Этнічныя ўкраінцы, што цяпер жывуць у Беларусі, чакаюць ад беларусаў маральнай падтрымкі і хочуць данесьці да іх, што насамрэч адбываецца цяпер ва ўсходніх рэгіёнах Украіны.
Этнічныя ўкраінцы з розных куткоў Беларусі сабраліся ў амбасадзе Ўкраіны ў Менску, каб прыняць супольную заяву. Узгаднялі дакумэнт даволі доўга. Галасавалі за кожны пункт, распавёў Радыё Свабода старшыня культурна-асьветніцкага грамадзкага аб’яднаньня ўкраінцаў «Дніпро» з Магілёва Генадзь Гузій:
«Цэласнасьць Украіны, як і Расеі, як і Амэрыкі, — гэта сьвятое. І ня трэба было разьвязваць усю гэтую бойню, ні ў якім разе. Таму я цалкам на баку Ўкраіны. Я сам бандэравец, патрыёт Украіны. Але, жывучы ў Беларусі, я паважаю беларускі народ, паважаю дзяржаву, яе народ, бо гэта іх дзяржава, і я тут у гасьцях, як кажуць».
Аўтары заявы падкрэсьліваюць, што анэксію Крыму Расеяй не прызнала большасьць дзяржаваў сьвету. «Украіна ў цяжкіх умовах працягвае вызваленчую барацьбу з тэрарыстамі, дывэрсантамі і „пятай калёнай“ сэпаратыстаў за права народу на свабодную працу і непарушнасьць межаў, гарантаваных міжнароднымі дамовамі, пад якімі стаяць подпісы кіраўнікоў Расейскай Фэдэрацыі. Але, на жаль, гэтыя подпісы імі праігнараваныя і ня вартыя нічога», — адзначаецца ў заяве.
Старшыня грамадзкага аб’яднаньня ўкраінцаў «Ватра» Віктар Гутоўскі кажа, што ўкраінцы, што жывуць у Беларусі, хочуць данесьці да беларусаў, што насамрэч адбываецца ва Ўкраіне:
«Мы спадзяемся хаця б на маральную падтрымку беларускага народу. Каб ён зразумеў ход падзеяў, якія адбываюцца ва Ўкраіне, зразумеў, што насамрэч адбываецца за гэтай таталітарнай хлусьнёй, якую перадаюць расейскія каналы. Гэтыя падзеі не раскалолі ўкраінскі народ, наадварот, народ стаў больш адзіным, згуртаваным у барацьбе супраць расейскага агрэсара. 156 краінаў не прызналі акупацыю Крыму, і мы, этнічныя ўкраінцы, ня можам прызнаць. І, мне здаецца, значная частка беларусаў не прызнае, з маральнага пункту гледжаньня не павінна ўхваліць акупацыю Крыму расейскімі войскамі».
Дарэчы, у заяве зьвяртаецца ўвага на тое, што разьвязаная расейскім бокам у СМІ «кругласутачная інфармацыйная агрэсія» супраць украінскага народу не знаходзіць «належнага адпору» ў міжнародных СМІ.
На думку старшыні грамадзкага аб’яднаньня ўкраінцаў «Ватра» Віктара Гутоўскага, украінскія ўлады павінны праводзіць у дачыненьні да Расеі больш жорсткую палітыку:
Украіна, калі акупавалі Крым, павінна была разарваць дыпляматычныя адносіны з Расеяй
«Украіна, калі акупавалі Крым, павінна была разарваць дыпляматычныя адносіны з Расеяй. І мне шкада, што дагэтуль Украіна гэтага не зрабіла. Гэта, мне здаецца, пытаньне чэсьці, гонару ўкраінцаў. Калі мы бачым адкрытую агрэсію, мы павінны разарваць дыпляматычныя адносіны і абвясьціць агрэсара агрэсарам і заваёўнікам».
Этнічныя ўкраінцы шчыра перажываюць і за непаразуменьні, якія час ад часу ўзьнікаюць паміж краінамі. Так, зь беларускіх кабэльных сетак выключылі ўкраінскія тэлеканалы. Непакоіць беларускіх украінцаў і напружанасьць у эканамічных стасунках — тое, што беларускі бок увёў ліцэнзаваньне імпарту ўкраінскага піва і кандытарскіх вырабаў, а Ўкраіна ў адказ абклала беларускія тавары вялікім мытам. Старшыня Магілёўскага культурна-асьветніцкага грамадзкага аб’яднаньня ўкраінцаў «Дніпро» Генадзь Гузій выказаў такое меркаваньне:
«Трэба праўду казаць, што Беларусь зрабіла першы крок — у межах Мытнага саюзу — увяла ліцэнзаваньне на кандытарскую прадукцыю і піва. Гэта іх першы крок. А тады ўжо другі крок зрабіла Ўкраіна. Але гэта ўсё ня дужа добра, і доўга гэта трымацца ня будзе. Прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка не адзін раз казаў, што мы будзем разам жыць, разам працаваць, разам гандляваць. Усё так і будзе, я ў гэтым упэўнены. Жыве Беларусь!»