Над Данбасам зьбіты пасажырскі самалёт

Абломкі «Боінга-777» і заявы ваяўнікоў (фотагалерэя)

Самалёт Боінг-777 малазійскіх авіяліній сёньня быў зьбіты ў раёне ўкраінска-расейскай мяжы. Падазраюцца сэпаратысты. Вядзецца сьледзтва. ДАДАЛІСЯ ЛІЧБЫ АХВЯР З РОЗНЫХ КРАІН

Пазьней ён упаў каля гораду Шахцёрск Данецкай вобласьці. На месца катастрофы выехала сьледчая група.

«Украерорух» пацьвердзіў факт катастрофы. Прадстаўнік украінскага МУС паведаміў, што загінулі 280 чалавек і 15 сябраў экіпажу. Самалёт ляцеў з Амстэрдаму ў Куала-Лумпур.

У ЗША пацьвярджаюць: самалёт быў зьбіты

Злучаныя Штаты прыйшлі да высновы, што малайзійскі авіялайнэр быў зьбіты. Пра гэта журналістцы тэлеканалу CNN Барбары Стар паведаміў высокапастаўлены службовец амэрыканскай адміністрацыі. Адна з амэрыканскіх радарных сыстэмаў зафіксавала пуск ракеты зямля-паветра і сьледаваньне яе за самалётам непасрэдна перад падзеньнем. Яшчэ адна сыстэма зафіксавала цеплавую сыгнатуру у той момант, калі самалёт прыняў удар, паведаміў службовец. Злучаныя Штаты аналізуюць траекторыю ракеты, каб паспрабаваць выявіць месца, адкуль яна была запушчаная.

Служба бясьпекі Ўкраіны апублікавала на партале youtube перахоп перамоваў сэпаратыстаў пра зьбіты самалёт

У перахопленым радыёабмене адзін з камандзіраў вайсковых фармаваньняў сэпаратыстаў Безьлєр («Бєс») дакладвае свайму куратару палкоўніку ГРУ РФ Германіну пра толькі што зьбіты баевікамі цывільны самалёт.

Сьведкі бачылі ў раёне катастрофы зэнітны комплекс «Бук»

Дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны Антон Герашчанка напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку, што самалёт зьбілі сэпаратысты з расейскага зэнітна-ракетнага комплексу «Бук». Паводле яго, ёсьць відавочцы, якія бачылі перасоўваньне комплексу «Бук» з боку гораду Тарэз у Сьнежнае.

Факт крушэньня ляйнэра пацьвердзіў афіцыйны прадстаўнік штаба спэцапэрацыі супраць сэпаратыстаў Уладзіслаў Селязьнёў і ўлады самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі.

Сэпаратыст Барадай ківае на ўкраінскіх вайскоўцаў

Самазваны прэм’ер-міністар «Данецкай народнай рэспублікі» Аляксандар Барадай адмовіў якое-колечы дачыненьне сэпаратыстаў да катастрофы самалёта, сказаўшы, што яны ня маюць у сваім арсэнале ракетаў, здольных зьбіць самалёт, які ляціць на вышыні 10 000 мэтраў. Барадай заявіў, што інцыдэнт быў «правакацыяй», якую ўчынілі ўкраінскія вайскоўцы.

Парашэнка заклікае стварыць міжнародную камісію

Прэзыдэнт Пётр Парашэнка выказаўся за стварэньне дзяржаўнай камісіі з прыцягненьнем міжнародных структур для расьсьледаваньня прычын трагедыі. Прэс-служба ўкраінскага кіраўніка адзначае, што гэта ўжо трэці выпадак пасьля зьбіцьця двух украінскіх вайсковых самалётаў. «Мы не выключаем, што гэты самалёт таксама быў зьбіты, і падкрэсьліваем, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны не праводзілі ніякіх дзеяньняў па паражэньні цэляў у паветры», цытуе заяву «Украінская праўда».

Парашэнка ад імя дзяржавы выказаў глыбокія і шчырыя спачуваньні сем'ям і блізкім загінулых.

Пуцін спачувае

Расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін выказаў глыбокія спачуваньні прэм'ер-міністру Малайзіі Наджыбу Разаку ў сувязі з катастрофай пасажырскага самалёта малайзійскай авіякампаніі.

Самапісцы ў руках сэпаратыстаў

Першы віцэ-прэм'ер самаабвешчанай «ДНР» Андрэй Пургін заявіў, што бартавыя самапісцы малазійскага «Боінга», які ўпаў у раёне Торэза, будуць перададзеныя ў Маскву на экспэртызу.

«Безумоўна, мы іх, хутчэй за ўсё, у МАК [Міждзяржаўны авіяцыйны камітэт – РС.] перададзім, у Маскву. Там працуюць высакаклясныя экспэрты, якія змогуць дакладна ўстанавіць прычыну катастрофы, хоць яна і так зразумелая», – сказаў Пургін.

Пра які зьбіты самалёт гаварыў сэпаратыст Стралкоў?

Незадоўга да таго, як зьявіліся паведамленьні аб тым, што малазійскі «Боінг 777» разьбіўся ва ўсходняй Украіне, лідэр сэпаратыстаў Ігар Гіркін (вядомы як Стралкоў) пахваліўся на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Вконтакте, што сэпаратысты зьбілі ўкраінскі транспартны самалёт Ан-26. Стралкоў напісаў, што самалёт упаў каля гораду Тарэз прыблізна 40 кілямэтраў на ўсход ад Данецку. У посьце былі два відэа, якія паказалі рост шлейфу чорнага дыму на адлегласьці.

Яшчэ раней сёньня Кіеў абвінаваціў расейскіх вайскоўцаў у тым, што яны зьбілі ўкраінскі зьнішчальнік, але Расея адпрэчыла гэтае абвінавачаньне як «абсурднае».

Скрыншот з акаунта Стралкова «В Контакте»

Сярод загінулых ёсьць грамадзяне ЗША

Дарадца кіраўніка ўкраінскага МУС Зоран Шкірак сьцьвярджае, што колькасьць загінулых у выніку аварыі больш як 300 чалавек. На сваёй старонцы ў Фэйсбуку ён напісаў, што сярод іх 23 грамадзяніны ЗША.

На месцы катастрофы працягваюцца пошукава-выратавальныя працы.

Інтэрфакс-Украіна ўдакладняе, што абломкі самалёта знаходзяцца ў пасёлку Грабавым Данецкай вобласьці. Гэты населены пункт на мяжы з Луганскай вобласьцю цяпер кантралююць сілы «ДНР».

Прэзыдэнт Украіны Парашэнка назваў крах самалёта тэрактам.

Расіян на борце не было

Пра гэта паведаміў сёньня журналістам кіраўнік міністэрства надзвычайных сытуацый Расеі Ўладзімір Пучкоў.

Паводле брытанскага тэлеканалу Ай Ці Ві на борце самалёта былі 9 падданых Брытанскага каралеўства. Брытанія заявіла пра неабходнасьць правесьці тэрміновую сустрэчу Рады бясьпекі ААН па сытуацыі ва Ўкраіне. Пра гэта заявіў прадстаўнік Брытаніі ў ААН Марк Грант.

Белавія і іншыя кампаніі мяняюць маршруты

Дыспэтчарскія службы Эўропы накіроўваюць усе самалёты, што карыстаюцца міжнароднымі паветранымі калідорамі над Украінай, у абыход паўднёва-ўсходніх раёнаў. Пра гэта паведаміла міністэрства транспарту Вялікабрытаніі.

Найбуйнейшая нямецкая авіякампанія Lufthansa прыняла рашэньне неадкладна спыніць палёты праз паветраную прастору ўсходняй Украіны. Такі ж крок зрабіла француская Air France. Чэская кампанія ČSA гатовая адмяніць рэйсы ў Ташкент і Растоў-на-Доне, калі ня знойдзе альтэрнатыўнага маршруту. Кампанія Белавія таксама зьмяніла маршруты пералёту сваіх самалётаў праз паветраную прастору Ўкраіны.

На борце самалёта, які разьбіўся на Данбасе, было 80 дзяцей

Сярод пасажыраў ляйнэра Boeing малайзійскай авіякампаніі, які разьбіўся ў Данецкай вобласьці, было 80 дзяцей. Пра гэта паведамляе РІА Навіны са спасылкай на аўстрыйскую газэту Osterreich. «Паводле папярэдніх зьвестак, на борце гэтага ляйнэра было 80 дзяцей», - гаворыцца ў паведамленьні СМІ.

Як паведамілі прадстаўнікі маляйзійскіх авіялініяў, з ідэнтыфікаваных ахвяраў – 154 галяндцы, 27 аўстралійцаў, 23 малайцы, 11 інданэзійцаў, 6 брытанцаў, 4 немцы, 4 бэльгійцы, 3 філіпінцы, 1 канадзец. Раней паведамлялася, што сярод пасажыраў былі 23 амэрыканцы.