Гомельскі рынак: сьвініна ў дэфіцыце

На рынках Гомеля амаль зьнікла сьвініна. Ялавічыны таксама няма. Мяса наагул перайшло ў разрад надзвычай дарагіх прадуктаў.

Мясныя гандлёвыя рады Цэнтральнага рынку цяпер акурат такія, якімі былі пры канцы савецкай эпохі, зь яе ўсёабдымным дэфіцытам.

Гараджанка Ніна прыйшла на рынак, каб купіць кавалак сьвініны:

«Крыху купіла. Звычайна ж паліцы поўныя, а цяпер вельмі мала. Вельмі заўважна сёньня, што няма мяса. Я зьдзівілася сёньня. Два апошнія тыдні я не была тут. Прыйшла з раніцы — няма. Думаю, рана прыйшла: была палова на дзявятую. Цяпер гляджу — таксама няма, пустыя паліцы».

Індывідуальныя прадпрымальнікі, якія займаюцца рэалізацыяй мясной прадукцыі на рынку, называюць некалькі прычынаў цяперашняга дэфіцыту.

У прыватнасьці, спадарыня Маргарыта згадвае пра сьпякотнае надвор’е:

Звычайна ж паліцы поўныя, а цяпер вельмі мала. Вельмі заўважна сёньня, што няма мяса

«Не закупляем, бо сьпякота — 36 градусаў. Людзі адпачываюць, у водпуск паехалі».

Больш сталыя прадпрымальнікі ў дэфіцыце сьвініны бачаць і глыбейшыя прычыны.

Людміла: «Па-першае, прыватніку ў хатніх умовах не даюць рэзаць жывёлу. Вязі на бойню. За бойню трэба заплаціць вялікія грошы. Машыну трэба наняць — таксама заплаці, за забой заплаціць. Зноў наняць машыну, каб на рынак прывезьці. За кляймо заплаціць — за вэтэрынарную праверку. Уяўляеце, якія грошы? Па 3 мільёны выдаткі за сьвіньню. Таму сьвініна й ня можа быць таннай».

Па словах суразмоўніцы, гэта адбівае ахвоту гадаваць сьвіней на продаж. Вяскоўцы калі й трымаюць парсюкоў, то ў першую чаргу каб самім спажыць.

Яшчэ адна прычына, чаму пагалоўе жывёлы на прыватных падворках зьмізарнела, — афрыканская чума сьвіней.

Прадпрымальніца так і кажа: «Зьвязана гэта, відаць, з гэтай чумой афрыканскай».

Яшчэ ў мінулым годзе на Гомельшчыне, як і ў іншых рэгіёнах краіны, улады прымушалі вяскоўцаў выразаць сьвіней. І найперш — паблізу дзяржаўных сьвінагадоўчых комплексаў.

Сёлета зафіксаваны падзеж сьвіней у прыватных гаспадарках у Веткаўскім, Чачэрскім раёнах, якія мяжуюць з Расейскай Фэдэрацыяй. У суседзяў адкрыта кажуць пра выпадкі выяўленьня афрыканскай чумы.

Беларускія ж улады афіцыйна не пацьвярджаюць наяўнасьці гэтай хваробы ў тым жа Веткаўскім, Чачэрскім раёнах, хоць прымушаюць людзей пазбаўляцца ад свойскага пагалоўя.

Выглядае, што сьвініне, тым больш па прымальных коштах, ня надта ёсьць адкуль узяцца на рынку.

Зь іншага боку, на калгасна-саўгасную сьвініну гараджане ня надта й кідаюцца, калі яна й трапляе ў дзяржаўныя крамы. Вось што кажа на гэты конт паважанага ўзросту гараджанін, які назваўся Віктарам Анатольевічам:

«У крамах ёсьць, вядома, сьвініна, але на выгляд ня вельмі добрая».

Гараджане зьвяртаюць увагу й на кошты сьвініны. Тыя ўзьляцелі апошнім часам надзвычай высока — усьлед за навацыямі ўладаў у справе ўтрыманьня й забою сьвіней ды іншай свойскай жывёлы.

Гаворыць гараджанка Сьвятлана:

«Я купляю сёньня мяса дзеля нагоды. Але асабіста сабе я буду купляць яго вельмі ня хутка. Гэта несупастаўна: нашы заробкі і кошты. Як апраўдаць іх рост? У нас якая інфляцыя ў краіне? Дванаццаць адсоткаў за год? Незразумела, як гэта адбываецца і як лічаць? На гэты конт можна толькі здагадвацца. Усё толькі лоўка адлюстроўваецца ў статыстычных справаздачах. Але на выхадзе атрымліваецца зусім не аб’ектыўная інфармацыя. Раней каштавала сьвініна тысяч семдзесят. А вось гэтыя кавалачкі, зь якіх можна згатаваць адбіўную і пачаставаць гасьцей, яны ўсе каштуюць больш як 100 тысяч рублёў».