Некалькі дзён таму, яшчэ падчас уступнай кампаніі, ВНУ краіны абвясьцілі новыя кошты платнага навучаньня. Прэстыжныя спэцыяльнасьці, кшталту мэдыцыны, міжнародных адносінаў, IT-тэхналёгіяў — больш за 20 мільёнаў. Завочнае — ад 6 мільёнаў у год.
«Я ўвогуле лічу, што вышэйшая адукацыя патрэбная ня ўсім. Калі працуеш добрым цесьляром, то можна самастойна ўдасканальвацца, і навошта „корачка“? — кажа абітурыентка Тацяна Канаш. — Але цяпер нават каб пайсьці на запраўку апэратарам, адукацыя патрэбная, каб уладкавацца мэнэджэрам па продажах у просьценькую краму — таксама.
Калі мяне выключылі з унівэрсытэту, я сутыкнулася з гэтай праблемай. Усе працадаўцы цікавіліся, якая ў мяне адукацыя. Але адна з маіх знаёмых тады адкрыла клюб дзіцячага разьвіцьця і ўзяла мяне туды. Ужо гады чатыры шчыльна працую зь дзеткамі ў садках».
Тацяну выключылі пасьля трэцяга курсу філялягічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту, бо, як яна згадвае, ставілася да вучобы безадказна:
«Паступіла, як і ўсе, адразу пасьля школы. ВНУ і факультэт выбірала не па тым, куды больш цягнула, а па тым, што лепш атрымлівалася».
Зараз яна зьбіраецца паступаць на завочнае факультэту псыхалёгіі БДПУ. Кошт адукацыі — каля 6 мільёнаў на год — падаецца прымальным.
«Хто ня марыць стаць праграмістам?»
Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі — у лідэрах і па конкурсе (прахадныя балы на асобныя спэцыяльнасьці даходзяць да 350), і па коштах навучаньня. На дзённым аддзяленьні каля 23 мільёнаў у год. Але ўсё адно гэта рэнтабэльна, лічыць абітурыент, які падае дакумэнты на факультэт кампутарных сыстэм і сетак. «Хто ня марыць стаць праграмістам?» — кажа большасьць абітурыентаў.
Студэнт БДУІР Уладзіслаў Драбкоў працуе ў прыёмнай камісіі, прымае дакумэнты. Кажа, што шмат абітурыентаў маюць вельмі высокія балы — 360, 380 балаў, але ёсьць і зь сярэднімі — каля 260.
Ці абавязкова паступаць адразу пасьля школы?
Бальшыня моладзі імкнецца паступіць адразу пасьля школы. Калі не ўдаецца ў ВНУ — то хоць куды, абы вучыцца.
«Я праваліла ЦТ, а разам зь ім праваліліся і мае пляны. Зараз зьбіраюся ісьці ў калеж, бо адпаведнага ліцэю ў Магілёве не знайшла», — кажа Сьвятлана Станіслаўская. На пытаньне, ці не зьбіраецца яна ў наступным годзе здаць тэсты і паспрабаваць яшчэ раз, адказвае сустрэчным пытаньнем:
«А што тады рабіць сёлета? Так, я б уладкавалася на працу. Але нават на лета не бяруць падлеткаў працаваць, тым больш бяз вопыту. Можа, калі-небудзь і буду шкадаваць аб гэтым рашэньні, але ня зараз».
А хтосьці, наадварот, пасьпяхова здаўшы тэсты і паступіўшы летась, ужо кінуў вучобу і спрабуе зноў.
«Я ўжо другі год паступаю, — кажа Надзея Сулько з Гомельскай вобласьці. — Вучылася ўжо год у Менску на эканаміста і зразумела, што гэта зусім не маё. Цяпер хачу паступіць у БНТУ. Жыву ў Рэчыцы, і тут добра разьвітая нафтавая прамысловасьць. Хоць ня ведаю, ці будзе гэта запатрабавана пасьля майго выпуску, і нават ня ведаю, ці буду працаваць па спэцыяльнасьці. Хацелася б застацца ў Менску, і на гэта ёсьць прычыны».
«Адразу пасьля ВНУ хачу працаваць па спэцыяльнасьці»
Паступаючы ў Беларускі дзяржаўны тэхналягічны ўнівэрсытэт на новую спэцыяльнасьць — дызайн электронных і вэб-выданьняў, Міхась Новікаў ведае, што робіць — раней ужо падпрацоўваў у гэтай галіне.
«Не хапіла крыху балаў для бюджэтнага, спадзяюся прайсьці на платнае навучаньне. Але туды бяруць усяго 15 чалавек.
Зьбіраўся зьвязаць будучыню з эканомікай, як бацькі. Але ўявіў, як буду вучыцца, як працаваць першыя гады — у офісе, запаўняць процьму папер... Сумна і цяжка. Таму перадумаў, як толькі на вочы трапілася спэцыяльнасьць „вэб-дызайнэр/праграміст“. На маю думку, прафэсія пэрспэктыўная, цікавыя прадметы вывучаюцца ва ўнівэрсытэце, таму лёгка вызначыўся. Адразу пасьля ВНУ хачу працаваць па спэцыяльнасьці. Любата ў тым, што нават калі я не знайду сталай працы, заўсёды змагу падпрацаваць у сеціве».
Ілюстрацыйныя фота з уступнай кампаніі — Івана Каралёва