«Спрабуюць адгрызьці Данбас, як адгрызьлі Крым», — апытаньне ў Магілёве

Your browser doesn’t support HTML5

«Спрабуюць адгрызьці Данбас, як адгрызьлі Крым», — апытаньне ў Магілёве


Спадар: «Я проста перакананы, што не адбудзецца такога, як з Крымам, поўнага аддзяленьня. Будзе нешта накшталт фэдэралізацыі».

Малады спадар: «Так, застанецца. Калі Данбас пяройдзе да Расеі, то пачнецца вайна. Прычым вайна пачнецца ня толькі між Украінай і Расеяй. Эўразьвяз будзе ў яе ўцягнуты і Амэрыка. Я ня думаю, што Расея гатовая весьці вайну з усімі гэтымі дзяржавамі».

Спадар: «І Крым таксама застанецца ў складзе Ўкраіны. Праўда, яны атрымаюць нейкія дадатковыя правы. Пазыцыя Пуціна слабая. Пазыцыя нашага прэзыдэнта моцная. І гэта дужа вялікі плюс, што ён здолеў іх зацягнуць сюды, каб яны тут пагаварылі».

Спадар: «Думаю, што не. У іх дужа вялікі канфлікт узьнік там. Каб яго неяк згладзіць, спатрэбіцца дужа шмат часу. Розны мэнталітэт ва ўсходняй Украіны і заходняй. А заходняя цяпер вызначае палітыку Ўкраіны ў цэлым».

Спадар: «Я спадзяюся. Гэта ж іхная тэрыторыя, а не расейская нейкая. Якія могуць быць яшчэ падставы? Там моцная пазыцыя Расеі, ня больш за тое. Спрабуюць адгрызьці Данбас, як адгрызьлі Крым».

Спадар сталага веку: «Я наагул не ўяўляю, чым гэта ўсё скончыцца. Супрацьстаяньне дужа моцнае. Данбас кажа, што ваюе за сваю зямлю, а Ўкраіна — што гэта ейная тэрыторыя».

Спадар: «Ён павінен заставацца ў складзе Ўкраіны, але на правах сувэрэнітэту. Ваенныя дзеяньні проста скончацца на карысьць Данбасу».

Спадар: «Ён застанецца пад пратэктаратам Расеі. Ногі ж у іх растуць адтуль. Дапамогі ім браць няма адкуль. Калі Ўкраіна ня зробіць нечага накшталт фэдэралізацыі, то яны, можа, і пойдуць на захаваньне цэласнасьці краіны».

Спадар: «Прагнозы могуць быць самыя розныя. Непасрэдны ўдзел расейскіх уладаў у гэтым канфлікце. Ён не ўнутрыўкраінскі — ён падобны да агрэсіі расейскага боку. Разбураная ўся інфраструктура гэтага рэгіёну, ня дзейнічае прамысловасьць. Можа быць страчанае цэлае пакаленьне людзей, якія вырасьлі сярод вайны».

Спадар: «Пуцін не дазволіць гэтага. Калі Пуцін пакіне Данбас, то зразумела, што на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі будуць прысутнічаць войскі НАТО. Расейская Фэдэрацыя ў гэтым не зацікаўленая».

Спадарыня сталага веку: «Хочацца верыць у гэта. Праўда павінна перамагчы. Жаданьні павінны споўніцца сапраўдных украінцаў».