У прыватнасьці імя славутага паэта, які нарадзіўся ў Вушачах, будзе нададзена мясцовай школе, а Школьную вуліцу пераназавуць у вуліцу імя Рыгора Барадуліна.
Як паставіліся да перайменаваньня землякі, суседзі і знаёмыя дзядзькі Рыгора, які пакінуў гэты сьвет сёлета ў сакавіку і быў пахаваны, паводле ягонай уласнай волі, на вушацкіх могілках, пабач з маці, Акулінай Андрэеўнай?
Пра тое, што неўзабаве яны будуць жыць на вуліцы з новай назвай, насельнікі Школьнай вуліцы нічога ня ведалі. Надзея Валянцінаўна, што жыве ў доме № 3, у зьдзіўленьні гукае мужа:
«Во, мы ня чулі нават такога! Ты чуеш? Нашую вуліцу будуць пераймяноўваць у вуліцу Рыгора Барадуліна! Гэта дакумэнты ўсе перарабляць трэба?»
Спадар ставіцца да гэтай акалічнасьці спакойна:
«Ну няхай так! Усё зьбярэм паціхеньку, нічога. Трэба, гэта ж зямляк, ва ўсіх мясьцінах землякоў шануюць, а ў нас такіх вуліц і не было ніколі. Не, імя Петруся Броўкі ёсьць. А вось імя Быкава — няма. Раз землякі — дык няхай былі б!»
«Трэба неяк увекавечыць, ён жа зямляк, жыў тут, яго ведалі. Калі мы карову трымалі, дык ён малако ў нас браў. І гаспадыню ягоную ўсе ведаюць: яна ж тут і па крамах, і па горадзе хадзіла... І ён у нашым шпіталі разы два лекаваўся, калі яму кепска было. А так, калі ўжо слабое здароўе ў яго стала, дык яго выведуць, бывала, пасадзяць на крэсла ў садзе... Адно што мы ўсе зьдзівіліся, дык што ўсяго хвілінку нейкую паказалі па тэлебачаньні, калі ён памёр. Звычайна як нехта знакаміты памірае, дык шмат гавораць. А пра яго толькі паказалі, што адпявалі ў касьцёле... Ну, але ж прывезьлі сюды, тут труну паставілі, усе суседзі падыходзілі разьвітацца, во як...», — працягвае Надзея Валянцінаўна.
Цяпер цагляны дамок пад нумарам 6 на Школьнай вуліцы, які належыць сям’і Барадуліных, зачынены на замок. Калісьці на гэтым месцы стаяла хата, дзе прайшло дзяцінства дзядзькі Рыгора, каля весьніц тут расьце вялікі вяз, згаданы ў вядомым вершы, прысьвечаным бацьку:
Ня выйшаў ты і ў гэты раз
Мяне спаткаць, паднесьці рэчы…
Ля весніц, толькі зноў твой вяз
Крануў галінамі за плечы.
Ты мне не падасі рукі.
Глядзіш удаль з-пад шкла партрэта…
Партрэты бацькоў Рыгор Барадулін павесіў і ў наноў адбудаванай цаглянай хаце.
Вакол хаты — сад, дзе сёлета асабліва шмат яблыкаў. А вось груша, якую дужа любіў дзядзька Рыгор, сёлета не цьвіла. Нібыта адчувала, што гаспадара ўжо няма, гаворыць Алена Бялевуш, суседка з дому № 7. Яны з мужам Васілём прыглядаюць за барадулінскімі хатай і садам:
«Прыглядаем, а як жа! Мы ж сябравалі. Ён да нас у лазьню мыцца прыходзіў. Доўга яны з мужам мыліся, потым размаўлялі, квас пілі во тут... Ён па-беларуску размаўляў, Рыгор. І ўсе нешта расказваў, любіў апавядаць. А потым во так падыйдзе да таго вялікага дрэва, галавой прытуліцца... Многія цяпер прыяжджаюць паглядзець на гэтую хату, фатаграфуюцца».
Спадар Васіль прапануе прайсьціся па падворку Рыгора Барадуліна і нават запрашае ў хату. Але толькі на першы паверх, на другі не падымаемся — там кабінэт паэта, які не для чужых вачэй:
«Вуліца Рыгора Барадуліна — гэта слушна! Няхай усе памятаюць. Во тут стаяла раней драўляная хатка, жыла ў ёй Акулінка — маці Рыгора звалі Акуліна, і ён у сваіх успамінах пра яе так пісаў... Тут яе трускалкі калісьці расьлі, а сад увесь — ужо стары, яго яшчэ Рыгораў бацька садзіў».
На Школьнай вуліцы два дзясяткі хат і няма асфальту. Месцамі відаць старую брукаванку. Асфальт паклалі б, каб у хаце адчыніць музэй, мяркуюць вяскоўцы. Пра музэй гаворкі пакуль няма, а вось сярэдняя школа будзе насіць імя Рыгора Барадуліна.
Сход працоўнага калектыву ўжо прайшоў, і ўсе адзінадушна пагадзіліся, гаворыць дырэктар Віталь Клімашэўскі:
«Не было ніякіх пытаньняў, яго ж тут ці ня ўсе ведалі! Прынамсі, многія. Ён жа тут і жыў, і ў школу прыходзіў, зь дзецьмі сустракаўся. Будзе ў нас новая шыльда, дзе напішам, што наша ўстанова адукацыі — імя Рыгора Барадуліна».
У вушацкай школе — больш за 800 вучняў. Клясы разьмеркаваныя па некалькіх будынках. На самым новым і павесяць мэмарыяльную шыльду, верагодна — яшчэ да пачатку навучальнага году. А побач захаваўся і стары будынак — той школы, куды ў маленстве хадзіў сам дзядзька Рыгор і ягоныя вушацкія сябры, якія сёньня лічаць, што памяць пра знакамітага паэта абавязкова мусіць быць захавана на ягонай малой радзіме.