Андрэй Піянткоўскі. Ліпеньскія «Букі»

Russia - Russian scientist and political analyst Andrey Piontkovsky, September 11, 2013.

Украіна цяпер ужо назаўжды застанецца асноўнай і усёпаглынальнай зьнешнепалітычнай і ўнутрыпалітычнай праблемай пуцінскага рэжыму. «Назаўжды» азначае — да сыходу гэтага рэжыму, «жывым» зь яе Пуцін ужо ня выкараскаецца. І не з-за нейкай зламыснай зьнешняй агрэсіі дружна праклінанага Захаду. Наадварот, усе дыпляматычныя і ідэалягічныя намаганьні Эўропы (Мэркель, Алянд) і ўплывовай часткі амэрыканскага істэблішмэнту (Бжэзінскі, Кісінджэр) да самага апошняга часу былі накіраваны на выратаваньне асобы фармальна ўсё яшчэ супольніка па G8 падпалкоўніка Пуціна. Што яшчэ раз пацьвярджае, наколькі, па вялікім рахунку, гэты рэжым Захад задавальняе.

Чвэрць стагодзьдзя таму савецкі камуністычны праект уступіў у сваю заканамерную фінальную стадыю. Гэбэшная і партыйная намэнклятура канвэртавалі абсалютную палітычную ўладу ў індывідуальную ўласнасьць, а на тэрыторыі былога СССР утварыўся ланцуг крымінальных паханатаў, асуджаных на дэмадэрнізацыю і гніцьцё па меры праяданьня савецкай сыравіннай спадчыны. Лютаўская антыкрымінальная ўкраінская рэвалюцыя, якая прывяла да падзеньня ўлады Януковіча, стварыла сваім прыкладам непасрэдную пагрозу і расейскаму рэжыму, што выклікала шалёную рэакцыю спадара, пастаўленага ў ёй яшчэ ў 1999 годзе «сматрашчым», які цьвёрда вырашыў заставацца ў гэтай ролі пажыцьцёва.

Посьпех Украіны стаў бы кашчэевай сьмерцю пуцінізму. Пуцін проста быў асуджаны распачаць спробу падпарадкаваньня сабе непакорлівай Украіны. Вокамгненная анэксія Крыму стала першым крокам у гэтым кірунку. Да 18 сакавіка Кіеў быў мэтай, анэксія Крыму — адным з інструмэнтаў яе дасягненьня. Але 18 сакавіка адбылася падзея, паваротная не толькі для пуцінскай міталёгіі, але, хутчэй за ўсё, і для ўсёй расійскай гісторыі. Кампазыцыя, рыторыка, аргумэнтацыя крымскай трыюмфальнай прамовы Правадыра былі гэтак відавочна сьпісаныя з гітлераўскіх судэцкіх пропісаў, што знакамітаму крамлёўскаму прапагандысту Міграняну давялося для зьмякчэньня гэтага скандальнага ўражаньня нават вылучыць нязграбную тэорыю «добрага (да 1939 года) Гітлера». У той самай прамове нацыянальны лідэр упершыню паспрабаваў на смак слоўца «нацыянал-здраднікі».

Цяпер яно будзе гучаць часта. На нашых вачах адбываецца пасьпяховая перазагрузка сатлелага за 15 гадоў міту 1999 году. Нараджаецца новы духаўздымны прамяністы міт пра Ўладзіміра Таўрыдзкага, зьбіральніка зямель рускіх. Апошні расейскі міт, бессэнсоўны і бязьлітасны. Пасьля 18 сакавіка зьбіраньне «рускіх зямель», «крым-іналізация» ўсяе прасторы былога Савецкага Саюзу (або нават Расейскай імпэрыі) становіцца, паводле задумы крамлёўскіх мітатворцаў, містычнай звышмэтай і найвышэйшым сэнсам існаваньня разьяднанага расейскага этнасу, які ўстаў, нарэшце, з каленяў і здабыў годную нацыянальную ідэю. А заадно і легітымізацыяй пажыцьцёвага кіраваньня Пуціна.

А Кіеў, Украіна? Так, вяха, адзін з важных этапаў Вялікага Праекту. Посьпех прамовы быў аглушальны. Народ, як высьветлілася, за 15 гадоў яго кіраваньня канчаткова сабраўся для распусты. Правадыр не чакаў такога эфэкту і не імкнуўся да яго першапачаткова, яго цалкам задаволілі б значна больш сьціплыя лаўры душыцеля украінскай рэвалюцыі. Але з 18 сакавіка Пуцін стаў закладнікам новага гераічнага міту, які імкліва заваяваў сэрцы ўражлівых расейцаў і начыста выкрасьліў з калектыўнай памяці ўсё больш папулярны мэм «Путин-вор».

У міталёгіі зьбірання земляў тоіцца, аднак, сур’ёзная небясьпека, яна патрабуе дынамікі, карціны бесьперапыннага пашырэньня космасу «Рускага сьвету». Статыка, любы намёк на адступленьне перад зьнешнім ворагам для яе сьмяротныя, спараджаюць нават сярод самых гарачых прыхільнікаў жудаснае падазрэньне: «Цар не сапраўдны!» Цяпер да самага свайго апошняга дня ва ўладзе Пуцін асуджаны быць Уладзімірам Сапраўдным, лісьлівіць і патураць свайму племені. Крывадушны і цынічны Захад прапанаваў племянному правадыру мюнхенска-жэнэўскую зьдзелку: Крым праехалі, астатняя Ўкраіна будзе незалежнай пазаблёкавай дзяржавай, тыпу Фінляндыі пры Савецкім Саюзе.

Пуцін да 18 сакавіка пагадзіўся б, у нудных перамовах вытаргаваў бы для сябе максымальна жорсткія парамэтры вонкавага кіраваньня рэшткавай Украінай і закрыў бы тэму. Але не такі ўжо быў Пуцін пасьля 18 сакавіка! На простай лініі 17 красавіка ён перш за ўсё натхніў суграмадзян, паведаміўшы, што ўсе мы — носьбіты ўнікальнага генэтычнага коду, які ўзвышаў нас над іншымі народамі і дзяржавамі. І, нарэшце, паставіў найбліжэйшую духаўздымную мэту — Наваросія: восем расейскіх абласьцей, незаконна перададзеных Украіне ці то жыдабэндэраўцамі, ці то жыдабальшавікамі.

Але нельга адкрываць магілы такіх мерцьвякоў. Пятля судэцкай прамовы канчаткова зацягнулася на шыі гітлерызму праз 7 гадоў. З крымскай пятлёй і пуцінізмам усё пайшло значна хутчэй. Перш за ўсё высьветлілася, што ў 6 з 8 залічаных ў Наваросію рэгіёнах не знайшлося нават дастатковай колькасьці пазбаўленых глузду бабулек для арганізацыі рэгулярных масовак з харугвамі і пуцінскімі іконамі. У дзьвюх абласьцях у некалькіх гарадах удалося замацавацца ўзброенай да зубоў разнамаснай кампаніі генэралаў і палкоўнікаў ФСБ, прафэсійных дывэрсантаў, дзясятнікаў МММ, фашыстаў РНЕ, крымінальнікаў, маскарадных казакоў, зьвіхнутых вэтэранаў афгана-каўказскай каланіяльных войнаў.

Фундаментальнай палітычнай слабасьцю гэтага руху «даведзеных да адчаю карэнных жыхароў Наваросіі», якая адрозьнівала яго ад любога іншага сэпаратысцкага праекту ў сьвеце, была адсутнасьць у ім арганікі, няздольнасьць выразна артыкуляваць ні прычын сваёй «роспачы», ні мэтаў свайго «пратэсту». За іх гэта спрабавалі рабіць ваенныя злачынцы з расейскай тэлевізіі, якія пасылалі на забой і на забойствы сотні шчырых маладых людзей, вэрбаваных праз ваенкаматы, каб тыя спынілі, нарэшце, жыдабэндэраўцаў і фашыстаў, што расьпіналі на дошках аб’яваў трохгадовых рускіх хлопчыкаў.

Толькі гэтымі днямі адзін зь лідэраў ДНР Барадай упершыню агучыў, нарэшце, лягічна і пасьлядоўна, філязофію наварасійскай авантуры, перакуліўшы з ног на галаву тэму сэпаратызму: «Межы „Рускага свету“ значна шырэйшыя за межы Расейскай Федэрацыі. Я выконваю гістарычную місію ў імя рускай нацыі, супэрэтнасу, змацаванага праваслаўным хрысьціянствам. Гэтак жа як на Каўказе, я змагаюся на Ўкраіне супраць сэпаратыстаў, гэтым разам не чачэнскіх, а ўкраінскіх. Бо ёсьць Расея, вялікая Расея, Расейская імпэрыя. І цяпер украінскія сэпаратысты, якія знаходзяцца ў Кіеве, змагаюцца супраць Расейскай імпэрыі».

Лепш ня скажаш! Праграма пабудовы Рускага Сусьветнага Рэйху сфармуляваная з гранічнай шчырасьцю. Праўда, дзеля яе рэалізацыі давядзецца, можа быць, загінуць на братазабойчай вайне дзясяткам, сотням тысяч рускіх і ўкраінцаў. Але гэта такая дробязь для мэтра геапалітыкі, літаратуры і ваеннай справы! А за ўкраінскімі сэпаратыстамі прыйдзе чарга эстонскіх, латвійскіх, польскіх, беларускіх, казахскіх, малдаўскіх. Цяпер нас ужо ніхто ня зможа спыніць, мы пойдзем да канца, да Пятай Імпэрыі, да «Рускага свету», да ўціхамірвальнай кашулі. А самі вы, баценька, у вашай сыстэме каардынат — ці не расейскі сэпаратыст, які падступна здрадзіў Вялікай імпэрыі Чынгісхана і дынастыі Юань? Пра гэта ўжо грунтоўна задумваюцца вельмі сур’ёзныя людзі ў Пэкіне.

Пуцін, як адзначалі многія экспэрты, апынуўся ў стане жорсткага цугцвангу. У выпадку ўводу войскаў ва Ўкраіну яго ўжо ня выратуюць ад вельмі балючых сэктарыяльных і пэрсанальных санкцый і Мэркель з Аляндам. Таму пакуль аднолькава бясплённыя і адчайныя вернападданьніцкія заклікі прафэсара МДУ Дугіна да містычнага цела сонечнага Пуціна, і гнеўныя інвэктывы блогера Прасьвірніна на адрас нацыянальнага лідэра. Але і адкрыта зьліць «герояў рускай вясны» пасьля шматмесячнай тэлевізійнай вакханаліі Пуцін ужо ня можа сабе дазволіць: тады па ўсіх ленінскіх канонах прайграная (ды яшчэ з такой ганьбай) імпэрыялістычная вайна пагражае перарасьці ў грамадзянскую. Узбагаціўшы імпэрскія лёзунгі антыалігархічнымі, сапраўдныя буйныя Стралкоў і Барадай акажуцца ідэальнымі важакамі сацыяльнага бунту абяздоленых і зьняважаных супраць нацыянал-здраднікаў у тыле. Калі, вядома, іх не сустрэне на расейскай мяжы зондэркаманда баявых паплечнікаў з ФСБ, каб ветліва суправадзіць у Растоў да месца аказаньня рытуальных воінскіх пашанаў.

Пакінуўшы сталіцу па неадкладных дзяржаўных справах на некалькі дзён, Пуцін даў адмашку праверыць падчас ягонай адсутнасьці эфэктыўнасьць трэцяга хітрага пляну — максымальнага выкарыстаньня агнявой моцы расейскай арміі (авіяцыя, танкавыя калёны, сыстэмы залпавага агню «Град») для зьнішчэньня жывой сілы ўкраінскага войска як бы без афіцыйнага ўварваньня на тэрыторыю Ўкраіны. Доўга, аднак, такая «ваенная хітрасьць» працягвацца ня можа, яна ўжо практычна звалена санкцыямі ЗША 16 ліпеня. Пуцін вярнуўся з свайго лацінаамэрыканскага Фаросу з чыстымі рукамі, якія ў яго, як ён заявіў, у адрозьненьне ад некаторых, не па локаць у крыві. У найбліжэйшыя дні яму давядзецца вызначыцца, што ж мацней пагражае ў пэрспэктыве ягонаму рэжыму асабістай улады — яшчэ больш жорсткія санкцыі або «рэканструкцыі», але цяпер ужо на расейскай тэрыторыі, Узброеных сіл Поўдня Расеі Стралкова — Барадая. І зрабіць халоднай галавой і гарачым сэрцам пакінуты яму экзыстэнцыяльны выбар паміж Чацьвёртай Сусьветнай вайной з англа-саксонскім сьветам і Другой Грамадзянскай з энтузіястамі Рускага Рэйху, якія распазналі ў ім нацыянал-здрадніка.

PS. Жахлівае злачынства, мяркуючы па ўсім, зьдзейсненае 17 ліпеня пад камандаваньнем расейскіх вайскоўцаў палкоўніка Безьлера, палкоўніка Гераніна пакуль ня выяўленымі асобамі, пацьвярджае ўсе выказаныя вышэй ацэнкі. Яно рэзка паскарае рытм перажыванай намі трагедыі і гранічна абвастрае крызіс пуцінскага рэжыму.