«Я лічу гэтую сустрэчу карыснай, бо дэпутат Віктар Фесак даведаўся пра ініцыятыву „Народны рэфэрэндум“, што ўжо добра. Для мяне гэта крыху дзіўна, бо дэпутаты павінны сачыць за грамадзка-палітычным жыцьцём краіны, але для яго гэта была навіна. Я распавёў, і ён падрабязна запісаў усе 6 пытаньняў», — паведаміў Сяргей Вазьняк.
Вазьняк папярэдзіў Фесака, што да канца лета ў Палату прадстаўнікоў перададуць першыя 50 тысяч подпісаў з патрабаваньнем зладзіць рэфэрэндум, «каб да восеньскай сэсіі дэпутаты былі ўжо ў курсе, што ёсьць такія подпісы».
Фесак «быў вельмі асьцярожны ў выказваньнях — сказаў, што калі подпісы паступяць, дэпутаты ўважліва вывучаць прапановы і будуць шмат над імі думаць».
Сяргей Вазьняк пераказвае яшчэ адзін фрагмэнт сустрэчы:
«Я спрабаваў зь яго выцягнуць пэрсанальную думку па пытаньні выбарнасьці старшыняў райвыканкамаў. Ён мне сказаў, што «нам трэба лепей працаваць з кадрамі». Я кажу: «Згодны, што кадры трэба рыхтаваць лепей. Але можна іх выбіраць ці не?» Ён адказаў: «Можа, калі-небудзь гэта і ня будзе выключана».
«Паводзіў ён сябе дастаткова ляяльна. Не было ніякай агрэсіі. Ён не рабіў заяваў кшталту «ўсё, што ты гаворыце, — гэта лухта нікуды ня вартая», — адзначае Вазьняк.
Актывісты «Гавары праўду», праводзячы кампанію «Народны рэфэрэндум», плянуюць сустрэцца з усімі 110 дэпутатамі ПП НС.
«Мы адсочваем графік прыёмаў, які ёсьць у публічным доступе. Фесак ужо быў трэцім па ліку дэпутатам, якога мы наведалі. Да сэсіі плянуем наведаць 20–30 дэпутатаў. Астатніх будзем адлоўліваць у Менску», — падзяліўся плянамі Сяргей Вазьняк, адзін з кіраўнікоў кампаніі «Гавары праўду».
«Народны рэфэрэндум» ад кампаніі «Гавары праўду», руху «За свабоду» і Партыі БНФ
«Гавары праўду», рух «За свабоду» і партыя БНФ зьбіраюць подпісы, каб правесьці агульнанацыянальны рэфэрэндум па пытаньнях:
- Ці згодныя вы, што ў дзяржаўных установах адукацыі і аховы здароўя ўсе паслугі грамадзянам Беларусі павінны аказвацца бясплатна?
- Ці згодныя вы, што кіраўнікі выканкамаў гарадоў, раёнаў, абласьцей павінны выбірацца прамым галасаваньнем грамадзян?
- Ці падтрымліваеце вы курс на эканамічную інтэграцыю, асацыяцыю і стварэньне бязьвізавай прасторы з Эўрапейскім Зьвязам?
- Ці згодныя вы, што для забесьпячэньня нэўтральнага статусу Беларусі ў краіне павінна быць забаронена разьмяшчэньне замежных вайсковых аб’ектаў, ядзернай зброі, а беларускія вайскоўцы не павінны несьці службу за мяжой?
- Ці згодныя вы, што адзін і той жа чалавек ня можа займаць пасаду прэзыдэнта больш за два тэрміны?
- Ці згодныя вы, што грошы, атрыманыя ад заплянаванай урадам прыватызацыі, у першую чаргу павінны пайсьці на кампэнсацыю ўкладаў, страчаных падчас дэвальвацыі 2011 году, і стварэньне працоўных месцаў?