«Калі ва Ўкраіне пачнецца вайна, нам будзе толькі лепш», — апытаньне ў Гомелі

Чым пагражае беларусам вайна ва Ўкраіне? Разнастайныя адказы на гэтае пытаньне карэспандэнт Радыё Свабода пачуў на вуліцах Гомеля.

«А чым яна можа пагражаць? Нічым! — кажа мужчына сярэдняга веку. — Галавы ў нас не падымуць. Бандэраўцаў у нас нібыта няма. Апазыцыі таксама няма».

«Нам вайна, у якім бы кутку яна ні была, пагражае асабіста, — разважае спадарыня. — Гэта і эканамічныя праблемы, і прававыя. У нас спакойная краіна. Якія-кольвечы ненармальныя ў нас могуць схавацца. Бандыты! Там яны штосьці кепскае зробяць, а ў нас — схаваюцца».

«Наш прэзыдэнт імкнецца захаваць добрасуседзкія адносіны: мы ж вельмі завязаныя ў эканамічным пляне, — сталы спадар відавочна падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку. — Таму стасункаў з Украінай наш прэзыдэнт ня страціць».

«Чым можа нам пагражаць? Калі яны разьвяжуць вайну, то ніхто ўбаку стаяць ня будзе. Наш прэзыдэнт таксама ўбаку стаяць ня будзе: уцягнуць і нас», — гэтая жанчына настроеная хутчэй пэсымістычна.

А гэты сталы мужчына бачыць ва ўкраінскай сытуацыі суцэльную выгаду для Беларусі: «Я лічу, што, наадварот, мы зь імі будзем гандляваць больш. Яны дарэшты зьбяднеюць. Нашу прадукцыю ў іх будуць лепей купляць. Украінцы будуць яе браць».

Наступны малады мужчына падышоў да пытаньня грунтоўна: «Як звычайнаму насельніцтву, то наўрад ці. Больш эканоміцы краіны будзе пагражаць. Чаму? Калі Расея ўцягнецца ў вайну, Украіна ўцягнецца ў вайну, то куды мы сваю прадукцыю будзем збываць? Вайна — гэта заўсёды дорага. Калі наш прэзыдэнт уцягнецца ў вайну, пачне пасылаць туды нашых хлопцаў на баку Расеі, то гэта будзе тычыцца й Беларусі. Мы ня зможам застацца ўбаку. Простаму насельніцтву гэтыя войны не патрэбныя. Гэта трэба палітыкам. У мяне вельмі шмат знаёмых ва Ўкраіне — у Харкаве, Чарнігаве, Кіеве. І калі пачалася ўся гэтая заварушка ва Ўкраіне, мне было балюча».

«Нам пагражае, я думаю. Гэта з Расеяй зьвязана. Калі там з Расеяй завяжацца штосьці, то й мы ўбаку ня будзем», — кажа гамяльчанка. Выглядае, што жанчыны больш сур’ёзна ўспрымаюць такую пагрозу.

А вось меркаваньне зусім маладога хлопца: «Мне на гэтую вайну начхаць. Пры чым тут мы? Там людзі самі распачалі вайну, няхай самі й разграбаюць».

«Таксама небясьпечна, таксама баімося, каб з намі чаго ня здарылася, каб на нас не напалі. Страшна. Каб хоць у нас вайны не было. Усё гэта страшна. І для эканомікі кепска, і для адпачынку кепска. Калі мы раней езьдзілі ва Ўкраіну адпачыць, то цяпер, натуральна, баісься, не паедзеш, не адпачнеш», — гэтая маладая жанчына шчыра занепакоеная.

«Эканамічна, магчыма, нешта зьвязана. А так... Беларусы — мірны народ. Што нам Украіна? Супраць нас яны ня пойдуць», — сталы спадар упэўнены, што беларусаў гэта не кране.

А гэты мужчына сярэдняга веку лічыць, што ад вайны камусьці бывае добра: «Не пагражае. Ніякай небясьпекі. Мы лепей зажывём: каму вайна, а каму — маці родная».