«Раней ці пазьней выбіраюць хлопчыкаў для біцьця» — эканаміст пра адстаўку міністра фінансаў

Эканаміст Леанід Заіка камэнтуе адстаўку міністра фінансаў Андрэя Харкаўца.

«Мне Харкавец запомніўся тым, што калі ён вучыўся ў наргасе, то некалькі разоў пераздаваў іспыт майму калегу. То бок ён быў далёка ня ленінскі стыпэндыят... Таму я быў зьдзіўлены, калі выявілася, што гэтага студэнта досыць хутка зрабілі міністрам. Як выкладчык і навуковец я маю права спасылацца на думку маіх калегаў», — адзначае Заіка.

Ён прыгадвае некаторыя эпізоды працы Мінфіну пад кіраўніцтвам Андрэя Харкаўца:

«Дзякуючы Міністэрству фінансаў былі зроблены дзіўныя рэчы. Напрыклад: пошліна на ўдзел у аўтамабільным руху і спроба ўвесьці падатак на беспрацоўных. То бок ёсьць вельмі шмат спраў, які сьведчаць пра прафэсіяналізм ці яго адсутнасьць. Таму я не назваў бы Міністэрства фінансаў самым моцным інстытутам у беларускім урадзе. Неяк з маімі эўрапейскімі калегамі мы аналізавалі склад і дзейнасьць беларускіх міністэрстваў і розных эканамічных структураў. І вось калегі зь Нямеччыны назвалі ў ліку лепшых Нацыянальны банк, а ў ліку, як прынята казаць у інтэлігентным асяродку, ня горшых, а менш цікавых — Міністэрства фінансаў».

У беларускім урадзе — скажу вам шчыра — усе даўно заслужылі такую адстаўку

«У беларускім урадзе — скажу вам шчыра — усе даўно заслужылі такую адстаўку. Міністэрства фінансаў — адно з самых „зьбітых“ міністэрстваў. Многія праблемы зь бюджэтам, з эфэктыўнасьцю падатковай сыстэмы кладуцца на Мінфін», — канстатуе Леанід Заіка.

«Ёсьць яшчэ немалаважны момант: ступень супрацы ва ўрадзе. Можа, Харкавец не да канца разумеў, з кім ён мае справу — я маю на ўвазе прэм’ера і віцэ-прэм’ераў. І раней ці пазьней выбіраюць хлопчыкаў для біцьця. Хоць аб’ектыўна для вялікіх аргвысноваў падставаў не было», — кажа эканаміст.

21 ліпеня Аляксандар Лукашэнка накіраваў у адстаўку міністра фінансаў Андрэя Харкаўца.

Харкавец нарадзіўся ў 1963 годзе. Скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі імя В. У. Куйбышава (1985 г.), Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь (2006 г.). З 1985 году працуе ў Міністэрстве фінансаў БССР і Рэспублікі Беларусь на розных пасадах. У 1995–2006 гг. — начальнік Галоўнага дзяржаўнага казначэйства, у 2006–2008 гг. — першы намесьнік міністра фінансаў. 14 жніўня 2008 году быў прызначаны на пасаду Міністра фінансаў Рэспублікі Беларусь.