Фабрыка «8 Сакавіка» вырабляе верхні, спартовы і бялізнавы трыкатаж, а таксама калготы, шкарпэткі. Асартымэнт даволі шырокі — жаночы і мужчынскі, дзіцячы і дарослы. Здавалася б, толькі пасьпявай шыць, вязаць, лічыць прыбытак ды заахвочваць працаўнікоў годным заробкам.
Аднак і швачкі, і раскройшчыцы ўголас заяўляюць пра нізкія заробкі, якія цяпер нават меншыя, чым два гады таму.
Швачка Галіна: «У нас адна праблема — маленькі заробак: тры мільёны. Нават у 2012 годзе быў тры мільёны 800 тысяч. Бывала, што й да 4 мільёнаў даходзіла. Аб’ём працы такі ж застаўся».
Іншая швачка дадае: «Я заробку нармальнага хачу! Хачу, каб праца наша належным чынам аплачвалася й ацэньвалася — адпаведна зь цяперашнім жыцьцём і коштамі. У нас непамерна высокія нормы. Каб іх выканаць, трэба працаваць па 12 гадзін. Мы й без таго працуем з адным выходным — у нядзелю. Суботы ўсе мы працуем, але 2,7–3 мільёны — гэта верхняя мяжа заробку».
Калектыў найбуйнейшай у краіне фабрыкі лёгкай прамысловасьці заняты працай і ў суботу. Вяжа, шые. Аднак на спажывецкім рынку доля продажу айчынных тавараў той жа лёгкай прамысловасьці — верхняга адзеньня, трыкатажных вырабаў, бялізны, шкарпэтак, абутку — скарачаецца. Статыстыка падае, што за мінулы год продаж розных відах тавараў скараціўся ад 0,7 да 52 адсоткаў у супастаўных коштах. А продаж аналягічных імпартных тавараў тым часам вырас. Тое самае і сёлета.
Запасы гатовай прадукцыі на фабрыцы «8 Сакавіка» за папярэдні месяц склалі 105 адсоткаў.
Адзін з кіраўнікоў фабрыкі зьніжэньне продажу тлумачыць дажджлівым пачаткам лета:
«Рыхтаваліся да летняга сэзону — шылі летні асартымэнт. А тут бачыце, як надвор’е падвяло. Дажджы, дажджы — падвяло надвор’е».
Няма продажу — няма й фінансаў, каб падымаць швачкам заробкі.
Тым часам спажыўцы, гомельскія маладзіцы й кабеты, пра капрызы надвор’я ня згадваюць. Называюць іншыя прычыны — неапраўдана высокія цэны і невялікі выбар сапраўды модных строяў.
Жанчына, якая назвалася Ірынай, толькі што выйшла зь фірмовай крамы фабрыкі «8 Сакавіка»:
«Ёсьць што паглядзець, але ўсё такое — для мамы, для дому. Маечкі, каб дома пахадзіць. Гэта на мой погляд, бо я маладая. Мадэлі маглі б быць і цікавейшыя. Як на мяне, то трэба, каб было болей маладзёжных фасонаў. З бавоўны, напрыклад. Я люблю баваўняныя. Якасьць нармальная, а мадэлі мне ня надта падабаюцца».
На пачатку ліпеня працу мясцовых прадпрыемстваў лёгкай прамысловасьці, у тым ліку і фабрыкі «8 Сакавіка», аналізаваў рэгіянальны Камітэт дзяржкантролю. Адзначалася, што фабрыка панесла дадатковыя фінансавыя выдаткі ў зьвязку з выдачай дырэктару Васілю Шыцікаву буйной грашовай пазыкі.
У 2012 годзе Шыцікаў атрымаў ад фабрыкі на куплю катэджа памерам звыш 250 квадратных мэтраў грашовую пазыку на 1,7 мільярда — пад адзін працэнт на пятнаццацігадовы тэрмін. І безь пераразьліку на ўвесь тэрмін карыстаньня. У выніку, як сказана ў паведамленьні кантралёраў, фабрыка панесла дадатковыя выдаткі блізу 2 мільярдаў.
Ёсьць што паглядзець, але ўсё такое — для мамы, для дому. Маечкі, каб дома пахадзіць
Канцэрну «Беллегпрам» рэкамэндавана ўнесьці на разгляд назіральнай радзе ААТ «8 Сакавіка», доля акцыяў дзяржавы ў якім складае 70 адсоткаў, пытаньне пра мэтазгоднасьць знаходжаньня Васіля Шыцікава на дырэктарскай пасадзе.
Гомельскі эканаміст Мікалай Новікаў лічыць, што прадпрыемствы нярэдка трапляюць у складанае фінансавае і эканамічнае становішча яшчэ й таму, што нямэтава выкарыстоўваюць і без таго невялікія рэсурсы. І фабрыка «8 Сакавіка» гэта добра ілюструе:
«Грошы, ці больш нэўтральнае слова — трансфэрты, пераразьмяркоўваюцца зь бюджэту акцыянэрнага таварыства на карысьць прыватных асобаў. Магчыма, людзі адрэагавалі й на гэты выпадак, бо тут праглядваецца звычайнае махлярства. Інакш назваць крэдыты прадпрыемства, якое само бярэ ў банку крэдыты, не выпадае. Гэта варыянт дзяржаўнага капіталізму. Калі кіраўніцтва выкарыстоўвае грошы для сябе і ня надта клапоціцца пра людзей, ведаючы, што падзецца ім няма куды».