Я сёньня ў сярэднім сельгаспрадпрыемстве Гарадзенскага раёну, размаўляем пра гэта са старшынём гаспадаркі. На яго просьбу імёнаў і назваў не агучваю.
Паводле старшыні сельгаспрадпрыемства, гэта рашэньне Лукашэнку варта было прымаць раней, бо, на яго думку, гэта дасьць штуршок разьвіцьцю сельскай гаспадаркі і зэканоміць дзяржаўныя грошы. Ён кажа, што большасьць слабых гаспадарак ня здолеюць за паўгода пачаць працаваць бяз стратаў.
Зрэшты, ужо сярэднія па сёньняшніх мерках сельгаспрадпрыемствы здолеюць існаваць нават у рынкавых умовах — але толькі тады, калі ім дадуць сапраўдную свабоду, каб яны самастойна маглі прадаваць сваю прадукцыю, самі называлі на яе цэны, самі вырашалі, куды і на што траціць свае грошы, без пасярэднікаў і загадаў зьверху.
Старшыня прыводзіць прыклад: сёньня гаспадарка, маючы грошы на рахунку, ня можа самастойна закупіць мінэральныя ўгнаеньні, бо яны пастаўляюцца цэнтралізавана праз пасярэдніка — Аблсельгастэхніку, якая накручвае на адпускную цану з заводу яшчэ больш за 20%.
«Мінэральныя ўгнаеньні паступалі нясвоечасова, даводзілася зьніжаць нормы. Я ня выбраў нормы ўгнаеньняў паводле заяўкі, а зь мяне патрабуюць заплаціць за ўсю заяўку. Але ж ня ў час лыжка па абедзе. Яны мне пішуць, што паставілі ўгнаеньні да 30 траўня, а я ім кажу, што ў мяне пасяўная скончылася да 1 траўня».
Старшыня кажа, што гэта толькі адзін з прыкладаў. А ёсьць і шмат іншых, калі пасярэдніцкія структуры, створаныя дзяржавай, спараджаюць праблемы. Гаспадарка ня можа самастойна закупіць абсталяваньне для перапрацоўкі сваёй прадукцыі, ня можа ўдзельнічаць у тэндэрах, бо «наверсе» лепей ведаюць, што патрэбна, і ўсё вырашаюць за іх. А калі сельгаспрадпрыемствы стануць свабоднымі, то ўсе гэтыя структуры застануцца бяз працы.
На вуліцы размаўляю з даяркаю спадарыняй Валянцінай. Яна кажа, што ня ведае, ці здолеюць сельгаспрадпрыемствы выжыць, калі стануць самастойнымі, але паказвае мне, што ў вёсцы дрэнная дарога, газ абяцаюць правесьці ўжо гадамі, дый фэрма ў іх старая, а пра будоўлю новае ніхто нічога ня кажа. Даярка лічыць, што лепш было б, каб на зямлі гаспадарылі фэрмэры, а не калгасы.
Людзі толькі п’юць у гэтых калгасах. А будзе сваё, то будуць рабіць
«Мне здаецца, што трэба рабіць фэрмэрства, і тады людзі будуць працаваць на сябе і будзе нейкі толк. А так людзі толькі п’юць у гэтых калгасах. А будзе сваё, то будуць рабіць».
Спадар Эдуард працуе на трактары. Ён ня вельмі разумее, навошта трэба прыватызаваць нават стратныя сельгаспрадпрыемствы.
«Зачыняць калгасы ня трэба, а вось падтрымка неабходная, бо тут жа зусім нізкія заробкі. Тэхнікі хапае, а людзей нестае. А што заробкі 2–3 мільёны — паспрабуй цэлы дзень у такую сьпёку праседзець у трактары. Гэта ж нерэальна. А нерэнтабэльныя калгасы таму, што, да прыкладу, як у нас раней была фэрма, дзе качак гадавалі — то качкі добра прадаваліся. А потым раптоўна ўсё абвалілася. Цяпер калгасы трохі ажываюць, але паволі».
Малады спадар працуе на калгасных майстэрнях. Кажа, што чуў выступ Лукашэнкі, але яму нешта ня верыцца, што калгасы здолеюць жыць без датацыяў.
Людзі фэрмэрствам займацца ня хочуць, бо нявыгадна
«Без падтрымкі ня выжывуць гэтыя калгасы. Яны і так ужо зь дзесяці аб’ядналіся ў тры, таму без падтрымкі ў іх нічога ня будзе. А людзі фэрмэрствам займацца ня хочуць, бо нявыгадна. Трэба ж тэхніку купіць, мець нейкі стартавы капітал. Ды яшчэ баяцца, што грошы нашы ненадзейныя. Усе баяцца, што рубель абваліцца — і што потым?..»
А вось спадар пэнсійнага веку распавядае, што ўсё жыцьцё адпрацаваў у калгасе. На яго думку, альтэрнатывы ім няма, бо не засталося тых людзей, хто хоча самастойна працаваць на зямлі. Тым ня менш ён аптымістычна глядзіць на тое, што і нашы сельгаспрадпрыемствы змогуць жыць самастойна, безь дзяржаўнай падтрымкі.
«Тут, вядома, шмат будзе залежаць ад таго, які ў такой гаспадарцы старшыня. Калі будзе талковы, то будуць жыць. Толькі трэба, каб яму ня спутвалі цэны на яго прадукцыю: то большыя, то меншыя. Ён сам зможа іх устанавіць, паедзе на рынак, зарыентуецца і будзе прадаваць так, каб яму выгадна было. А як будуць перашкаджаць — то завысіць, то панізіць... тады з гэтага нічога ня будзе».