Расея страціць ад санкцыяў адзін трыльён даляраў

Так ацэньваюць узьдзеяньне санкцыяў на эканоміку Расеі эўрапейскія СМІ.

Паводле падлікаў часопіса The Economist, сукупныя страты складуць 1 трыльён даляраў.

Эўразьвяз ацаніў і страты эўрапейскай эканомікі. Гэта прыблізна 40 мільярдаў эўра, або 0,3 працэнта ВУП Эўразьвязу ў 2014 годзе і 50 мільярдаў эўра (0,4% ВУП) — у 2015-м.

Страты для эканомікі Эўразьвязу могуць быць зьвязаныя з тым, што Расея наважыцца на санкцыйныя захады ў адказ.

Паводле дадзеных Мінэнэрга і Мінпрамгандлю, 25% абсталяваньня для нафтагазавай галіны Расея купляе за мяжой. Пасьля забароны на пастаўку абсталяваньня і тэхналёгіяў для нафтавай прамысловасьці здабыча нафты можа скараціцца на 5–10%, або 26–52 мільёна тон у год, піша УНІАН.

28 ліпеня Эўрапейскі Зьвяз абвясьціў пра шырокія эканамічныя санкцыі супраць Расеі ў спробе прымусіць Маскву спыніць умяшаньне ў канфлікт на ўсходзе Ўкраіны.

Санкцыі датычаць энэргетычнага, фінансавага сэктараў і прадукцыі вайсковага і дваякага прызначэньня. Эўразьвяз увёў забарону на продаж расейскімі банкамі аблігацыяў і акцыяў новага выпуску, а таксама забараняе іх фінансаваньне. ЭЗ уводзіць забарону на імпарт сучасных тэхналёгіяў, якія неабходныя для бурэньня ў моры, выведкі ў Арктыцы і «сланцавых» праектаў. ЭЗ уводзіць эмбарга на пастаўкі зброі і тавараў дваякага прызначэньня.

Раней ЗША абвясьцілі пра ўвядзеньне новых санкцыяў супраць расейскіх банкаў: «Банк Москвы», Российский сельскохозяйственный банк і «ВТБ-банк», а таксама супраць кампаніі «Объединённая судостроительная корпорация».