Як запаліць люльку міру

Як і прагназавалася, сэнсацыі на перамовах у Менску не адбылося. Калі не лічыць сэнсацыяй сам факт правядзеньня такога саміту, сустрэчы сам-насам Пуціна і Парашэнкі, Лукашэнкі і Эштан.

Якраз напярэдадні менскага саміту сэпаратысты на ўсходзе Ўкраіны перайшлі ў наступ. Што павінна было ўзмацніць пазыцыі Пуціна.

Таксама перад сустрэчай у Менску адбыўся візыт у Кіеў канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель. Гэта была дэманстратыўная падтрымка Ўкраіны, што, паводле вонкавай лёгікі, павінна было даць дадатковыя і моцныя карты Парашэнку. Але тут ёсьць адзін нюанс. Мэркель настойліва падштурхоўвала афіцыйны Кіеў да мірнага вырашэньня канфлікту на ўсходзе Ўкраіны, то бок — да кампрамісу і саступак.

Таму расклад перад перамовамі ў Менску быў такі. Пуціна задавальняе сытуацыя захаваньня статус-кво на ўсходзе Ўкраіны, ён можа пачакаць. А Парашэнку, наадварот, трэба ў максымальна кароткія тэрміны нэўтралізаваць нейкім чынам гэты ваенны ачаг. Бо цісьне і эканоміка, і Эўропа, дый салдацкія маці.

Пры такіх падыходах дасягнуць нейкага кампрамісу па галоўным пытаньні было немагчыма. Люлька міру не запальваецца

Розныя зыходныя пазыцыі абумовілі і розную тактыку кіраўнікоў Украіны і Расеі. Парашэнка перад самітам усяляк падкрэсьліваў, што ён едзе ў Менск дамаўляцца пра мір на ўкраінскім усходзе. І падчас саміх перамоваў ён падкрэсьліваў, што галоўнае пытаньне — гэта ўсталяваць кантроль за расейска-ўкраінскай мяжой. Па выніках жа сустрэчы з Пуціным прэзыдэнт Украіны адзначыў, што яны абмяркоўвалі пытаньне закрыцьця мяжы, дамовіліся пра кансультацыі начальнікаў генэральных штабоў дзьвюх краін, кантактная група будзе абмяркоўваць спыненьне агню на ўкраінскім усходзе. То бок гэта была дэманстрацыя курсу на замірэньне.

Пуцін жа, наадварот, выразна паказваў, што тэма ўрэгуляваньня ваеннага канфлікту яго не цікавіць. Падчас перамоваў ён адмыслова сканцэнтраваў свой выступ на гандлёвых праблемах паміж краінамі Мытнага зьвязу і Ўкраінай у зьвязку з падпісанай Кіевам дамовай аб асацыяцыі з ЭЗ. Камэнтуючы вынікі сустрэчы з Парашэнкам, Пуцін заявіў, што яны не абмяркоўвалі прадметна ўмовы спыненьня агню на ўкраінскім усходзе, бо гэта, маўляў, унутраныя справы Ўкраіны, Масква да іх ня мае ніякага дачыненьня.

Зразумела, што пры такіх падыходах дасягнуць нейкага кампрамісу па галоўным пытаньні было немагчыма. Люлька міру не запальваецца.

Спадзявацца на тое, што за дзьве гадзіны прэзыдэнты Расеі і Ўкраіны дамовяцца пра мір, было б вялікай наіўнасьцю

Перад пачаткам саміту я, прагназуючы яго магчымыя вынікі, адзначаў, што выдатным плёнам сустрэчы ў Менску і вялікім прагрэсам было б стварэньне, так бы мовіць, інфраструктуры перамоўнага працэсу. То бок фармаваньне нейкіх экспэртных, працоўных групаў па розных пытаньнях, якія б працягвалі працу ў Беларусі.

І калі ацэньваць саміт з гэтага гледзішча, то яго нельга назваць безвыніковым, як некаторыя сьцьвярджаюць. Бо спадзявацца на тое, што за дзьве гадзіны прэзыдэнты Расеі і Ўкраіны дамовяцца пра мір, было б вялікай наіўнасьцю.

У выніку Менскага саміту дасягнута дамоўленасьць, што ствараецца рабочая група па гандлёвых пытаньнях. 6 верасьня адбудуцца перамовы па энэргетычных пытаньнях з удзелам міністраў паліва і энэргетыкі Ўкраіны, Расеі і ЭЗ. Затым працягнуцца паседжаньні трохбаковай кантактнай групы (РФ — Украіна — АБСЭ) па гуманітарных пытаньнях ваеннага канфлікту. І анансаваныя кансультацыі начальнікаў генэральных штабоў. Зусім нямала для першага разу.

І, як можна зразумець, усе гэтыя перамовы пройдуць у Беларусі. То бок беларуская сталіца пэўны час будзе заставацца ў цэнтры ўвагі ўсясьветных мэдыяў. З усімі станоўчымі наступствамі для іміджу краіны і яе кіраўніцтва. Лукашэнка працягвае атрымліваць дывідэнды ад сваіх міратворчых высілкаў. Толькі незразумела, гэта дывідэнды міру ці дывідэнды вайны.

27.08.2014 г.