Станіслаў Бялкоўскі: «Пуцін узяў курс на зьнішчэньне Ўкраіны»

Станіслаў Бялкоўскі

Уладзімер Пуцін правакуе Пятра Парашэнку адмовіцца ад заўтрашняй сустрэчы ў Менску, — сьцьвярджае расейскі палітоляг Станіслаў Бялкоўскі.

У Менску ня будзе аніводнага лідэра, якога расейскі прэзыдэнт лічыў бы роўным сабе, улучна зь Пятром Парашэнкам, якога Пуцін лічыць амэрыканскай марыянэткай, мяркуе экспэрт.

На 26 жніўня ў Менску заплянаваная перамовы ў фармаце «Ўкраіна — ЭЗ — Мытны зьвяз», у якіх возьмуць удзел лідэры краінаў і высокія прадстаўнікі Эўрапейскага зьвязу. Праграма перамоваў дагэтуль не вядомая, аднак чакаецца, што пытаньне ўкраінскага крызісу будзе абмяркоўвацца ўсебакова.

Радыё Свабода запытала ў Станіслава Бялкоўскага, чаго чакаць ад заўтрашняй сустрэчы ў Менску.

Аляксандра Дынько: Спадар Станіслаў, сытуацыя мяняецца з кожнай хвілінай. Літаральна некалькі гадзін таму зьявілася інфармацыя пра ўварваньне калёны расейскай бранятэхнікі на тэрыторыю Ўкраіны. На фоне такіх падзеяў ці чакаць заўтра ў Менску сустрэчы лідэраў дзяржаваў?

Станіслаў Бялкоўскі: Пакуль няясна, ці адбудзецца заўтра сустрэча ў Менску Ўладзімера Пуціна зь Пятром Парашэнкам. Для мяне ад пачатку было відавочна, што ніякага аптымізму гэтая сустрэча не выклікае. Уладзімер Пуцін пагадзіўся на яе, каб не ствараць чарговай фармальнай падставы абвінавачваць яго ў недамоваздольнасьці і нежаданьні шукаць шляхоў урэгуляваньня ўкраінскага крызісу.

Але ў Менску ня будзе аніводнага лідэра, якога Пуцін лічыў бы роўным сабе і годным абмяркоўваць лёс Украіны. Калі б там былі Барак Абама ці Ангела Мэркель, тады б Пуцін мог разгарнуцца ва ўсёй сваёй красе і паўнаце.

Я ня думаю, што ён сапраўды хоча абмяркоўваць лёс Украіны зь Пятром Парашэнкам, якога ён лічыць амэрыканскай марыянэткай. І не выпадкова Пуцін учора не накіраваў Парашэнку віншаваньняў з Днём незалежнасьці Ўкраіны.

Эскаляцыя баявых дзеяньняў з удзелам расейскай вайсковай тэхнікі напярэдадні сустрэчы ўжо сьведчыць пра тое, зь якім настроем Пуцін хоча прыбыць у Менск.

Я не выключаю, што Ўладзімер Пуцін адмыслова спрыяў нагнятаньню напружанасьці ў Луганскай і Данецкай абласьцях. У прыватнасьці, контранаступу сэпаратыстаў і перакіданьню туды дадатковай тэхнікі, каб справакаваць адмову Пятра Парашэнкі ад сустрэчы. Гэтая адмова была б аптымальным для Пуціна выхадам з заўтрашняй сытуацыі.

АД: Досыць супярэчлівыя вынікі даў візыт Ангелы Мэркель у Кіеў. Паабяцалі 500 млн эўра на аднаўленьне Данбасу, а ў той жа час віцэ-канцлер Нямеччыны Зыгмар Габрыэль выказаўся за фэдэралізацыю Ўкраіны. Пасьля гэтага сьпіс патрабаваньняў Крамля да Ўкраіны, які раней негалосна фігураваў як «плян Пуціна», усё гучней сталі называць плянам «Пуціна-Мэркель». Ці можа быць так, што насамрэч перамовы паміж Крамлём і канцылярыяй Мэркель ужо вядуцца, і калі так, то якога кшталту дамоўленасьці могуць паміж імі быць?

СБ: Што тычыцца «пляну Пуціна-Мэркель», то, на мой погляд, яго не існуе. Я ня веру ў гэтую міталёгію. Актыўныя кансультацыі маглі весьціся да падзеньня малайзійскага «Боінга», але не пасьля яго.

Ідэі, якія былі агучаныя Ангелай Мэркель у Кіеве 23 жніўня, не зьмяшчаюць у сабе нічога новага. Гаворка ідзе пра тыя захады, якія ўжо і так зробленыя ці робяцца ва Ўкраіне. У прыватнасьці, пра наданьне расейскай мове афіцыйнага статусу на рэгіянальным узроўні. Уласна, закон, які прадугледжвае гэты статус, так званы закон Калесьнічэнкі-Ківалава, дзейнічае, яго ніхто не адмяняў. Што тычыцца дэцэнтралізацыі, то адпаведныя папраўкі да Канстытуцыі Ўкраіны прэзыдэнт Парашэнка ўжо ўнёс у парлямэнт. То бок не прапаноўваецца нічога такога, чаго б украінскія ўлады ўжо не рабілі.

Візыт Мэркель у Кіеў не паказаў, што ёсьць нейкі сакрэтны пакт Бэрліна і Масквы, у межах якога лёс Украіны будзе вырашацца за сьпінай гэтай дзяржавы. Ён паказаў яшчэ раз (а гэта таксама ніякая не навіна), што Эўропа не зьбіраецца ўвязвацца ў вялікую вайну і ваяваць за Ўкраіну.

АД: Ці вы маеце на ўвазе, што Пуцін насамрэч ні з кім не жадае дамаўляцца і будзе настойваць на сваіх патрабаваньнях, якія ўключаюць аўтаномію Данбасу, няўступ Украіны ў НАТО, дамоўленасьці з новай уладай пра газ ды іншае?

СБ: Уладзімер Пуцін хоча дамаўляцца ў першую чаргу з Баракам Абамам, у другую — з Ангелай Мэркель. У самым скрайнім выпадку — з Франсуа Аляндам. Але заходнія лідэры не гатовыя да такіх дамоўленасьцяў, бо адсутнічае іх папярэдні сцэнар. Уласна, ніякія перамовы паміж Пуціным і заходнімі лідэрамі ня могуць пачацца без абмеркаваньня пытаньня пра статус Крыму. А гэтае пытаньне Пуцін абмяркоўваць не зьбіраецца.

Апроч таго, Захад па-ранейшаму ня хоча прызнаваць Пуціна легітымным суб’ектам перамоваў пра будучыню Ўкраіны ў цэлым. Бо абсалютна няясна, чаму гэтае пытаньне павінен вырашаць Пуцін. Пуцін лічыць акурат наадварот: што ён суб’ект такіх перамоваў, што будучыню Ўкраіны ў значнай ступені павінен вырашаць ён.

І тут мы бачым канцэптуальны клінч, які пакуль не пераадолены.

Аднак Пуцін абсалютна відавочна ўзяў курс на зьнішчэньне Ўкраіны, як шляхам эскаляцыі ваеннага канфлікту і ўсё большай падтрымкі сэпаратыстаў у Данецкім і Луганскім рэгіёнах, так і шляхам стварэньня Ўкраіне дадатковых эканамічных цяжкасьцяў. Ён лічыць, што сукупныя праблемы, зь якімі сутыкнецца Ўкраіна да зімы ці да вясны, так ці інакш прымусяць Кіеў пайсьці на перамовы на пуцінскіх умовах. Хоць гэтыя перамовы будуць весьціся не наўпрост зь Пятром Парашэнкам, а, у разуменьні Пуціна, з заходнімі лідэрамі, якія мусяць даць пэўныя гарантыі за Кіеў.

АД: І якая, у вашым разуменьні, канчатковая мэта ягоных дзеяньняў?

СБ: Пуцін дамагаецца вялікай зьнешнепалітычнай перамогі на Ўкраіне. Прычым трэба разумець, што Ўкраіна для яго — не паўнавартасная прастора, а нагода для размовы з Захадам пра яго, Уладзімера Пуціна, ролю і месца ў сучаснай гісторыі і адзіным падручніку гісторыі. Ён па-ранейшаму лічыць, што ён зможа дабіцца фэдэралізацыі Ўкраіны, падвышэньня статусу расейскай мовы, цьвёрдых і выразных гарантыяў пазаблёкавага статусу гэтай краіны.

Але для таго каб урэшце прымусіць заходніх контрагентаў пайсьці на перамовы, трэба спачатку ўсё сапсаваць. Напрыклад, завесьці сытуацыю ва Ўкраіне максымальна ў тупік, чым ён цяпер і займаецца.

Ён хоча даць зразумець: калі вы, паважаныя заходнія лідэры, ня хочаце весьці са мной перамовы пра лёс Украіны, не прызнаяце мяне паўнавартасным суб’ектам такіх перамоваў, то я зраблю Ўкраіне такія праблемы, што вы будзеце вымушаныя на гэтыя перамовы пайсьці.