«Панабіралі крэдытаў, набудавалі каапэратыўных кватэр. А як даўгі аддаваць?»

Валянцін Жданко

Эфір 30 ліпеня 2014 году

Значная частка той нашай аўдыторыі, якая працягвае слухаць Свабоду з дапамогай караткахвалевых прымачоў — гэта людзі сталага веку. Яны ж у зносінах з рэдакцыяй аддаюць перавагу старому звыкламу спосабу — напісаным ад рукі лістам, адпраўленым традыцыйнай поштай. Частая тэма ў такіх допісах — ацэнка стылю жыцьця, сьветапогляду, мэтаў і памкненьняў маладога пакаленьня беларусаў.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго такога ліста. Наш даўні слухач і аўтар Сяргей Жаваранак з Кобрына піша:


«З сумам назіраю за сёньняшнімі маладымі людзьмі. Працаваць, зарабляць грошы — ня хочуць. Затое яшчэ як хочуць жыць „у кайф“ — гэта значыць, каб усяго ўдосталь безь цяжкой працы, каб адразу — і свая кватэра, і машына, і багатая дзяўчына ці хлопец. І ўсё толькі „Дайце нам!“, „Прэзыдэнт павінен даць!“. А самі працуюць напаўсілы — абы дзень да вечара. Панабіралі крэдытаў, набудавалі каапэратыўных кватэр. А як будуць даўгі аддаваць?

Я ў сувязі з гэтым успамінаю сваё дзяцінства, пачатак 60-х гадоў. Як маці мая, Марыя Антонаўна, перажывала, што не магла купіць кіляграм цукру, каб пачаставаць дзяцей чым салодкім: не было грошай... Намі тады кіравала Масква, усяго не хапала. Але ж неяк жылі. І атрымлівалі асалоду ад простых рэчаў: ад таго, што любаваліся рэчкай Мухавец, блізкім лесам... Жылі на хутары, людзей вакол было мала, цішыня і спакой...

Але жылі, вядома, цяжка, бедна. Увогуле, як азірнуся на пражытыя 60 гадоў, дык аказваецца, што ўсе яны былі ў асноўным гадамі выжываньня. І ўвесь час улада абяцала нам, што варта яшчэ крыху пацярпець — і ўсё будзе выдатна. Ня хочацца болей слухаць іхныя казкі. Ня веру ім. Ніхто зь іх ня ладзіць з Богам, ня ходзіць у царкву. Жывуць адным днём. Сумленьня — нуль. Наўкол — толькі зайздрасьць ды хлусьня. Ды яшчэ хваліцца дужа любяць. Хоць хваліцца, па сутнасьці, няма чым.

Наехала да нас прыежджых — украінцаў, расейцаў. Прыежджыя ня любяць мясцовых. Ведама ж, перасяленцы — пералётныя птушкі, з уласнымі прынцыпамі, зь іншым укладам жыцьця...».


Людзям старэйшага веку ўласьціва бурчэць на маладых: павучаць іх, апэляваць да ўласнай маладосьці, калі ўсё нібыта было значна лепшым, у тым ліку чалавечыя норавы і міжасабовыя адносіны. У сапраўднасьці ж людзі за такі адносна кароткі гістарычны прамежак часу мяняюцца мала. У 60-я гады ня кожны мог купіць кіляграм цукру — цяпер ня кожны ў стане набыць новы айфон ці аўтамабіль. Але як тады, так і цяпер значна большым дэфіцытам, чым уяўныя спажывецкія каштоўнасьці, застаюцца чалавечыя дабрыня, спагада, міласэрнасьць і ўдзячнасьць. Так было ва ўсе часы, спадар Сяргей. Так ёсьць і ў нашы дні.

Наш слухач і аўтар Алесь Марціновіч з Баранавічаў, як і многія іншыя беларускія грамадзяне, быў моцна зьдзіўлены, упершыню за многія гады пачуўшы беларускамоўны даклад Лукашэнкі напярэдадні афіцыйнага Дня незалежнасьці 3 ліпеня. З гэтай нагоды спадар Алесь піша:


«Пасьля краху „чырвонай імпэрыі“ амаль уся Ўсходняя Эўропа імкнулася да нацыянальнага адраджэньня, дэімпэрыялізацыі, пазбаўленьня ад уплыву Масквы. І ўсе спосабы і мэтады, з дапамогай якіх гэта рабілася, ня маюць нічога агульнага з той палітыкай, якую на працягу дваццаці год ажыцьцяўляў у Беларусі Лукашэнка.

Зразумела ж: вяртаньне да родных моў-каранёў на ўсходзе Эўропы было заточана пад адзін канкрэтны працэс — усімі спосабамі ўцячы ад Расеі, ад апекі Крамля — у структуры новага вялікага Захаду (Эўразьвяз, НАТО, Шэнген). А ўсялякая палавіністасьць у гэтай справе (маўляў, карані мовы шаную, але і братнюю Расею бяз памяці люблю) выглядае анэкдатычным абсурдам і загадзя асуджаная на правал. Яе ня прымуць ні шырокія народныя масы, ні ўладная намэнклятура. Па сутнасьці, мы назіраем, як Лукашэнка сутаргава хапае патроны, ня маючы пад рукой ніякага прыстасаваньня, зь якога можна было б страляць...»


Тое, што Лукашэнка адзін раз за шмат гадоў прачытаў даклад па-беларуску, зусім ня сьведчыць пра тое, ён зьмяніў стаўленьне да беларускай мовы, спадар Алесь. Заўважце: ніякіх іншых крокаў у гэтай справе за мінулы месяц не было. І ня думаю, што нацыянальная палітыка ў Беларусі пры гэтым лідэру можа зьмяніцца кардынальным чынам. Расейскамоўным Лукашэнка прыйшоў да ўлады ў Беларусі — расейскамоўным ён і сыдзе. Нацыянальная мова і культура за мінулыя 20 год ніколі ня значыліся ў прыярытэтах гэтага рэжыму — хоць бы з той прычыны, што не яны ва ўмовах Беларусі зьяўляюцца вырашальнымі чыньнікамі ў справе заваяваньня і ўтрыманьня ўлады.

Наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Вушачаў у сваім новым лісьце адклікнуўся на нядаўнюю праграму «Праскі акцэнт» Юрыя Дракахруста пад назвай «„Хакей“, які выйгралі беларусы». У той перадачы бралі ўдзел Андрэй Дынько, Віктар Марціновіч і Лідзія Міхеева. Асаблівую ўвагу слухач акцэнтуе на азначэньні, якое дала сучаснай беларускай нацыі Лідзія Міхеева.


Цытую: «Гэта такая мілая гламурная дзяўчына, якая фатаграфуецца на фоне ваенных знакаў. Напрыклад, на фоне партызанскай палаткі, там жа побач стаіць драўляны супрацьтанкавы ёж, зьлева ад яе надрываюцца нейкія людзі, якія сьпяваюць пародыі на беларускія нацыянальныя песьні. Гэта ўсё адбываецца на фоне дома Чыжа, непадалёк. Вось гэта людзі, для якіх вайна даўно стала сымулякрам і на якую напыліўся гламур. Усё выдатна. Вайна — гэта ўжо ня страшна. Вайна — гэта няшна. Вайна ўжо засвоеная вось такім вось чынам» (канец цытаваньня).

З нагоды пачутага Кастусь Сырэль піша:


«Няма чаго запярэчыць ні Лідзіі Міхеевай, ні іншым удзельнікам перадачы — асабліва наконт «культурнай шызафрэніі», танцаў лыжнікаў на асфальце, МАЗаў зь БелАЗамі ды іншага.

Пра праявы падобнай культурнай шызафрэніі я сам неаднаразова пісаў на Свабоду. Напрыклад, пра ўсталяваньне сьпісанага бронетранспартэра БТР-60 у якасьці помніка-напаміну... нават ня скажаш адразу, пра што — ці то пра ганебную аўганскую вайну, ці то пра нашых хлопцаў, якія склалі галовы ў чужой краіне ні за што (чамусьці гэта завецца ў нас «выкананьнем інтэрнацыянальнага абавязку»). Пісаў я пра рэканструкцыю помніка Леніну, якая, на мой погляд, больш падобная да вандалізму. Зусім нядаўна пісаў пра падпал дома паноў Маліноўскіх у Чарапоўшчыне, што непадалёк ад Бычкоў — радзімы Васіля Быкава.

Але вось пытаньне: адкуль бярэцца гэтая «культурная шызафрэнія»? Узяць хоць бы ўзгаданы БТР: чаму замест годнага помніка загінулым ушацкія ўлады ўсталявалі жалезную пачвару без апазнавальных знакаў з нацэленым у нябёсы буйнакалібэрным кулямётам? Проста з жаданьня выкарыстаць гэтую жалязяку па-гаспадарску?

Ня дзіва, што праявы культурнай шызафрэніі перакачавалі з вуліц і плошчаў у прыватныя двары нашых суграмадзянаў. Напрыклад, уявіце сабе добры драўляны дом, а калі дакладней — лецішча. Навокал участку цьвіце-буяе хараство беларускай флёры, ад дрэваў да духмянага разнатраўя. У двары ж — выскубаны да самай зямлі газон, аздоблены... доўгім шэрагам зношаных аўтамабільных колаў (!!!). Няўжо ва ўяўленьні гаспадара гэтыя колы прыгажэйшыя, напрыклад, за жывую агароджу, якая нашмат больш пасавала б да сутнасьці і прызначэньня лецішча? Але гэта яшчэ ня ўсё. Ля будыніны стаіць... пальма, зробленая з пустых плястыкавых бутэлек (!!!). Ствол — з карычневых, лісьце — зь зялёных. Няўжо для гаспадара гэтая брыдота прыгажэйшая за жывое дрэва? Чым ня прыклад садова-паркавай шызафрэніі ў прыватным двары?

Затое, як сказаў бы наш Рыгоравіч, «красіва». А мяне дык ледзь не ванітуе ад такога «красіва». Можа, у мяне нейкі перакручаны густ, але што хочаце са мной рабіце, толькі не выглядаюць для мяне «красівымі» плястыкавыя гномы з тварамі вампіраў і плястыкавыя буслы зь дзюбамі, як у экзатычнай птушкі марабу.

І ўжо зусім натуральнай выглядае ў кантэксьце сказанага такая праява шызафрэніі. Расла на ўскрайку нашага садовага таварыства бяроза. Ствол яе ўжо дасягнуў у дыямэтры сантымэтраў дваццаці. І вось нядаўна прыйшоў нейкі... (не магу падабраць літаратурнага выразу) з бэнзапілой і зваліў дрэва, каб зьвязаць венік у лазьню. Ну хто гэты «нейкі», як не шызафрэнік? Зваліць такое дрэва дзеля аднаго веніка!

Цяпер ляжыць тая бяроза ў зарасьніках скрыпеню (па простаму — іван-чаю), і лісьце ўжо зрудзела. Дрэва амаль некранутае, толькі дзьве ці тры галіны на вершаліне адсечаныя. На венік. Хто гэта зрабіў, я не высьвятляў. Такое ў нас робіцца на кожным кроку, кожнага шызафрэніка за руку ня зловіш і ў вар’ятню не пасадзіш...«.


Да вашага, спадар Кастусь, пераліку я б дадаў пафарбаваныя валуны ўздоўж многіх беларускіх дарог. І ў чыю толькі начальніцкую галаву прыйшла думка, што пакрыты вапнай альбо алейнай фарбай гранітны камень — гэта прыгожа?

Вядома, змагацца з кепскім густам, эстэтычнай ды экалягічнай неадукаванасьцю складана. Асабліва калі справа датычыць асабістага падворку грамадзяніна. Але калі размова ідзе пра грамадзкія месцы — зусім магчыма. У беларускім Грамадзянскім кодэксе дзеля гэтага артыкулаў дастаткова. Прынамсі, пакараць вялізным штрафам ушацкага аматара бярозавых венікаў, пра якога вы распавялі ў сваім лісьце, падстаў больш чым дастаткова.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by