Налібакам, мястэчку, якое дало імя вялікай пушчы, вельмі пашанцавала. У мястэчка зьявіўся свой сайт. Створаны ўраджэнцам Налібак, журналістам Зьмітром Гурневічам. На гэтай інтэрнэт-старонцы зьяўляюцца ўспаміны налібакцаў, партрэты старых местачкоўцаў, унікальныя фатаздымкі. У гісторыі Налібак, убачанай і распаведзенай непасрэднымі яе ўдзельнікамі і сьведкамі, паўстае, як у кроплі вады, гісторыя Заходняй Беларусі. З усімі яе трагедыямі і радасьцямі. Адрас старонкі — nalibaki.org.
Зьміцер Гурневіч — журналіст тэлеканалу «Белсат». На радзіму прыяжджае часта. Мы спаткаліся зь ім каля адноўленага налібацкага касьцёла. Дзе беларускія службы, дарэчы, ідуць дзякуючы не ў апошнюю чаргу і нашаму герою.
— Як нарадзілася ідэя стварыць сайт, прысьвечаны Налібакам?
— Да мяне прыяжджалі сваякі з Канады, яны мне расказвалі, як тут раней было. Мне гэта вельмі цікава было. Я хадзіў, запісваў людзей, часам на паперку. Фатаздымкі старыя браў у іх. У мяне гэтых гісторыяў вельмі шмат назьбіралася. Потым я паехаў у Амэрыку. І там нашы мясцовыя людзі мне фатаздымкаў надавалі, гісторыяў нарасказвалі. Я ўжо прыдбаў сабе дыктафон, відэакамэру. Запісваў, фатаздымкі рабіў. І назьбіралася некалькі папак, агулам на тысячу старонак.
Быў у мяне вольны час улетку. І я вырашыў ставіць усё, што засталося, каб яно ня згінула. Шкада, каб гэта ўсё на сьметнік трапіла. Цікава, што калі дайшоў да нейкай паперкі, сам зьдзіўляюся, што я гэта маю. Бо калі гэта запісваў, не зьвяртаў на гэта ўвагі. Напрыклад, тут недалёка забілі брата польскага прэзыдэнта. Або сюды прыяжджаў польскі прэзыдэнт. Я сустракаў жанчыну, якая яму вершы чытала ў 35-м годзе. І чаплялася адно за адно.
— Нейкая бабуля нешта раскажа. Для яе гэта бытавая гісторыя. А я бачу там гісторыю большую. Адна казала, як яна была малая. Хадзіла ў 35-м годзе ў школу. І быў стогадовы Язэп, які сядзеў на вуліцы і расказваў, што было нейкае паўстаньне супраць рускіх. І як ён малы разам зь сястрой бегалі ў лес. Бо там была бойка з рускімі. І як яны раны дапамагалі ад крыві ачышчаць. Гэта, вядома, паўстаньне Каліноўскага. Такая ідэя сайта, і так яна разьвіваецца.
Сайт становіцца сапраўдным, калі пачынае працаваць. Гэта значыць — чытацца, абмяркоўвацца і прыносіць знаходкі. Nalibaki.org не засталіся незаўважанымі з боку местачкоўцаў. Што лішні раз даказвае: варта аднаму чалавеку пачаць, як неабыякавыя людзі знаходзяцца тут жа.
— Як сайт зьявіўся, зьявіліся і чытачы, вядома. Некаторыя пісалі: «Я ведаю гэтую гісторыю, мне баба зусім па-іншаму расказвала». І пішуць, высылаюць. Вось тут, насупраць касьцёла, жыве сям’я. Сын жыве ў Менску. Іх дом стаіць на тым самым месцы, дзе была радзівілаўская гута. І, прачытаўшы некалькі артыкулаў, ён напісаў, што капаў гарод маці і знайшоў там кавалкі шкла. Ён зрабіў фатаздымкі. Сапраўды, каляровае шкло. І гэта, хутчэй за ўсё, тое, што засталося ад гэтай гуты. Ён знайшоў і кафлю. Археолягі ацанілі, што гэта кафля 17-га стагодзьдзя.
Але самае галоўнае ў працы гэтага сайту, што гістарычная праўда пачынае перамагаць. Вось каля сельсавету стаіць звычайны помнік ахвярам апошняй вайны. Прозьвішчы людзей, якія загінулі ад рук акупантаў. Што тут ня так? Усё ня так. Бо гэта няпраўда. Людзі загінулі ад рук партызан брыгады імя Сталіна.
— Атрымалася проста вялікае непаразуменьне. Стваралі помнік не мясцовыя. І яны апытвалі людзей, каго тут забілі. І тыя назвалі прозьвішчы. Але гэта забілі ня немцы. Забілі партызаны. 8 мая 1943 году. І там ёсьць прозьвішчы жыхароў, якіх забілі партызаны, ёсьць нейкія расейскія прозьвішчы, якіх ніхто ня ведае — відаць, сапраўды загінулыя партызаны. А надпіс — прысьвячаецца ўсім тым, хто загінуў ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і партызанам. І атрымліваецца, што ахвяры і каты — усе на адным помніку.
Найстарэйшы жыхар Налібак, Ян Чарнец, у 43-м годзе жыў не ў саміх Налібаках. Але некаторыя дэталі той трагедыі памятае са словаў сьведак.
— Тут была самаахова. І гэтая самаахова карабіны мела. А як яны зьвязаліся з гэтымі партызанамі, я ня ведаю. Партызаны сталі нападаць і разьбіваць гэтую самаахову. А тыя ўзялі ды камандзіра забілі. А як забілі камандзіра, дык партызаны і тых, хто быў, і тых, хто ня быў... Спалі людзі. Ноччу было. Прыходзяць, адзяваюць, выводзяць на вуліцу і расстрэльваюць.
Забіта было той ноччу 128 чалавек. І ня толькі чальцы самааховы, а іхныя жонкі і дзеці. І гістарычная праўда пра гэтае ваеннае злачынства пачынае перамагаць. Бо ў Налібаках ужо ня трэба тлумачыць, што такое «налібацкая разьня».
Ян Чарнец — чалавек унікальнага лёсу. Сухапары, невысокі, зь ясным розумам і цудоўнай моваю. Ён нарадзіўся ў 14-м годзе. Калі пачалася І сусьветная вайна. У кутку ягонай хаты стаіць старая швейная машынка «Зінгер». Стары Ян — кравец. У ягоных кажухах і сьвітах хадзіла паўнавакольля.
— Толькі з-за яе я мог пражыць.
— А як вы сталі краўцом? Вы самі захацелі?
— Сам захацеў. Некалі, як малы яшчэ быў, бралі на дом краўца. Спадабалася мне гэта. Сем гадоў пасьвіў каровы. Пяць свае і пяць займаў. У дзесяць гадоў пасьвіў дзесяць кароў, зарабляў грошы. У 17 гадоў я кінуў каровы пасьвіць. Купіў сабе машыну, малую. Пайшоў вучыцца. А пасьля, як навучыўся, купіў гэтую. Яна каштавала дзьве каровы. Харошыя каровы. 200 злотых. «Зінгер».
Гэтая машынка ня толькі карміла сям’ю, але і ўратавала старому краўцу жыцьцё.
— У 44-м годзе вас не цягнулі ў войска?
— Як вайна была? Не цягнулі. Бо як вайна была, я ж заняўся з партызанамі. Прыехалі, хацелі забраць як краўца. Шкада машыны было. «Дык шый тутака, на даму». Мусіў рабіць. Прымусілі. Дык вось з-за гэтага я і застаўся, і ня трапіў на вайну.
— З-за супрацоўніцтва з партызанамі.
— Так. Было ўсякіх там, а божачкі. Былі партызаны, што няма чаго гаварыць. Жылі, елі наша, і нідзе нічога нямецкага ня ўзялі. Прыносілі шыць халаты на зіму, белыя. Гэта ўсё тутэйшае. Прыносіць раз кажух. Добры кажух парваў недзе. Прыносіць, каб зашыў. Я паглядзеў, гэта ж мая работа! Пашыў нейкаму хлопцу. «Дзе ты яго ўзяў?» — «Садраў зь немца». Я кажу: «Гэта ж мая работа!» Ён кажа: «Маўчы!» Ну што ты будзеш гаварыць?
Тых, хто бачыў на свае вочы прыход бальшавікоў, сёньняшняя расейская тэлепрапаганда ўжо ня возьме. І стогадовы Ян выглядае нашмат мудрэйшым за многіх сваіх суайчыньнікаў, якія векам маглі б быць яму праўнукамі.
Хочуць Украіну забраць. Дзе ж вы бачылі? У чужым свайго ня знойдзеш ніколі.
— У Польшчы была свабода. Чалавек меў сваё, ён ні ў чым і ні ў кім ня меў патрэбы. Падаткі аплаціў — і да яго ніхто не заходзіць. А зайшлі рускія — зусім іншае настала. У саракавым колькі ж вывезьлі людзей! Расея, яна ўвесь час ваюе і ваюе. Яна ніколі не перастае. Усюды трэба ёй улезьці. А чаго? Расея займае палавіну сьвету. Хай у сябе камандуе. Лезуць ва Ўкраіну. Чаго яму трэба туды? Ты глядзі сваё. Каб народ ня быў галодны і голы. Хочуць Украіну забраць. Дзе ж вы бачылі? У чужым свайго ня знойдзеш ніколі.
— У чужым свайго ня знойдзеш?
— Можаш з-за чужога сваё страціць. Вялікі кусок горла дзярэ.
З-за чужога сваё страціш. Не зьдзіўлюся, калі словы старога краўца яшчэ пры ягоным жыцьці акажуцца прароцтвам.
Карэнных жыхароў у Налібаках амаль не засталося. Бо амаль усе выехалі па вайне. Марыя Жаўнерчык, 95-гадовая бабуля, вырашыла ў свой час застацца на радзіме. Пра што не шкадуе. Яна гадамі вядзе перапіску з усім налібацкім сусьветам.
— У Налібаках нашых людзей няма. Як немец выгнаў, ніхто сюды не вярнуўся. Хто ў Польшчы, хто ў Амэрыцы, хто ў Аўстраліі. А ўсе тут чужапаны. Яны зразумелі, што тут няма нікога. Дык з дальніх вёсак сюды прыехалі лягчэй жыць. Тут усе чужапаны. А нашы ў Амэрыцы. Вось мне пішуць з Амэрыкі лісты. Просяць мяне — напішы, што там у вас.
— А пра што вы пішаце?
— Як жывем. Як да касьцёла. А ці ходзіць хто ў царкву. Бо яе ж не было ніколі. Праваслаўных жа няма.
Зьяўленьне вялікага праваслаўнага храма ў мястэчку, дзе ніколі не было праваслаўных, для старых налібакцаў — самая незвычайная падзея. Бо праваслаўных тут некалькі чалавек. І будаўніцтва немалога храма выглядае не зусім дарэчным. Местачкоўцы гавораць пра моцныя сувязі ў сталіцы ў мясцовага бацюшкі. Адно слова — «чужапаны». У Налібак пачынаецца новая гісторыя. Але, дзякуючы працы Зьмітра Гурневіча, былое старых Налібак будзе ўплываць на заўтрашні дзень.