З-за кратаў Мікалай Статкевіч прапанаваў абраць адзіным кандыдатам на прэзыдэнта ад дэмакратычных сілаў былога ці цяперашняга палітвязьня.
Гэта — спроба паламаць выбарчы сцанар уладаў, ці прыцягненьне ўвагі да праблемы палітвязьняў? Мэтафарычна ёмісты выклік, ці ўласная амбіцыя былога кандыдата на прэзыдэнта?
Ці можа паўплываць сам статус палітвязьня на выбар электарату ў Беларусі? І ці разумеюць у бальшыні сваёй беларусы, хто такія палітвязьні? Ці ёсьць у іх пачуцьцё спачуваньня тым, хто пакутуе за ідэю? І ўвогуле — той комплекс пачуцьцяў, усьведамленьняў, якія дазволілі б зрабіць сьвядомы і правільны выбар?
У дыскусіі бяруць удзел былы палітвязень, палітык Павал Севярынец і журналісты Свабоды Ганна Соўсь і Сяргей Навумчык. Вядзе перадачу Вячаслаў Ракіцкі.
Фрагмэнты дыскусіі
Ганна Соўсь: Як паказалі ўсе папярэднія прэзыдэнцкія выбары, усе легальныя працэдуры рэгістрацыі, выбарчай кампаніі, агітацыі і гэтак далей ня маюць вялікага сэнсу. Выбараў усё роўна няма, і людзі ўсьведамляюць, што іх галасы ня лічаць. І цяпер ужо аналітыкі сыходзяцца на тым, што і Плошча ня можа быць выніковай. Таму нестандартны, нечаканы крок мог бы быць больш выніковым, бо гуляючы паводле правілаў ЦВК, перамагчы немагчыма. Трэба ўсталяваць свае правілы і гуляць на сваім полі. Другі момант — маральны. Палітвязень, былы ці цяперашні, — маральны аўтарытэт, годны і мужны чалавек, пакутнік, гатовы ахвяраваць сабой за ідэю, які не напісаў прашэньня аб памілаваньні і вытрымае любы ціск. І трэці момант. Тут я працытую Алеся Бяляцкага: «Тое, што палітычныя лідэры сядзелі і сядзяць, і той жа Мікола Статкевіч працягвае заставацца за кратамі, гэта безумоўна іхні моцны капітал у грамадзкай дзейнасьці, бо калі чалавек прайшоў праз гэтыя выпрабаваньні, то да такога чалавека ёсьць і давер у грамадзтве».
Вячаслаў Ракіцкі: Ці дадае палітычнага капіталу знаходжаньне за кратамі?
Сяргей Навумчык: На гэтае пытаньне, здавалася б, трэба адказаць — «Так, павінна дадаваць». Але вось Вы кажаце пра палітычны капітал, Ганна — пра маральнае права казала раней. Мы, відаць, павінны гаварыць у цэлым пра сытуацыю ў апазыцыі і, шырэй, у беларускім грамадзтве. А як так атрымалася, што людзі, якія, здавалася б, павінны мець ці маюць палітычны, маральны капітал, сыходзяць з палітыкі? Пачалося якраз не з палітвязьняў. Прыгадаем дэпутатаў Апазыцыі БНФ, якія дамагліся незалежнасьці Беларусі, якія пяць з паловай гадоў сваёй сыстэмнай дзейнасьцю пацьвердзілі маральнае права (ніхто не зламаўся, яны ўдзельнічалі і ў галадоўцы таксама) і быць у палітыцы, і кіраваць гэтай краінай. Тым ня менш, практычна ўсе яны — выціснутыя на маргінэз. Як так атрымалася? Можна доўга казаць, але тут і 1999-ы год (раскол Беларускага Народнага Фронту), тут і 2001-ы год, калі быў абраны адзіным кандыдатам былы сябра бюро ЦК КПБ. Вячаслаў, каб мне ў 91-ым годзе сказалі, што мае колішнія паплечнікі па Народным Фронце прагаласуюць за сябра ЦК КПБ, я падумаў бы, што гэта дурны жарт. Тым ня менш, атрымалася так. І на жаль, на вялікі жаль, я мушу сказаць прыкрую рэч, што і некаторыя будучыя палітвязьні ўзялі ў гэтым удзел. І ў выніку на сёньняшні дзень мы маем сытуацыю, калі ні палітычны досьвед, ці маральны аўтарытэт, ці вопыт заканадаўчай дзейнасьці, ня маюць ніякага значэньня. А мае значэньне набліжанасьць да фінансавых спонсараў, і з Захаду, і з Усходу, і аднекуль яшчэ. Гэта сапраўды ненармальная сытуацыя.
Ракіцкі: Павал, ці пагадзіліся б Вы, як былы палітвязень, удзельнічаць у выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі ў якасьці адзінага кандыдата?
Павал Севярынец: Зараз — не. Паводле судзімасьці, якая ў мяне будзе яшчэ два гады, я не магу балятавацца. А калі казаць пра ўнутранае адчуваньне, дык няма ў мяне адчуваньня пакліканьня такога. Я чалавек веруючы, перад тым, як прымаць рашэньне, малюся. Такога пакліканьня ў мяне зараз няма.
Ракіцкі: А як Вы лічыце, чаму многія палітвязьні, пасьля турмы (а на іх ускладвалі вельмі вялікія надзеі, што яны будуць працягваць удзел у палітычнай барацьбе) адышлі ад палітыкі? Ва ўсялякім разе, з актыўнай палітыкі?
Севярынец: Адна з прычынаў — гэта тое, пра што казаў спадар Сяргей, —палітыка ў нас апошнім часам сапраўды шмат вызначаецца не асабістымі, ці маральнымі якасьцямі, а набліжанасьцю да фінансавых патокаў. Гэта кепска. Рэальнасьць, на жаль, такая, і многія маральныя людзі, паглядзеўшы на сёньняшні стан дэмакратычнай апазыцыі, выбіраюць адыход у бок і дачакацца лепшага часу, калі маральнасьць, праўдзівасьць у палітыцы будуць цаніцца болей, чым магчымасьць заплаціць структурам за подпісы, ці за працу.