Уладальнік сеткі хуткага харчаваньня «Пузата хата» Вячаслаў Канстанціноўскі прадае ролс-ройс, каб дапамагчы параненым
Уладальнік добра вядомай і любімай беларусамі сеткі хуткага харчаваньня «Пузата хата» Вячаслаў Канстанціноўскі стаў байцом добраахвотніцкага батальёну і выставіў на продаж свой ролс-ройс, каб дапамагчы змагацца з прарасейскімі сэпаратыстамі на ўсходзе Ўкраіны.
Вячаслаў займаецца бізнэсам разам з братам Аляксандрам. У 2013 годзе часопіс «Фокус» ацаніў маёмасьць Канстанціноўскіх у 355 мільёнаў даляраў і паставіў іх на 44 месца ў рэйтынгу самых заможных людзей Украіны.
— Колькі каштуе ваш ролс-ройс?
— Я лічу, 250 тысяч даляраў на сёньня рынкавы кошт. Людзі тэлефануюць, пытаюцца пра цану. Як звычайна, купля-продаж машыны — гэта побытавая гісторыя. Спадзяюся, бліжэйшымі днямі прадасца.
— А чаму вы вырашылі прадаць аўтамабіль і на што пойдуць гэтыя грошы?
— Калі трэба нешта тэрмінова купіць, то трэба ж нешта прадаць тэрмінова, калі грошай не хапае. Для мяне сёньня ролс-ройс — гэта бескарысная рэч. Прадаць хочацца найперш яго. А калі мы атрымаем грошы, то палова пойдзе ў вайсковы шпіталь для дапамогі параненым і іх сем’ям, а другая палова — на экіпіроўку падразьдзяленьня.
Вячаслаў быў на абодвух Майданах: у 2004-м падчас Аранжавай рэвалюцыі і на апошнім. Кажа, што на майдане «дапамагалі ўсе», і ў гэтым няма нічога незвычайнага.
— Магчыма, ня кожнаму звычайнаму чалавеку зразумела, чаму такі буйны бізнэсмэн, як вы, ідзе на вайну, рызыкуе сваім жыцьцём. Навошта вы гэта робіце?
— Мяне так бацькі выхавалі. Па-першае, я не хачу з Украіны зьяжджаць. Не хачу ў іншай краіне жыць, я гэта ўжо спрабаваў. Па-другое, разумець, што ты сядзіш у камфорце, пакуль людзі за цябе ваююць, мне здаецца, ня надта камфортна для мужчыны.
У мяне, тым больш, ёсьць брат (Аляксандар Канстанціноўскі. — РС). Мы зь ім доўга спрачаліся, бо ён таксама хацеў ехаць. У нас разам шэсьць дзяцей. Я таму ўпэўнены, што мой тыл закрыты: ён маімі справамі займаецца, дзеці ў парадку. Таму мне гэтае рашэньне было нескладана прыняць.
— Вы былі на Данбасе. Ці вы самі бачылі, што адбываецца? Адкуль узьнік гэты канфлікт?
— Сытуацыя абсалютна штучна створаная. Я расейскамоўны, напрыклад, кіяўлянін. Мне ніхто на Майдане ані разу ня выказаў папроку, што я па-расейску размаўляю. Дзіцяці зразумела, што расейскамоўнаму насельніцтву нічога не пагражала. І ўся гэтая гістэрыя штучна створаная. Зразумела, што ўсе гэтыя фармаваньні некім фінансуюцца і забясьпечваюцца зброяй. Камусьці гэта выгадна.
— Што за людзі ідуць у добраахвотніцкія батальёны?
— Я быў толькі ў адным батальёне, зьбіраюся паехаць ізноў. Людзі розныя, харошыя, шмат людзей адукаваных, якія маюць свой невялікі бізнэс. Буйных бізнэсмэнаў я там ня бачыў. Абстаноўка для мяне вельмі камфортная, бо стасункі такія нармальныя мужчынскія, сяброўскія. Хоць ёсьць там і жанчыны-добраахвотніцы. У нас была мэдык-дзяўчына. Самыя розныя людзі, але ўсе добраахвотнікі.
— Ці вы бралі ўдзел у баявых дзеяньнях?
Тэрарысты нікуды не сышлі. Яны могуць удзень быць у цывільным адзеньні, а ўвечары ўзяць гранатамёт і стрэліць у машыну
— Любы чалавек, які там на тэрыторыі знаходзіцца ў форме з украінскім сьцягам і зброяй, ён ужо ўдзельнічае. Проста ёсьць вайсковыя апэрацыі, тады людзі ставяць сябе пад сур’ёзную небясьпеку. Але ў любы момант можа быць баявое сутыкненьне нават у спакойнай зоне. Тэрарысты нікуды не сышлі. Яны сядзяць у лесе, у «зялёнцы». Калі іх нават няма на цэнтральнай плошчы гораду, то яны недалёка. Яны могуць удзень быць у цывільным адзеньні, а ўвечары ўзяць гранатамёт і стрэліць у машыну. Але, вядома, я зьбіраюся вярнуцца.
— Ці вы падрыхтаваны для баявых дзеяньняў? Былі ў войску?
— Я быў у войску, а перад тым, як паехаць у батальён, праходзіў адмысловую падрыхтоўку. У нас была група, якая называлася «Кіеў-цэнтар». Мы пачыналі з таго, што супрацьдзейнічалі марадэрству пасьля Майдана. Група інтэнсіўна трэніравалася ўвесь гэты час. І сёньня хлопцы гатовыя да выкананьня розных задач.
Апошні раз я быў у батальёне дзесяць дзён. Батальён вярнулі на ратацыю, і мне было зразумела, што трэба даэкіпіравацца, знайсьці тое, чаго не хапае, каб нашы дзеяньні былі больш эфэктыўнымі. Трэба і цеплавізары, і начныя прыцэлы, і шмат іншых рэчаў. Таму я выкарыстаў той час, калі батальён вярнуўся на ратацыю, каб вярнуцца і знайсьці яшчэ грошы, купіць усё неабходнае і зноў вярнуцца назад.
— Як мясцовае насельніцтва ставіцца да байцоў добраахвотніцкіх батальёнаў?
— У Славянску, напрыклад, на вуліцах спачатку зусім не было людзей. З кожным днём іх зьяўлялася ўсё больш і больш. Там ёсьць цэнтральная плошча — адзінае месца, дзе можна тэлефон падзарадзіць і інтэрнэт ёсьць. Таму людзі туды зьбіраюцца. Мы зь людзьмі гаварылі. Шмат хто прыносіць нешта, хочуць пачаставаць, добра ставяцца. Але ёсьць людзі, якія вельмі нэгатыўна ставяцца. Гэта такога «савецкага», так скажам, узросту людзі. Падабаецца гэта ня ўсім.
— Расейская прапаганда часта кажа, што ўкраінскае войска кепска падрыхтаванае. Вы бачылі ўсё на свае вочы — якое ваша меркаваньне?
— Вядома, ёсьць розныя выпадкі. Гэта вайна. Войска развальвалася больш за два дзясяткі гадоў. Яно раптоўна ня можа стаць баяздольным і абноўленым. Шмат чаго не хапае. І тэхніка старая, і многія людзі ня маюць дастатковага досьведу. Але гэта кампэнсуецца тым, што людзі хочуць навучыцца. І ў іх ёсьць баявы дух. Фактычна ўкраінскае войска фармуецца сёньня.
— Як вы ацэньваеце дзеяньні прэзыдэнта Парашэнкі ў ходзе антытэрарыстычнай апэрацыі?
Сёньня можна ці ўсё крытыкаваць, ці самому нешта рабіць. Я лічу, што калі ўсе пачнуць нешта рабіць, усё зьменіцца
— Мне цяжка меркаваць, бо я ведаю, што калі чалавек бярэ на сябе адказнасьць, то яго лёгка крытыкаваць, асабліва ў такі момант, калі такое адбываецца ў краіне. Гэта несалодкая праца, як мне здаецца. Але я глыбока ўсяго ня ведаю. Сёньня можна ці ўсё крытыкаваць, ці самому нешта рабіць. Я лічу, што калі ўсе пачнуць нешта рабіць, усё зьменіцца.
— Мы ў Беларусі з болем сочым за тым, што адбываецца ва Ўкраіне, але, вядома, праецыруем на сваю сытуацыю. У нас бізнэсмэны, тым больш такога маштабу, не наважваюцца падтрымліваць людзей, якія імкнуцца да пераменаў. Што, на вашу думку, трэба зрабіць, каб гэта памянялася?
— Я думаю, што, можа, у Беларусі людзі робяць гэта ня так яўна. Бізнэс ня можа гэтага не падтрымліваць, бо для разьвіцьця бізнэсу патрэбныя зусім іншыя стасункі ў дзяржаве паміж бізнэсам і ўладай. Ва Ўкраіне, асабліва апошні Майдан — гэта быў скрайні пункт. Па-іншаму ўжо немагчыма было да гэтага ставіцца. Краіна ішла ў нікуды, і бізнэс гэта найперш разумеў. Гэта прыніжальна, калі цябе адкрыта рабуюць. Карупцыя ва ўсіх краінах ёсьць — недзе больш, недзе менш. Але такога адкрытага рабунку, пагарджаньня людзьмі і прыніжанага стану людзей і бізнэсу ніколі ва Ўкраіне не было, як пры Януковічу. Таму гэта вылілася і ў больш масавыя пратэсты. І магутную падтрымку з боку бізнэсу. Далей не было ўжо куды ісьці.