Маніторынг: ціск на беларускіх студэнтаў узмацніўся

Моладзь дапамагае ў будаўніцтве Чыжоўка-арэны, архіўнае фота

Апошнім часам у Беларусі ўзмацніўся ціск на студэнтаў за ўдзел у дзейнасьці арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці.

Да такой высновы прыйшлі каардынатары маніторынгу парушэньня правоў і акадэмічных свабодаў студэнтаў, які праводзіўся Моладзевай прафсаюзнай групай «Студэнцкая рада» ў рамках дзейнасьці Грамадзкага Балёнскага камітэту.

Як распавяла Радыё Свабода каардынатарка юрыдычнай кансультацыі «Студэнцкай рады» Марына Штрахава, падчас маніторынгу фіксаваліся выпадкі, калі дэканы ці іншыя прадстаўнікі адміністрацыі ВНУ праводзілі са студэнтамі індывідуальныя гутаркі пра тое, што дзейнічаць у арганізацыях грамадзянскай супольнасьці непажадана. Раілі адмовіцца ад такой дзейнасьці, заклікалі задумацца пра магчымыя нядобрыя наступствы.

«Прычым такія паведамленьні паступаюць не ад актывістаў, а ад простых студэнтаў, якія некалькі разоў бралі ўдзел у мерапрыемствах якой-небудзь арганізацыі ці хоць бы ўступілі ў суполку арганізацыі „Ўкантакце“. Раней такога намі не фіксавалася. Раней мог быць ціск на актывістаў, якія публічна і адкрыта вядуць сваю дзейнасьць, але звычайных людзей, тым больш проста за ўдзел у мерапрыемствах, ніколі не чапалі. Гэты маніторынг зафіксаваў іншую сытуацыю. Атрымліваецца, што зараз людзей чапаюць хоць бы за нейкую сувязь з грамадзкімі арганізацыямі», — кажа Марына Штрахава.

Між тым яна адзначае, што падчас падобных індывідуальных гутарак прадстаўнікі адміністрацыі ВНУ наўпрост не пагражаюць студэнтам ні адлічэньнем, ні якімісьці дысцыплінарнымі спагнаньнямі.

«Але сам факт таго, што са студэнтамі размаўляюць з прычыны іх грамадзкай дзейнасьці, — на наш погляд, гэта ўжо парушэньне права на свабоду асацыяцыяў», — падкрэсьлівае Штрахава.

Кажучы ў цэлым пра сытуацыю з парушэньнем правоў і акадэмічных свабодаў студэнтаў, каардынатар юрыдычнай кансультацыі «Студэнцкай рады» адзначае, што за апошні час стан рэчаў істотна не зьмяніўся.

«Сытуацыя застаецца прыблізна аднолькавая. Можна хутчэй казаць пра нейкія перагіны ў асобна ўзятых унівэрсытэтах. Але ў цэлым сытуацыя, якую паказаў маніторынг, — яна назіралася і ў папярэднія гады», — кажа Штрахава.

У дакладзе па выніках маніторынгу адзначаецца, што ціск на студэнтаў з боку адміністрацыі ВНУ традыцыйна павялічваецца падчас значных грамадзкіх падзеяў.

Пры далейшым захаваньні падобных парушэньняў правоў і акадэмічных свабодаў студэнтаў беларуская сыстэма адукацыі яшчэ доўгі час застанецца ўбаку ад эўрапейскіх акадэмічных каштоўнасьцяў

Напрыклад, падчас апошніх выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў масава фіксаваўся прымус да ўдзелу ў датэрміновым галасаваньні, у першую чаргу сярод студэнтаў, якія пражываюць у інтэрнатах.

А вось падчас чэмпіянату сьвету па хакеі менскіх студэнтаў прымушалі да бясплатнай працы.

«Студэнтаў проста здымалі з заняткаў, або ў вольны час ім казалі, што яны павінны прыйсьці ў працоўнай адзежы і, напрыклад, паехаць прыбіраць «Чыжоўка-Арэну», — распавядае Штрахава.

Застаецца праблема студэнцкага самакіраваньня, якога ў ВНУ Беларусі практычна няма. Таксама захоўваецца дазвольны парадак выезду навучэнцаў за мяжу, што парушае акадэмічныя правы і свабоды студэнтаў.

«Пры далейшым захаваньні падобных парушэньняў правоў і акадэмічных свабодаў студэнтаў, адмове ад карэннага рэфармаваньня нарматыўнай базы вышэйшай адукацыі беларуская сыстэма адукацыі яшчэ доўгі час застанецца ўбаку ад эўрапейскіх акадэмічных каштоўнасьцяў, што прывядзе да чарговага адхіленьня заяўкі на прыняцьце Беларусі ў Балёнскі працэс у 2015 годзе», — падкрэсьліваецца ў высновах дакладу «Студэнцкай рады».