Пра незайздросны лёс пад санкцыямі нафтатрэйдэр Генадзь Цімчанка распавёў у інтэрвію расейскаму рэсурсу ИТАР-ТАСС.
Уладальнік найбуйнейшага ў Расеі вытворцы газу «Новатэк» ня толькі ўваходзіць у клюб найбагацейшых і самых уплывовых людзей Расеі, але і значыцца ў ліку тых, супраць каго ў сакавіку гэтага году ЗША ўвялі пэрсанальныя санкцыі і чые кампаніі падпалі пад амэрыканскія забароны ў ліпені.
Паводле часопіса Forbes, Цімчанка займае 68 месца ў сьпісе найбагацейшых людзей сьвету, ягоны асабісты капітал — 15,5 мільярда даляраў.
Генадзь Цімчанка — грамадзянін Фінляндыі і прызвычаіўся жыць у розных заходніх краінах, але ад моманту ўвядзеньня пэрсанальных санкцыяў не пакідае Расеі.
«Сваім домам я заўсёды лічыў Расею, але апошнія 25 гадоў шмат жыў за мяжой, пераяжджаючы з краіны ў краіну. Цяпер жа фактычна стаў невыязным. Сям’я вось адправілася на лета на поўдзень Францыі, дзе мы традыцыйна адпачываем кожны год, а я апынуўся адрэзаны ад усяго гэтага. Ад родных, ад любімага сабакі».
Хоць фармальнай забароны ехаць у Эўропу для Цімчанкі няма, ён лічыць, што ёсьць падставы сур’ёзна баяцца правакацыяў з боку спэцслужбаў ЗША. Праз гэта ён нават адмовіўся паехаць у Эўропу на дзень народзінаў сына.
«11 ліпеня сыну споўнілася 19 гадоў. Каб нам адсьвяткаваць дзень народзінаў разам, ён прыяжджаў у Расею з Швэйцарыі, дзе вучыцца ва ўнівэрсытэце».
Жонка Генадзя Цімчанкі Алена ў красавіку трапіла ў Нямеччыне ў непрыемную сытуацыю — не змагла заплаціць за складаную хірургічную апэрацыю на хрыбце. Клініка выставіла рахунак, а плацёж не прайшоў, хоць на сямейнікаў санкцыі не распаўсюджваюцца, дый самога Генадзя Цімчанку Эўропа нібыта ня ўносіла ні ў якія стоп-лісты.
Мы ня можам праводзіць апэрацыі на Захадзе, крэдытавацца там. Але я лічу, што цяперашняя сытуацыя — нагода падбаць пра фінансавую бясьпеку краіныГенадзь Цімчанка
«Нават буйныя прыватныя эўрапейскія банкі — закладнікі сусьветнай фінансавай сыстэмы, якую кантралююць ЗША. Пры жаданьні тыя могуць рабіць што хочуць і з кім хочуць. Калі называць рэчы сваімі імёнамі, гэта непрыкрыты шантаж. Зь Дзярждэпу без аніякага сораму тэлефануюць наўпрост топ-мэнэджэрам эўрапейскіх банкаў і дыктуюць, каму з расейцаў блякаваць рахункі. Шмат хто ня важыцца рызыкаваць і выконвае настойлівыя „парады“ заакіянскіх партнэраў».
Карыстацца карткамі Visa і Master Card алігарх больш ня можа. Цяпер мусіць вазіць з сабой кашалёк з гатоўкаю і кітайскую крэдытку Union.
«Як санкцыі ўвялі, адразу яе аформіў. Выдатна працуе! І прымаюць картку ў многіх месцах. У пэўным сэнсе больш надзейна, чым Visa. Прынамсі, амэрыканцы не дацягнуцца».
Банк «Россия», у якім Цімчанка акцыянэр, мусіў перайсьці на разьлікі ў рублях, што моцна зьнізіла ягоныя паказчыкі.
«Мы ня можам праводзіць апэрацыі на Захадзе, крэдытавацца там. Але я лічу, што цяперашняя сытуацыя — нагода падбаць пра фінансавую бясьпеку краіны».
Пасьля аб’явы ЗША пра ўключэньне кампаніі «Новатэк» у чорны сьпіс яе акцыі адразу ўпалі ў цане.
«У санкцыях прыемнага мала. Хоць мы па-ранейшаму маем права працаваць, гандляваць і на Захадзе, і на Ўсходзе, нас абмяжоўваюць у крэдытаваньні. Банкі ЗША цяпер ня могуць выдаваць нам грошы больш як на 90 дзён».
Кампанія Gulfstream — вытворца самалётаў — перастала выконваць дамоўныя абавязаньні, спыніўшы палёты прыватнага самалёта Генадзя Цімчанкі, які той набыў за немалыя грошы.
«Паводле амэрыканскіх законаў Gulfstream забароненыя любыя кантакты са мной. Яны ня могуць абмяркоўваць ні наступныя пастаўкі ўжо замоўленых самалётаў, ні працу гэтага. Тэхніка не абслугоўваецца, стаіць на прыколе ў Маскве. Мой Gulfstream нельга эксплюатаваць, бо кампанія не забясьпечвае яго запаснымі часткамі, лётчыкі ня маюць права карыстацца навігацыяй, убудаванымі мапамі».