Беларускі холдынг БАТЭ фактычна сышоў з рынку расейскага «АвтоВАЗа», — заявіў сёньня першы віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Ўладзімер Сямашка на сустрэчы з прэзыдэнтам гэтага расейскага канглямэрату Бу Андэрсанам.
У пацьверджаньне сваіх словаў першы намесьнік старшыні ўраду прывёў наступныя лічбы: калі ў 2012 годзе пастаўкі камплектуючых складалі 5,5 мільёна даляраў, то летась — толькі 550 тысяч, а сёлета і таго меней, — паведамляе прэсавая служба ўраду Беларусі.
Расейская дэлегацыя адзначыла, што барысаўскія стартэры і генэратары канкурэнтаздольныя на расейскім рынку. Аднак, на думку расейцаў, на БАТЭ «патрэбна вялікая праца па паляпшэньні вытворчых працэсаў».
Эканаміст Леў Марголін, які жыве ў Барысаве, кажа, што непрыемнасьці холдынгу БАТЭ наўпрост зьвязаныя з кітайскай экспансіяй на расейскім рынку вытворчасьці аўтамабіляў:
«У БАТЭ ўваходзяць тры барысаўскія прадпрыемствы і яшчэ шэсьць зь іншых гарадоў Беларусі. Холдынг выпускае дастаткова якасную і канкурэнтаздольную прадукцыю. Таму на першым часе яна пасьпяхова ішла ў Расею.
Але ўсё рэзка зьмянілася пасьля таго, як на расейскі аўтамабільны рынак увайшлі кітайцы. Яны даюць тыя ж стартэры і генэратары прыкладна такой жа якасьці, але значна таньнейшыя. Зразумела, што расейцы пераарыентаваліся на кітайскія дэталі. Ім гэта элемэнтарна выгадней.
Я, канечне, ня ведаю канкрэтных цэнаў. Але агульная сытуацыя мне зразумелая праз прыклад яшчэ аднаго барысаўскага заводу — „Аўтагідраўзмацняльнік“, які таксама ўваходзіць у БАТЭ. Яшчэ нядаўна тут працавалі ў чатыры зьмены, без выходных, настолькі патрэбныя былі ў Расеі барысаўскія аўтадэталі. І пры гэтым заробкі на прадпрыемстве складалі ўсяго тры мільёны рублёў. Так, попыт на прадукцыю быў, але толькі па такіх коштах, якія не дазвалялі плаціць барысаўскім рабочым годную плату. А пасьля кітайскай экспансіі стала яшчэ цяжэй.
Вярнуцца на расейскі рынак будзе надзвычай складана. Я ўпэўнены — канкураваць з кітайцамі па цане будзе цяжка і далей».