Як у жыхара «саюзнай дзяржавы», у мяне ёсьць уцямныя пытаньні, хоць яны будуць здавацца наіўнымі.
Калі Расея не ваюе ва Ўкраіне, чаму ў расейскім палоне знаходзіцца ўкраінскі афіцэр, лётчыца Надзея Саўчанка? Яе даставілі з Украіны ў кайданках і з мяшком на галаве. Яна патрабуе ад расейскага боку распачаць крымінальную справу аб яе выкраданьні. Па словах «апалчэнцаў», яна ўцякла з палону. Па словах расейцаў, яе затрымалі ў Расеі. І яна была ў цывільным. Ну канечне: не ў форме ж украінскага афіцэра разгульвала! Што яна там рабіла? Займалася шпіянажам, за гэта яе будуць судзіць, адказваюць расейцы. Праўда, потым яны перадумалі і цяпер даводзяць, што судзіць будуць за гібель маскоўскіх журналістаў. А пры чым тут яна? А пры тым, што з гэлікоптэру паведамляла сваім абстаноўку ў раёне баявых дзеяньняў, потым працавала артылерыя і загінулі журналісты, якія прыбылі да членаў тэрарыстычнай арганізацыі «ЛНР» асьвятляць іхнюю баявую дзейнасьць.
Паколькі, як атрымліваецца, хаўрусьнікі — «ЛНР» і Расея — гавораць розныя рэчы, прынамсі адзін з двух хлусіць. Альбо абодва. Сама Саўчанка кажа, што апалчэнцы перадалі яе расейскаму боку. Па яе словах, у абвінавачаньні напісана, што яна знаходзілася не ва Ўкраіне, а «на тэрыторыі ЛНР», значыць, Расея прызнала «ЛНР»? — зьдзівілася Саўчанка... Цікава: значыць мы, як частка «саюзнай дзяржавы», таксама прызнаем афіцыйна «тэрарыстаў» — па вызначэньні ўлады краіны, на тэрыторыі якой яны разьвязалі вайну? Пытаньне: каб на тэрыторыі Расеі была створаная свая «ЛНР» і да баевікоў трапіла ў палон расейская лётчыца, а затым яны перадалі б яе, скажам, ва ўкраінскі палон — як бы дзейнічаў Пуцін?
Наступнае пытаньне: чаму афіцыйны прадстаўнік сьледчага камітэту РФ дазваляе сабе выказвацца перад СМІ ў стылі турэцкага султана, які калісьці сказаў літаральна, што «хутчэй неба ўпадзе на зямлю, чым крэпасьць Ізмаіл здасца рускай арміі». І — сурочыў. А сёньняшнім маскоўскім «шутніком», нагадаю, было сказана, што «хутчэй Парашэнка стане прэзыдэнтам ЗША, чым вызваліць Саўчанку».
Калі кіраўнік вельмі значнай па памерах краіны дазваляе сабе аднойчы на ўвесь сьвет выказваньне ў стылі крымінальнага асяродзьдзя — «іх усіх расшукаюць і замочаць у сарціры», ён тым самым запускае бумэранг. І сёньня трэба выконваць гэтае яго зухаватае жаданьне адносна ягоных жа падданых, якія тэрарызуюць Украіну. Пытаньне: чаму Расея не перасьледуе сваіх людзей, якія стварылі збройную арганізацыю ў суседняй дзяржаве? Чаму не арыштаваны адзін зь іх, па загаду якога, напрыклад, загінулі ў транспартным самалёце 49 украінскіх дэсантнікаў? Прозьвішча яго растыражавалі расейскія СМІ. Канечне, журналісты таксама гінуць. Але ж яны салдаты Пуціна, ён іх нароўні з маёрамі ўзнагароджвае масава за ўзяцьце Крыму. Там, канечне, усё ціп-топ атрымалася, але халявы два разы не бывае, а на вайне як на вайне. Тым больш калі расейскі начальнік распальваў апэтыты на «Новаросію» ў красавіку, то пахваліў, што для рускіх «сьмерць красна» на людзях, не шкада ім, маўляў, загінуць за нейкую завоблачна высокую мэту. І выклікаў хвалю захапленьня.
Нагадаю таксама: як вынікала з зухаватых слоў Пуціна, Крым для Расеі захапілі мясцовыя хлопцы, накупляўшы ў «ваенторгу» «калашнікавых», кулямётаў і БТР-аў. І ў мяне пытаньне: чаму ў нас міліцыя замучыла сваімі плякатамі — здай незарэгістраваную дубальтоўку і сьпі спакойна, а па суседзтву ў расейскім «ваенторгу» любы валацуга можа набыць танк, сучасную сыстэму залпавага агню, ПЗРК толькі з канвэеру ці выдатныя ракеты для зьнішчэньня самых высока лятаючых самалётаў? Пасажырскіх авіялайнэраў у тым ліку? Як такое можа быць у нашай «саюзнай дзяржаве»? Як тады яе жыхарам спаць спакойна?
Такія наіўныя пытаньні ўвесь гэты час узьнікаюць і за мяжою. У вядомых палітыкаў, кіраўнікоў вядучых краінаў сьвету ў тым ліку. І пуцінскі сакрэт палішынеля ім добры вядомы: толькі Расея можа загадаць «ДНР» і «ЛНР». Таму й патрабуюць ад яе, каб тэрор ва Ўкраіне быў спынены. Але Пуціну вядома: калі ён згодзіцца, у ягоным разуменьні «праявіць слабасьць», і вайна ў Данбасе закончыцца, то наступным прагучыць пытаньне пра Крым.
Расейскага начальніка ўсё гэта раздражняе і ён прыкідваецца авечкай. Авечцы ў шкуры ваўка ніхто ніколі ня верыў. Аднак і даць рады зь ёй ня можа. У паведамленьні наконт рашэньня ААН наконт зьбітага авіяляйнэру было напісана, што «Расея пастараецца паўплываць на апалчэнцаў для расьсьледаваньня крушэньня «Боінгу». Раз пастараецца, значыць мае ўплыў насамрэч. Але ў тую ж ноч прыходзіць паведамленьне: у дапамогу «апалчэнцам» прыйшла новая калёна з баевікамі, зброяй, прыйшла таксама бранятанкавая тэхніка. Пасьмяялася Расея зноў зь недалужных заходнікаў.
Праўда вынік для тэлекамэр быў: баевікі вызвалілі з палону ахвяр зьбітага «Боінгу», трупы якіх ім здаліся напачатку «нясьвежымі», плюс прэзэнтавалі пару чорных скрынак. Цікава, што аўтару абразьлівага выказваньня малайзійскі прадстаўнік вельмі дзякаваў і называў «прэвасхадзіцельствам». Той, робячы такую нечуваную ласку, вальяжна трымаў у руках цыгару і пісталет, зусім у стылі камадантэ Чэ. Расейскі падданы, між іншым. Палонныя трупы аднак вернутыя і на задворках сьвядомасьці апынаецца «клікушаства» расейскіх СМІ, што гісторыяй «з расьпятым хлопчыкам» запусьцілі бумэранг, які забіў восемдзесят дзяцей сапраўдных.
Па адным з расейскіх каналаў днямі ўсё паказвалі нарэзку з кадраў фільма «Палонны» пра Чачню. У гледача павінна ўзьнікаць сымпатыя да рускіх салдат, якія трапілі ў чачэнскі палон. Трапілі на тэрыторыі сваёй краіны! І яна ўзьнікае. Пасьля гэтага ў навінах распальваецца варожасьць да адважнай ўкраінскай лётчыцы, якая цяпер у рускім палоне.