Грамадзкі актывіст з Гомеля Юры Рубцоў наведаў 5 жніўня Савецкі райаддзел Сьледчага камітэта Менска, дзе быў дапытаны як падазраваны ў межах крымінальнай справы.
Сьледчыя паведамілі Рубцову, што крымінальная справа супраць яго пачатая па артыкуле за абразу судзьдзі. Гэты артыкул прадугледжанае розныя пакараньні — штраф, папраўчыя працы на тэрмін да двух гадоў, арышт ад трох да шасьці месяцаў ці абмежаваньне волі да трох гадоў.
Зь Юрыя Рубцова ўзятая падпіска аб неразгалошваньні. Наступны допыт актывіста адбудзецца праз тыдзень, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Адміністратыўны працэс, па выніках якога Рубцова зьвінавацілі ў абразе судзьдзі, праходзіў пасьля Чарнобыльскага шляху 28 красавіка ў судзе Савецкага раёна Менска.
Юры Рубцоў падаваў заўвагі да пратакола судовага паседжаньня, якое вёў судзьдзя Савецкага раёна Менска Кірыл Палулех, аднак суд не прыняў іх да ўвагі.
Рубцова пакаралі арыштам на 25 сутак. Увесь гэты тэрмін ён трымаў галадоўку, пасьля якой трапіў у шпіталь.
52-гадовага гомельскага актывіста Юрыя Рубцова неаднаразова перасьледавалі за тое, што ён прыходзіў на акцыі апазыцыі ў майцы з надпісам «Лукашэнка, сыходзь!»