Грузія абвясьціла ў вышук экс-прэзыдэнта краіны Саакашвілі

Экс-прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі абвешчаны ва ўнутраны вышук, паведаміла ў чацьвер вечарам галоўная пракуратура Грузіі.

У ведамстве адзначаюць, што раней у сувязі з выстаўленымі абвінавачваньнямі суд вынес рашэньне аб завочным арышце Саакашвілі. Ён будзе затрыманы адразу ж пасьля перасячэньня мяжы Грузіі, падкрэсьлілі ў пракуратуры.

Міхаілу Саакашвілі былі выстаўленыя абвінавачваньні па трох крымінальных справах. Ён абвінавачваецца ў перавышэньні службовых паўнамоцтваў у рамках справы аб разгоне акцыі апазыцыі ў лістападзе 2007 года, разгроме тэлекампаніі «Імеды» і канфіскацыі ўласнасьці заснавальніка тэлекампаніі Бадры Патаркацышвілі. Таксама Саакашвілі выстаўленае абвінавачваньне ў арганізацыі зьбіцьця дэпутата грузінскага парлямэнта Валерыя Гелашвілі і растраце бюджэтных сродкаў.

Саакашвілі знаходзіцца зараз за мяжой. Ён лічыць усе вылучаныя супраць яго абвінавачваніні палітычнымі ганеньнямі.