Грамадзкую актывістку Ніну Багінскую, якую былі затрымалі ўвечары 1 жніўня пасьля спаленьня чырвонага сьцягу каля будынку КДБ, ў ноч на 2 жніўня вызвалілі з Цэнтральнага РУУС, склаўшы на яе пратакол.
Пра гэта Ніна Багінская паведаміла карэспандэнту Свабоды.
«У КДБ было ўсё вельмі проста: мяне затрымалі, пагаварылі. Я патлумачыла, чаму спаліла чырвоны сьцяг зь сярпом і молатам — бо гэта сьцяг, пад якім забівалі мільёны людзей, рабілі генацыд беларусаў. І што 1 жніўня правяла сваю акцыю, таксама патлумачыла — бо ў гэты дзень ў 1937 годзе тут, ў дворыку турмы „амэрыканкі“ палілі кнігі нашых беларускіх пісьменьнікаў і паэтаў, якія мы ужо ніколі не прачытаем. Мяне слухалі і выклікалі для размовы са мной псыхіятра. Той са мной пагаварыў, і пасьля я чула, як ён сказаў ім: „Тут усё нармальна“.
Тады мяне адвезьлі ў Цэнтральны РУУС, склалі пратакол аб маіх дзеяньнях і пакінулі сабе бутэлечку з газай, якім я змачыла сьцяг, каб добра гарэла. Відаць, пакіінулі, як рэчавы доказ.
Але мне нічога не сказалі — будуць заводзіць справу ці не».
Для «Свабоды Ніна Багінская патлумачыла свой учынак:
«Не зьбіраюся цярпець той прамаскоўскі вэрхал, які творыцца ў Беларусі. У Менску стаяць помнікі Леніну і Калініну, гэтым забойцам беларускага народу, а помніка Каліноўскаму дагэтуль паставіць ня можам. Я хацела паказаць прыклад таго, што са злом трэба змагацца, а не патураць яму».
Пэнсіянэрка Ніна Багінская вядомая актыўным удзелам ў пратэстных акцыях, на якіх яе неаднаразова затрамлівалі міліцыянты. У тым ліку Ніна Багінская адна выходзіла зь бел-чырвона-белым сьцягам, які лічыць сапраўдным дзяржаўным сьцягам Беларусі.
Паводле Ніны Багінскай, у КДБ і Цэнтральным РУУС Менска зь ёй абыходзіліся карэктна.