У Менску па паштовых скрынях невядомыя распаўсюджваюць улёткі ад імя Зянона Пазьняка з заклікам рыхтавацца да партызанскай вайны з Расеяй.
Адна з улётак апынулася ў распараджэньні сайта «Беларускі партызан».
Лідэр КХП-БНФ Зянон Пазьняк заклікае беларусаў яднацца ў невялікія групы па 2-3 чалавекі, шукаць зброю і рыхтавацца да супраціву Расеі, якая пагражае нацыянальнай бясьпецы і незалежнасьці Беларусі.
«Так, гэта робіць Зянон Пазьняк, — пацьвердзіў Радыё Свабода намесьнік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі. — Якімі мэханізмамі распаўсюду ён валодае, цяжка сказаць. Ён працуе ня толькі з партыяй, але і зь іншымі структурамі, якія могуць распаўсюджваць зварот зь яго подпісам. Партыя КХП-БНФ гэтым не займаецца. Зянон Пазьняк — нацыянальны лідэр, зь якім працуюць розныя структуры».
Таксама ва ўлётцы сказана, што расейска-ўкраінская вайна — гэта і беларуская вайна. Лідэр КХП-БНФ заклікае беларусаў дапамагаць ўкраінцам, ехаць добраахвотнікамі і ўступаць у батальёны.
Раней МУС Беларусі распаўсюдзіла заяву, у якой папярэдзіла беларусаў аб крымінальнай адказнасьці за ўдзел у баявых дзеяньнях у суседняй краіне.