Гэта цяпер аднаасобнымі гаспадарамі байкальскіх нетраў лічацца расейцы, а нейкія тры стагодзьдзі таму на бяскрайняй тэрыторыі ўладарыў сапраўдны інтэрнацыянал. Праўда, ад тых гаспадароў тайгі да сёньня ў адноснай бясьпецы захаваліся хіба што бураты, іншых прагрэс выкошвае пад корань. Зрэшты, ня столькі тэхнічная рэвалюцыя таму прычынай, колькі дрэнныя звычкі, прынесеныя першапраходцамі зь «вялікай зямлі». Найперш «зялёны зьмій» паскорыў працэс выміраньня прадстаўнікоў карэнных народаў, якія з прычыны фізіялягічных адметнасьцяў арганізму ня могуць піць нароўні з прызнаным чэмпіёнам у гэтай справе — рускім чалавекам.
На колішняй тэрыторыі расьсяленьня абарыгенаў, якую цяпер займае Іркуцкая вобласьць, пражывае 2,5 мільёна чалавек. Калі кіравацца перапісам 2010 году, абсалютная бальшыня — расейцы (амаль 2,2 мільёны). А вось спрадвечныя жыхары ўжо вымяраюцца долямі працэнтаў. Так, тафалараў засталося менш за 700 чалавек, хоць яшчэ 10 гадоў таму іх колькасьць набліжалася да тысячы, эвенкаў — 1200, спад за той жа пэрыяд ад паўтары тысячы. На гэтым тле «магутнай кучкай» выглядаюць бураты, якіх назьбіралася больш за 70 тысяч. Варта аддаць ім належнае: нягледзячы на шматвяковую палітыку русыфікацыі і растварэньня ў безаблічнай масе, бураты захавалі мову, культуру, традыцыі.
А вось за веру, выглядае, давядзецца яшчэ пазмагацца. Практычна на 100% бураты Прыбайкальля — шаманісты. Шанаваньне духаў продкаў, ахвяраваньні вышэйшым апекунам, пакланеньне сілам прыроды ды іншыя звычаі застаюцца нязьменнымі цягам стагодзьдзяў. Зразумела, што ва ўмовах сучасных тэхналёгій яны маюць збольшага рытуальнае значэньне, але ня меней важнае, чым некалькі стагодзьдзяў таму. Шаманісты спадзяюцца, што як некалі ўдалося супрацьстаяць гвалтоўнаму насаджэньню праваслаўя, а пасьля і ваяўнічаму атэізму, так і цяпер удасца захаваць адметнасьць пад напорам экспансіі з Забайкальля. Тамтэйшыя кроўныя браты пад моцным мангольскім уплывам у масе сваёй вызнаюць будызм.
Нефармальная сталіца прыбайкальскіх буратаў — Усьць-Арда. І калі на ўезьдзе ў аднайменную акругу сустракае каменны вершнік, абвязаны каляровымі стужкамі, то горад пачынаецца з навюткага дацану. Дарэчы, яшчэ нейкі час таму на гэтым месцы меркавалася арганізаваць цэнтар шаманізму. Мясцовыя бураты будоўлю дацану называюць «несяброўскім крокам», хоць і падкрэсьліваюць, што шаманізм талерантны да ўсіх рэлігіяў.
Адрозна ад будысцкіх храмаў у Манголіі, вернікаў у будынку практычна няма, але ламы пад барабанны бой бесьперапынна прагаворваюць мантры. Жорсткага кантролю за фота-відэаздымкамі няма, таму ўдалося зафіксаваць, як адбываецца служба.
Your browser doesn’t support HTML5
На тэрыторыі Усьць-Ардынскай бурацкай аўтаномнай акругі ў складзе Іркуцкай вобласьці, апроч абарыгенаў, дагэтуль багата беларусаў — прынамсі нашчадкаў тых, хто з розных прычынаў сюды трапіў. На пачатку ХХ стагодзьдзя на колішніх бурацкіх землях атабарыліся тысячы беларускіх добраахвотнікаў, якія паехалі скараць Сыбір. Закладаліся цэлыя вёскі, якія на тле традыцыйнай мясцовай архітэктуры захоўвалі непаўторнае аблічча Бацькаўшчыны. Сулкет, Алкіт, Бурук, Ахіны, Тургенеўка (ад імя мясцовага бурата Тургена) — гэтыя назвы беларускіх паселішчаў выглядаюць данінай павагі мясцовым жыхарам, якія, можа і без асаблівага імпэту, але «пасунуліся», даўшы магчымасьць беларусам апрацоўваць тутэйшую зямлю.
Колішнія традыцыі працягваюць цяперашнія пакаленьні. У сярэдзіне 1990-х падвысіць інтарэс да геннай памяці дапамог землякам Алег Рудакоў — нараджэнец Полаччыны, які ня змог працягваць армейскую службу і застаўся ў Іркуцку абуджаць беларусаў. Летась на чале заснаванага ім Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Чэрскага стала Алена Сіпакова. Пад яе кіраўніцтвам прайшло некалькі традыцыйных імпрэзаў, і яна разьлічвае зацікавіць аднадумцаў новымі праектамі. Сам Рудакоў спадзяецца, што знойдзе сябе ў іншых галінах, якія таксама будуць спрыяць нацыянальнаму адраджэньню за 6 тысяч кілямэтраў ад мэтраполіі. Цяпер ягоная дзейнасьць засяроджаная на моладзевым клюбе «Крывічы» і майстэрні «Беларуская хата».
Зрэшты, беларускі сьлед ва Ўсходняй Сыбіры прасочваецца нашмат раней за ХХ стагодзьдзе. Пасьля 1863 году, калі на землях, якія ўваходзілі ў склад Расейскай імпэрыі, выбухнула вызвольнае паўстаньне, прыблізна 20 тысяч удзельнікаў супраціву апынуліся на высылцы. Больш за 12 тысяч зь іх былі нараджэнцамі тагачасных беларускіх і літоўскіх губэрняў; наступныя гады і нават дзесяцігодзьдзі многія зь іх правялі менавіта ў Іркуцку і яго навакольлі. Прызнаны факт, што сярод пакараных Сібір’ю былі беларусы, якія навечна пакінулі свой сьлед у гісторыі гэтага краю.
Нараджэнец Віцебскай губэрні Ян Чэрскі — адзін з самых вядомых дасьледчыкаў геалягічнай будовы Байкалу. Дарэчы, падчас побыту ў Іркуцку пашчасьціла жыць на вуліцы, суседняй з Чэрскага, хоць ягонае імя вартае таго, каб упрыгожваць нашмат больш годнае месца. Нараджэнец Меншчыны Бэнэдыкт Дыбоўскі — біёляг, які адкрыў мноства відаў жывых арганізмаў, раней навуцы невядомых, першым вымераў глыбіню Байкала. Яшчэ адзін выхадзец зь Віцебшчыны — прафэсійны археоляг Мікалай Віткоўскі. Ён знайшоў пахаваньні эпохі нэаліту на тэрыторыі Сыбіры, абвергшы меркаваньне пра яе незаселенасьць у каменным веку. Ня меншыя заслугі перад навукай маюць батанікі Фэлікс Зянковіч і Канстанцін Жэброўскі — нараджэнцы Гарадзенскай і Віцебскай губэрняў адпаведна.
Іркуцк, апроч розных гаспадарчых функцыяў, выконвае і ролю галоўных варотаў на Байкал. Звычайна сюды ляцяць зь «вялікай зямлі» самалётамі ці дабіраюцца чыгункай, а ўжо потым цеплаходамі, цягнікамі, маршрутнымі таксоўкамі плывуць і едуць да «слаўнага мора». Зрэшты, геаграфічная блізкасьць — яшчэ не падстава казаць, што мясцовыя «памяшаныя» на Байкале. У прыватных гутарках давялося чуць, што большая частка выяжджае ў лепшым выпадку раз на год, пры гэтым тых, хто асьмеліўся акунуцца ў бадзёра-празрыстую ваду, амаль няма. Тых жа, хто пабываў у фантастычнай па прыгажосьці бухце Пясчаная, за два тыдні я так і не сустрэў. Здараюцца і поўныя цуды: адна жанчына без асаблівага хваляваньня сказала, што за 30 гадоў, як жыве ў Іркуцку, на Байкале не была ні разу.
За 350 гадоў існаваньня, што для сыбірскага гораду тэрмін ледзь не максымальны, Іркуцк увабраў у сябе розныя архітэктурныя стылі, але збольшага так і ня ўзьнёсься вышэй за правінцыйны горад. Хоць былі старонкі адметныя. Гэта быў буйны вузел па сухапутным маршруце з Эўропы ў Кітай. Помнік Аляксандру ІІІ сьведчыць, што прамысловы ўздым царскай Расеі спрычыніўся да адкрыцьця тут буйных банкаў і мануфактураў, а будоўля Сыбірскай чыгункі адкрывала пэрспэктывы гандлёвага супрацоўніцтва Эўропы з Азіяй. Аднак бальшавіцкія хваляваньні перакрэсьлілі ўсе задумы. Апошняй гістарычнай асобай, якая спрабавала ўратаваць Іркуцк, а зь ім і ўсю Расею, быў белы генэрал Калчак. Але ў 1920-м на загад Іркуцкага ваенна-рэвалюцыйнага камітэту яго разам зь іншымі аднадумцамі расстралялі.
Амаль праз 100 гадоў у Іркуцку зноў неспакойна. На вуліцах нявызначаныя актывісты пад сьцягамі самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі» зьбіраюць грошы на падтрымку «Новороссии». Каляровыя плякаты кажуць, што гэта павінна стрымаць распаўзаньне «нэафашызму», хоць самі зьбіральнікі патлумачыць, хто канкрэтна мае патрэбу ў фінансаваньні і што там увогуле робяць расейцы, так і ня здолелі. У лепшым выпадку адказы як пад капірку сьпісаныя з прамоваў прапагандыста Кісялёва. Але той факт, што пікеты абстаўленыя з ідэалягічнай помпай, не выклікае сумневу: Наваросію ратуюць на дзяржаўным узроўні. Вось толькі ад каго? Ці не ад такіх абалваненых элемэнтаў, якія, наглядзеўшыся тэлевізійных страшылак, падзялілі сьвет на «бедных рускіх» і «хахлоў-крывасмокаў»?