«Панамі звацца!» – як па мне, самы актуальны лёзунг сучаснай Беларусі.
Што праўда, слова «пан» дагэтуль у некаторых – сынонім польскага абшарніка, а не першапачатковага «гаспадар».
Гаспадар – свабодны чалавек.
У Беларусі пан – антонім мужыку, то бок, «народу». А народ – гэта вышыванка. То бок – народ ня пан, не самастойны-індывідуальны, а нейкае абагульненьне. Так было ў БССР.
У мяне спробы ўвесьці вышыванку і шырэй – арнамэнт і матывы арнамэнту, як заменьнік нацыянальнай сымболікі сьпярша выклікалі адасабленьне: «Зноў саўдэп, зноў БССР, зноў як у часы майго школьніцтва. А дзе заклік у новую мадэрновую будучыню?» У канцы 1980-х стылёвая «Пагоня» сталася альтэрнатывай чырвона-зялёнай арнамэнтаванай сымболікі БССР.
Пасьля эсэ Альгерда Бахарэвіча пра вяртаньне вышыванкі, у колах зацікаўленых у нацыятворчых працэсах разгарэлася не абы якая дыскусія. Вышыванка, і шырэй – арнамэнт – гэта савок, вясковасьць, ці важная старажытная кодавая сыстэма?
Адзін мой суразмоўца, які ня памятае савецкія часы, заявіў мне ў дыскусіі:
– Так, я ня ведаю значэньня арнамэнтаў, але ж гэта проста па-дызайнэрску стылёва! І ўсё.
Асабіста для мяне непрымальныя гэтыя «проста» і «ўсё». Мне непрыемна ведаць, што на савецкім беларускім сьцягу выкарыстаны арнамэнт з пахавальнага абраду. Мне непрыемна ўсьведамляць, што шматлікія псэўдафальклёрныя ансамблі выкарыстоўваюць стылізацыю старажытных арнамэнтаў, скажаючы сэнсы, закладзеныя не адным пакаленьнем продкаў.
Гэта як прывезьці з экзатычнай краіны этна-фенечку. Сядзяць у Заходняй Афрыцы рамесьнікі, штампуюць пад эўрапейцаў артэфакты а-ля Афрыка, а сапраўдныя – з сэнсамі, пакідаюць сабе. А нават калі эўрапеец набудзе арыгінальную рэч – для яго яна ўсё роўна застанецца фенечкай.
Ну а як можна ставіцца да сваёй гісторыка-культурнай спадчыны як да экзатычнай фенечкі?
Я згодны з тэзісам пра стылёвасьць нацыянальнага арнамэнту. І што сам па сабе ён можа быць моцным ідэнтыфікатарам пазыцыі чалавека. Як і разумею, што ня мусяць проста ўсе разьбірацца ва ўсіх нюансах старажытных кодаў продкаў.
Я бачу два ўзаемадапаўняльныя шляхі рэалізацыі ідэі.
Першы. Новыя сэнсы ў стылізаванай пад старажытную форме. Як з арнамэнтам «Будзьма!»: сэнс малюнку – мы разам, форма – мы старажытны народ.
Другі шлях. Расшыфроўка для недасьведчаных сэнсу знакаў, і прапанова для ўжываньня ва ўпакоўцы, зробленай прафэсіяналамі.
Калі будзе мода проста на «ўсё беларускае», як хто яго разумее, я буду толькі шчасьлівы.
Толькі калі я бачу, як адзін беларус прыляпляе на запасное кола свайго недарожніка здаравенную «Пагоню», другі на лабавое шкло – чырвона-зялёны сьцяжок, а трэці прымацоўвае расейскі трыкалёр. Тры такія розныя і канкрэтныя знакі-пасылы. Хоць «Пагоня» і Ч-З яшчэ могуць паспрачацца на адным полі патрыятызму, усё роўна ў пэрспэктыве пераможа штосьці адно. Тут яны адназначна па адзін бок дабра і зла адносна расейшчыны.
Таму я ня супраць старажытных арнамэнтаў, я за яснасьць і канкрэтнасьць знакаў, якія мы шлем навакольным людзям.
Хай арнамэнт стане першым крокам да шырокага вяртаньня «Пагоні». І ў сучасных школьнікаў будзе асацыявацца не з саўдэпам, а з памкненьнем да незалежнай нацыянальнай дзяржавы.
Сьледам за савецкай эпохай завяршаецца і постсавецкая. Так і бачу сацыяльную рэкляму: «У новы час – з новымі сэнсамі!».
А мой сэнс такі: быць сабой, быць гаспадаром сабе, быць панам у сваёй краіне.