Абмежаваньні доступу да фінанасавых рынкаў Эўрапейскага Зьвязу закрануць Ашчадбанк, ВТБ, Газпрамбанк, Зьнешэканомбанк і Рассельгасбанк, а таксама іх даччыныя структуры, філіялы, прадстаўніцтвы.
Гэта азначае, што грамадзянам і кампаніям краін ЭЗ забаронена купляць і прадаваць новыя доўгатэрміновыя акцыі, аблігацыі і іншыя каштоўныя паперы гэтых банкаў.
Уводзіцца таксама эмбарга на імпарт і экспарт расейскіх узбраеньняў і ваенных матэрыялаў, а таксама прадукцыі падвойнага прызначэньня — згодна з прынятым ЭЗ агульным «ваенным сьпісам» і сьпісам тавараў падвойнага прызначэньня.
Экспарт у Расею некаторых відаў энэргетычнага абсталяваньня і тэхналёгій цяпер магчымы толькі пасьля атрыманьня дазволу ўпаўнаважаных структур.
Экспартныя ліцэнзіі больш не выдаюцца на продаж абсталяваньня для падводнага глыбіннага бурэньня нафтавых сьвідравін, а таксама прызначанага для арктычных і шэльфавых распрацовак у Расеі.
У заяве кіраўніцтва ЭЗ гаворыцца, што адпаведныя заканадаўчыя дакумэнты будуць апублікаваныя пазьней, і санкцыі ўступаюць у сілу з 1 жніўня. Яны прыняты ў сувязі з роляй Расеі ў эскаляцыі канфлікту на ўсходзе Ўкраіны.