцяне лідзкай праваслаўнай царквы сьвятога Георгія Пабеданосца ўжо ўсталяваная дошка памяці гетмана Вялікага княства Літоўскага Кастуся Астрожскага. Плянавалася, што адкрыцьцё адбудзецца адразу пасьля набажэнства, але пакуль яна так і засталася закрытай белай тканінай.

Сьвятар падчас набажэнства, калі рабіў аб’яву аб пераносе ўрачыстага адкрыцьця шыльды на 11 верасьня зазначыў, што гетман Канстанцін Астрожскі, шануецца праваслаўнай царквой, паколькі ў ХVІ стагодзьдзі зрабіў вельмі шмат дзеля падтрымкі праваслаўнае веры на беларускіх землях. Зь яго дапамогай было збудавана шмат праваслаўных храмаў, асабліва ў Наваградзкай эпархіі.

Станіслаў Суднік, Ліда

Кіраўнік мясцовай філіі Таварыства беларускай мовы Станіслаў Суднік распавядае, што ідэя ўсталяваньня памятнай шыльды ў Лідзе насьпела даўно ў грамадзян горада і праваслаўнае царквы.

Суднік: «Праваслаўная царква адмыслова праводзіла конкурс на напісаньне сачыненьня сярод моладзі пра знакамітых людзей Беларусі, зь якімі сёлета зьвязаны круглыя даты. Найбольш сачыненьняў было напісана пра Кастуся Астрожскага, хаця пісалі і пра Васіля Быкава, былі сачыненьні і пра Шаўчэнку і іншых. Дык вось благачынны паабяцаў, што на 11 верасьня на ўрачыстае адкрыцьцё шыльды абавязкова запросіць пераможцаў і ўдзельнікаў конкурсу».

Сяргей Трафімчык

Актывіст Сяргей Трафімчык зь Бярозаўкі кажа, што перанос даты адкрыцьця шыльды яго вельмі занепакоіў, паколькі ён узгадвае як шмат высілкаў было зроблена дзеля таго, каб шыльду зрабіць і своечасова ўсталяваць.

Трафімчык: «І грошы зараз сабраць было няпроста, праўда з божай дапамогай сабралі. У асноўным ахвяравалі сябры партыі БНФ, „Руху за Свабоду“, ТБМ, ды і звычайныя грамадзяне таксама. Сам выраб шыльды таксама няпроста даўся: і адліўка барыльефа і падрыхтоўка — усё скончылася літаральна ўчора. Ну вось так атрымалася, што зрабіць пасьпелі, усталявалі, а з афіцыйным адкрыцьцём узьніклі праблемы. Хочацца верыць, што ўсё будзе добра і шыльду ня стануць дэмантаваць, бо муравалася на вякі. І калі захочуць гэта зрабіць, то адназначна яе паломяць».

У Ліду сёньня з нагоды адкрыцьця шыльду ў памяць Кастуся Астрожскага прыехаў вядомы беларускі бард Андрэй Мельнікаў. Яго настрой таксама сапсаваўся пасьля таго, як аб’явілі, што ўрачыстае адкрыцьцё шыльды пераносіцца.

Андрэй Мельнікаў

Мельнікаў: «Мне прыемна і ні ў якіх адносінах тут ня сорамна за праваслаўную царкву, бо яны памятаюць, што Наваградзкая эпархія ў нашай гісторыі была адна з уплывовых эпархій, тут сядзеў мітрапаліт Наваградзкай эпархіі. І ўсё гэта тут адчуваецца. Я, канешне, вельмі шкадую, што перанесьлі дату адкрыцьця шыльды, і наагул ёсьць сумнеў, ці дастаіць яна да прызначанай даты, бо, як вядома, вандалаў у нас хапае...»