Таксама Пуцін анансаваў стварэньне асобнай вайсковай групоўкі ў Крыме. Падчас выступу Ўладзімер Пуцін зрабіў i шэраг іншых гучных заяваў.
У прыватнасьці, Пуцін зазначыў: «Нам трэба добрае ўзбраеньне». Ён гатовы выдзеліць на гэта 20 трыльёнаў расейскіх рублёў (каля 550 мільярдаў даляраў ЗША). «Гэта не мілітарызацыя. Гэта добры імпульс для разьвіцьця вайсковай галіны», – сказаў Пуцін.
Таксама Пуцін абвясьціў аб стварэньні ў Крыме асобнай вайсковай групоўкі. Паводле расейскага кіраўніка, ён ужо зацьвердзіў праграму стварэньня такой групоўкі.
«Міністэрства абароны падрыхтавала дадатак да праграмы ўзбраеньняў і асобную праграму стварэньня і разьвіцьця вайсковай групоўкі ў Крыме. Я гэтую праграму зацьвердзіў», – сказаў Пуцін. Паводле яго, праграма ня будзе залішняй і затратнай. «Мы яе ня будзем насычаць залішнім асабовым складам, залішнімі ўзбраеньнямі, але гэтая праграма арганічна ўпісваецца ва ўсе пляны разьвіцьця нашых узброеных сіл, у тым ліку маю на ўвазе яе тэрытарыяльны складнік», – падкрэсьліў Пуцін.
Таксама Пуцін сказаў, што Расея можа выйсьці з-пад юрысдыкцыі Эўрапейскага суду па правах чалавека (ЭСПЧ), аднак пакуль, паводле расейскага кіраўніка, гэтае пытаньне на парадку дня не стаіць. Пуцін сказаў, ЭСПЧ многія рашэньні прымае вельмі палітызавана і не выконвае тыя функцыі, дзеля якіх ён ствараўся: не рэгулюе прававыя адносіны і не абараняе ніякія пытаньні, «а проста выконвае нейкую палітычную функцыю».
Паводле яго, калі гэтая практыка будзе ўмацоўвацца, выхад з-пад юрысдыкцыі суду ў прынцыпе магчымы.
Акрамя таго, Пуцін выказаўся аб магчымым выхадзе Расеі зь міжнародных дамоваў. «Я проста ня вельмі разумею, ці патрэбныя нам нейкія спэцыяльныя мэханізмы па дэнансацыі. Вунь, ЗША ўзялі ў аднабаковым парадку і выйшлі з дамовы аб абмежаваньні стратэгічных наступальных узбраеньняў», – сказаў Пуцін.
Паводле яго, ЗША «зыходзілі, як яны лічаць, зь меркаваньняў сваёй нацыянальнай бясьпекі». «І мы будзем рабіць дакладна тое ж самае тады, калі палічым гэта выгадным і патрэбным для забесьпячэньня нашых інтарэсаў», – падкрэсьліў прэзыдэнт РФ.
Таксама Пуцін заявіў пра карысьць харчовага эмбарга для расейскай эканомікі. Паводле яго, дзеяньні Расеі па абмежаваньні імпарту прадуктаў з краін Захаду зьяўляюцца законнымі і абгрунтаваным. «Нашы дзеяньні: а) законныя, б) абгрунтаваныя, і ідуць на карысьць нашай эканоміцы», – сказаў Пуцін.
Расія з 7 жніўня ўвяла забарону на пастаўкі ялавічыны, сьвініны, сыроў, птушкі, малака, рыбы і іншай прадукцыі з краін ЭЗ, ЗША, Аўстраліі, Канады і Нарвэгіі. Гэтая мера прынятая ў сувязі з санкцыямі, уведзенымі супраць РФ з-за падзей ва Ўкраіне.
***
Раней сёньня прэс-сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў паведаміў, што Пуцін зьвернецца да дэпутатаў з «насычанай» прамовай напярэдадні ўнутрыпалітычнага сэзону, які пачынаецца ў Расеі, і маючых адбыцца 14 верасьня выбараў у 84 рэгіёнах краіны. На сустрэчы будуць абмяркоўвацца і міжнародныя праблемы. Сёньня ж Пуцін плянуе сустрэцца зь дзеячамі культуры Крыму.
Гэта першы афіцыйны візыт прэзыдэнта Пуціна ў Крым пасьля яго далучэньня да Расіі. Крым быў анэксаваны Расіяй у сакавіку гэтага году. Большасьць краін сьвету не прызнаюць далучэньне паўвострава і надалей лічаць яго ўкраінскай тэрыторыяй.
Пра гэта ён заявіў, выступаючы перад дэпутатамі Дзярждумы ў Ялце.
Самае папулярнае
1