Судзьдзя Максім Сушко адпачатку пагадзіўся з просьбай Аляксандра Макаева весьці працэс па-беларуску і карыстаецца мовай нават больш пісьменна, чым прадпрымальнік.
Справу Макаева разглядае Маскоўскі суд Менску.
Макаева судзяць па двух артыкулах — за хуліганства і непадпарадкаваньне міліцыі. Як кажуць актывісты, якія прыйшлі ў суд падтрымаць Макаева, звычайна гэта азначае ня менш за 20 сутак арышту.
Сьведчыў супроць Макаева капітан міліцыі Язэпаў. Міліцыянт сьцьвярджаў, што ў момант затрыманьня Алесь Макаеў нібыта брыдкасловіў і адмаўляўся падпарадкавацца. Макаеў гэта абвяргае.
Прадпрымальнік кажа, што яго затрымлівалі два прапаршчыкі, а капітана Язэпава ён убачыў ужо каля міліцэйскага аўтамабіля, да якога яго адвялі пасьля затрыманьня ля Чырвонага касьцёла. Ніякіх пратаколаў, сьцьвярджае Макаеў, яму падпісваць не прапаноўвалі. Між тым у рапартах міліцыянты сьцьвярджаюць, што затрыманы адмовіўся падпісваць пратаколы.
Алесь Макаеў настойваў на тым, што падпісаў толькі вопіс рэчаў, якія ў яго забралі, і там пунктам № 9 быў бел-чырвона-белы сьцяг. А ў вопісе, які фігураваў у матэрыялах справы, гэты пункт выкрасьлены.
«Бачыце, яны зьнішчаюць усе доказы таго, што мяне затрымалі за сьцяг, бо ісьці са сьцягам не забаронена. Таму зь мяне робяць хулігана і брыдкаслоўніка, абы пакараць», — заявіў Алесь Макаеў у судзе.