У Кастрычніцкім судзе Менску на працэсе над Андрэем Бандарэнкам дапыталі сьведку, адносна якой былі прынятыя надзвычайныя захады бясьпекі.
Сьведка Дурманава давала паказаньні ў суседнім з судовай заляй пакоі, і, такім чынам, удзельнікі працэсу яе ня бачылі. Дурманава — не сапраўднае яе прозьвішча, а прыдуманае. Закон дазваляе гэтак абараняць сьведку, адносна якой ёсьць дадзеныя, што ёй нешта пагражае. Праўда, абарона Андрэя Бандарэнкі ня бачыць такой пагрозы і прасіла суд адмяніць адносна сьведкі захады бясьпекі і дапытаць яе адкрыта. Суд з гэтым не пагадзіўся. У выніку быў чуваць толькі голас сьведкі: гучны голас жанчыны, якой прыблізна 30 гадоў. Яшчэ са зьвестак пра сьведку на судзе стала вядома, што ў яе ёсьць сужыцель, які раней быў судзімы. Вось ад ягоных сяброў сьведка
нібыта і даведалася пра праваабаронцу Андрэя Бандарэнку, «да якога можна зьвярнуцца, калі твае правы парушыла міліцыя». Тады ж сьведцы знаёмыя нібыта паказалі фатаздымак Бандарэнкі ў інтэрнэце і назвалі ягоны адрас на вуліцы Чкалава. Аказалася, сьведка жыве ў тым жа раёне, яна добра запомніла гэты адрас і нават некалькі разоў бачыла Андрэя Бандарэнку на вуліцы. Пазнала яна яго і 5 лютага, калі нібыта ўбачыла, як Бандарэнка ўдарыў пацярпелага Яворскага.
Вось з гэтага месца пачынаюцца асноўныя разыходжаньні ў паказаньнях, дадзеных на сьледзтве і сёньня ў судзе. Так, у судзе сьведка Дурманава казала пра час здарэньня, што «пачынала зьмяркацца», а на сьледзтве пэўна сказала, што «было каля без 10 хвілін 9 вечара». Заўважым, што на пачатку лютага цямнее значна раней нават за восьмую вечара. Такія ж несупадзеньні выявіліся ў паказаньнях і адносна месца здарэньня: у судзе сьведка казала пра месца побач з домам № 1 на вуліцы Аэрадромнай, а на схеме, якую склалі на сьледзтве з дапамогай сьведкі, пазначаны дом № 3.
Рознымі былі таксама і паказаньні адносна таго, як упаў пасьля ўдару Бандарэнкі пацярпелы Яворскі — на сьпіну ці на бок. «Тады я памятала лепш, бо мінула ўжо паўгода», — тлумачыў з-за паўадчыненых дзьвярэй нізкі жаночы голас.
Але і на гэтым несупадзеньні ня скончыліся. Паводле ранейшых паказаньняў опэрупаўнаважанага Кастрычніцкага РУУС Аляксандра Курыльчыка, пра тое, што каля кавярні «Старажытная легенда» адбылася бойка з удзелам менавіта Андрэя Бандарэнкі, ён даведаўся са званка «адной жанчыны». Курыльчык казаў суду, што быў на вечаровым дзяжурстве, калі сьведка пазваніла яму на службовы тэлефон. Па словах сьведкі, міліцыянты «прабілі» дадзеныя Бандарэнкі, раздрукавалі ягоны адрас і фатаздымак ды накіраваліся да яго дамоў, каб забраць для дачы тлумачэньняў. Але сьведка Дурманава сёньня заявіла суду, што званіла знаёмаму опэру дамоў, а не на працу. Прычым сьведка зноў давала розныя паказаньні сёньня ў судзе і раней на допыце: сёньня казала, што толькі пазваніла ў міліцыю, а раней казала, што яшчэ і паехала ў Кастрычніцкі РУУС, каб распавесьці пра бойку. Розьніцу сакрэтная сьведка Дурманава зноў патлумачыла даўнасьцю часу.
Праваабаронца Людміла Гразнова ад пачатку працэсу над Бандарэнкам не прапусьціла ніводнага паседжаньня. Яна кажа, што сёньняшні допыт сьведкі канчаткова пераканаў яе ў фальшаваньні доказаў па гэтай справе.
«Першае: сьведка ня ведала, калі дакладна адбываўся інцыдэнт. Таксама яна недакладна пазначыла месца, дзе гэта адбывалася. Трэцяе: недакладна назвала адлегласьць да месца здарэньня, але пры гэтым з упэўненасьцю казала, што гэта быў Бандарэнка і быў пацярпелы Яворскі. То бок па ўсіх абставінах яна падавала недакладныя зьвесткі, і пры гэтым супярэчыла яшчэ і сама сабе. Прычым ня толькі адносна таго, што казала на сьледзтве, але і адносна таго, што казала сама на пачатку сёньняшняга допыту. Таму я лічу, што рэальна гэты чалавек ня быў на тым месцы і ня быў сьведкам. Проста яна дрэнна вывучыла ўрок, якой ёй загадалі вывучыць. Карацей, простая дзяўчына, якая апынулася ў інфарматарах опэрупаўнаважаных, ці якую проста ўзялі ў сьведкі з вуліцы. Але сёньня яна выявілася ілжэсьведкам, і мы, нават ня бачачы яе ў памяшканьні, зразумелі, што яна ілжэсьведчыць. А ўвогуле мы назіраем жахлівыя рэчы. Што з дапамогай тэхнічных сродкаў і ілжэсьведчаньняў можна абвінавачаньне, якое пагражае 15 суткамі, давесьці да 10 гадоў. І такой ахвярай можа быць любы грамадзянін, ня толькі Бандарэнка».
Працэс над Андрэем Бандарэнкам адновіцца 6 жніўня.