Андрэю Бандарэнку пагражае да 10 гадоў. Што гэта было, правакацыя ці звычайная хуліганка?

Андрэй Бандарэнка

Праграму пра асаблівасьці ўтрыманьня падсьледных у СІЗА мы заплянавалі яшчэ колькі месяцаў таму. Тады ніхто ня думаў, што галоўным нашым героем, падсьледным па крымінальнай справе, стане кіраўнік праваабарончай «Плятформа інавэйшн» і, між іншым, наш актыўны аўтар ды экспэрт Андрэй Бандарэнка.

Сёньня ў Кастрычніцкім судзе Менску чакае разгляду яго крымінальная справа. Былога палітвязьня абвінавачваюць у злосным хуліганстве ў п’яным выглядзе з выкарыстаньнем фізычнай сілы. Паводле «Плятформа інавэйшн», калі дакладна пачнецца разгляд справы пакуль невядома. Андрэю Бандарэнку пагражае да 10 гадоў зьняволеньня. «Свабода ў турмах» сустрэлася зь блізкімі праваабаронцы.

Перадача на «Валадарку»

...На стале мноства пакетаў з прадуктамі, сродкамі гігіены, усялякай неабходнай для тых умоваў драбязой. Сябры ды паплечнікі Андрэя Бандарэнкі — Алёна Красоўская-Касьпяровіч ды Мікіта Ліхавід — зьбіраюцца завезьці на «Валадарку» чарговую 30-кіляграмовую перадачу. Кілбаса, цукеркі, розныя прысмакі зь вялікім тэрмінам захоўваньня, кава, гарбата, садавіна, гародніна, алей, рыба, а таксама кашы, пюрэ, якія не патрабуюць "варкі"...Агульны кошт перадачы дзесьці пад тры мільёны рублёў. Усё гэта — прыватныя ахвяраваньні «плятформаўцаў»...

«Вельмі станоўчы момант, што Андрэй кінуў курыць, — кажа былая намесьніца Бандарэнкі, а цяпер кіраўніца „Плятформы“ Алёна Красоўская-Касьпяровіч. — Незадоўга да арышту ён перанёс запаленьне лёгкіх. І лекар папярэдзіў яго пра наступствы. Праўда, крыху цыгарэтаў мы перадаём яму, але ў якасьці так званай турэмнай валюты».

Паводле Алёны, Андрэя трымаюць у двухмесцавай камэры. Звычайна на Валадарцы камэры перанаселеныя — па 15–20 чалавек. Сусед Андрэя — чалавек, якому інкрымінуецца эканамічнае злачынства.

«Андрэй нават сам амаль у кожным лісьце адзначае, што стаўленьне да яго як да зьняволенага вельмі годнае, без аніякага ціску, абразаў — карацей, тое, за што змагаецца «Плятформа», — кажа калега Бандарэнкі.

Перадача для Бандарэнкі

На пытаньне, хто падтрымлівае Андрэя ўвесь гэты час, што ён за кратамі, наколькі пашырылася ці, наадварот, звузілася яго сяброўскае кола, чую адказ:

Красоўская-Касьпяровіч: «Перадачы, аплата адваката, падтрымка сям’і, грошы на разьліковы рахунак для атаваркі ў турэмнай краме, — гэта ўсё на плячах „Плятформы“. У мінулым месяцы з аплатай адваката дапамаглі бацька ды сёстры Андрэя. Але мы будзем падтрымліваць і надалей, бо ён — наш сябар і застаецца ім, незалежна ад таго, што б ён ні зьдзейсьніў, вінаваты ён ці не... Што да сяброўскага кола, то яно рэзка звузілася. Нават нягледзячы на тое, што ніхто пакуль ня ведае, што насамрэч адбылося ў тую ноч тры месяцы таму. Тым ня менш многія дыстанцыяваліся і ад яго, і ад нас».

Your browser doesn’t support HTML5

Алена Красоўская-Касьпяровіч пра Андрэя Бандарэнку

Алёна, як і яе сябры, вельмі спачувае калегу, тым больш што тэрмін зьняволеньня сьвеціць немалы...

«Шкада... Бо Андрэй — гэта вельмі разумны, творчы чалавек. У яго былі вялікія цікавыя пляны... Зразумела, праца пацярпела... Без Андрэя вельмі і вельмі цяжка. Турма — гэта надзвычай суровае пакараньне, а па тым, што мы ведаем, наш сябар зьдзейсьніў ня надта цяжкі ўчынак...„Плятформа“ ў сваёй працы прызвычаілася, і гэтага прытрымліваўся і Андрэй, абапірацца выключна на факты. Калі ў нас ня будзе падставы гаварыць пра тое, што судовы перасьлед носіць палітычны характар, то статусу палітвязьня ў Андрэя ня будзе. Розьніца ж у тым, палітычны вязень ці не, — яна толькі ў ступені міжнароднай падтрымкі ды ціску на ўлады, каб яго хутчэй вызвалілі. Але для Андрэя, які ўжо быў у зьняволеньні, турма ня стане нейкім шокам. Думаю, што ён вытрымае... Мы будзем усё да апошняга адсочваць».

Што здарылася ў тую ноч?

Дык што здарылася ў тую ноч, калі Андрэя затрымала міліцыя, каб празь некалькі дзён зьмясьціць пад варту?

Вось некаторыя зьвесткі, якія нам удалося сабраць у выніку размоваў з блізкімі ды суседзямі Андрэя.

Сям’я Бандарэнкаў (гаспадар, ягоная жонка Вольга і дачка Маша, якая сёлета пойдзе ў школу) жыве ў маленькай аднапакаёўцы, што ў адным зь пяціпавярховых дамоў на вуліцы Чкалава. Гаспадара ў двары бачылі рэдка. Андрэй шмат працаваў, бо фактычна быў адзіным кармільцам. Калі здараліся нейкія выходныя, то езьдзіў у вёску да бацькі, каб дапамагчы ў гаспадарцы.

Андрэй Бандарэнка ў сваім пад’езьдзе

У той вясновы вечар перад працяглымі выходнымі Андрэй сустрэўся зь сябрам-аднакурсьнікам. Настрой у праваабаронцы быў дэпрэсіўны (гэта пачуцьцё ў сувязі з рознымі стрэсамі ды характарам працы — дапамога сем’ям крымінальна асуджаных — апошнім часам нярэдка суправаджала яго). Вырашылі сустрэцца і пагутарыць зь сябрам у кавярні непадалёк ад дому. Сядзелі да позьняга, выпівалі... Калі вярталіся, ля Андрэевага пад’езду сустрэлі дзяўчыну з суседняга дому, якая ішла да сваёй маці. Тая жыла два паверхі вышэй за Андрэя. Слова за слова, размова перайшла на крыкі, потым Андрэй нечакана моцна ці то стукнуў, ці то штурхнуў дзяўчыну. На крыкі выбегла маці, іншыя жыхары... Кажуць, што спробы супакоіць Андрэя былі беспасьпяховымі, а таму выклікалі міліцыю. Удзельнікаў канфлікту завезьлі ў РАУС. Відэакамэра ў міліцыі зафіксавала эпізод, які потым убачылі ў інтэрнэце...

Сёньня тое, што здарылася з Бандарэнкам, трактуюць па-рознаму. Адны пішуць у сацсетках, што гэта была правакацыя, іншыя — што звычайная «хуліганка», у якую элемэнтарна можна трапіць, калі пад узьдзеяньнем алькаголю страціш кантроль над сабой і тармазы не спрацуюць...

У тэлефоннай размове жонка Андрэя, 35-гадовая Вольга, якая нядаўна ўладквалася на працу ў суседнім з домам дзіцячым садку, сказала, што падрабязнасьцямі здарэньня не валодае. З нашым карэспандэнтам гаварыла гэтак жа стрымана, як і некалькі гадоў таму, падчас першага працэсу, пасьля якога Андрэя прызналі палітвязьнем. Ад сустрэчы адмовілася. Сказала, што ня хоча шкодзіць сваёй размовай ані пакуль мужу, ані дачцэ. Адносна пацярпелых суседак нейкіх меркаваньняў ня мае, бо з суседзямі не кантактуе — «гэтыя людзі звычайна радуюцца, калі ў кагосьці побач здараецца нешта кепскае».

Андрэй, Вольга і Маша Бандарэнкі 6 гадоў таму

Тым часам бацька Андрэя на інтэрвію са Свабодай пагадзіўся. У сынаву віну ён ня верыць. Паводле ягоных словаў, «не было падставаў для першага зьняволеньня ў 2008 годзе — сумнеўна, каб яны былі для другога».

Бацька: «Беды прыйшлі з-за палітыкі»

Валер Рыгоравіч Бандарэнка жыве за паўдзясятка кілямэтраў ад райцэнтру Кіраўск, у вёсцы Выжары. У паселішчы шмат хатаў з закалочанымі вокнамі. Дамы старыя, але яшчэ моцныя. Такая хата і ў бацькі зьняволенага праваабаронцы.

Валер Бандарэнка

Пакуль дзьве дачкі Валера Рыгоравіча завіхаюцца па гаспадарцы, гамонім зь ім пад старой ліпаю пра сынаву долю ды вясковае жыцьцё. Спрацаваныя дужыя рукі суразмоўца трымае на каленях і толькі зрэдку падымае іх. Вочы ў сямідзесяцігадовага мужчыны — колеру беларускага неба. Спачатку ён узіраецца ў далеч, а потым адказвае на пытаньне.

У Выжары Валер Рыгоравіч перабраўся, калі сына пасадзілі першы раз. «Трэба было неяк выжываць, — тлумачыць ён, — бо была маленькая дачка ў сына, мая ўнучка, ды ягоная жонка. У нас у вёсцы ёсьць і козачкі, і куры. Усё ёсьць для таго, каб можна было найпрасьцей пражыць, выжыць. Тут яшчэ лепей перажываюцца падобныя, як цяпер у мяне, стрэсы. Працы шмат, забываесься, бо працую».

Your browser doesn’t support HTML5

Бацька Андрэя Бандарэнкі: «Беды прыйшлі з-за палітыкі»

Валер Рыгоравіч не выключае, што арышт сына зьвязаны зь ягонай праваабарончай дзейнасьцю і лідэрствам у грамадзкай арганізацыі «Плятформа», якая выкрывала парушэньні ў калёніях і дапамагала былым асуджаным.

Гэтую дзейнасьць адсочвалі спэцслужбы, цьвердзіць Бандарэнка-старэйшы: «Калі пазбавіць арганізацыю кіраўніцтва, дык і арганізацыя можа зьнікнуць. Сачылі за гэтай дзейнасьцю, — мяркуе Валер Рыгоравіч. — Усё там падтасавана, падбіта. Дасьць бог, гэта ўсё з часам высьветліцца. Але я так думаю — дзякуй богу, што інкрымінуюць яму ня што цяжэйшае. Маглі б чаго яшчэ знайсьці горшага».

На неадназначнасьць абвінавачаньня намякае ў сваіх лістах і сам Андрэй Бандарэнка. У адным зь іх ён піша бацьку: «Вітаю, тата. Ня думаў, што калі-небудзь зноў давядзецца камунікаваць з табой лістамі, — чытае ўрывак з сынавага допісу Валер Рыгоравіч. — Але як ёсьць, так ёсьць. Як ты разумееш, усяго я табе ў лісьце напісаць не магу, але можаш паверыць, што нічога такога, за што можна перажываць, я не рабіў. Усё наладзіцца. Галоўнае, не перажывай».

Як і ў першую адседку, Валер Рыгоравіч і сёстры будуць дапамагаць Андрэю выстаяць. А ці будуць гэта рабіць тыя, хто верыў у ягоную невінаватасьць, калі зьняволілі ў 2008-м? Тыя ж, да прыкладу, лідэры Аб’яднанай грамадзянскай партыі ды ягоныя паплечнікі? Бо цяпер жа яму інкрымінуюць злачынства, пад якім нібыта не праглядаецца палітыка.

«Я думаю, што паплечнікі, гэтак, як і я, ня вераць у тое, што сын мог нешта падобнае ўтварыць. Гэта ж нармальныя людзі. Думаю, што будуць падтрымліваць».

Беды ў сям’ю Бандарэнкі прыйшлі, калі ён стаў у 2008 годзе кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Паводле Бандарэнкі-старэйшага, да прыватных фірмаў, дзе рабіў сын, неспадзявана зьявіліся прэтэнзіі ў кантрольных, а пазьней і сьледчых органаў. Пры гэтым кіраўнікі фірмаў засталіся невінаватымі, а бізнэс-кансультант Бандарэнка сеў на лаву падсудных:

«Жыў-быў нармальны чалавек, працаваў, пакуль ня ўзяў удзелу ў парлямэнцкіх выбарах. З гэтага ўсё і пачалося. Пачаўся перасьлед. Пакуль выбары праходзілі, зьніклі фірмы, на якія працаваў Андрэй, — згадвае Валер Рыгоравіч. — Яшчэ ня скончыліся выбары, а прадпрымальнікаў, якія дапамагалі Андрэю, ужо прыціснулі праваахоўныя органы. Мы тады езьдзілі ды разьбіраліся. А пасьля адседкі ён і пачаў займацца праваабарончай дзейнасьцю. Дапамагаў людзям бараніць сваё права. За гэта яго і хочуць пакараць».

З чым давялося сутыкнуцца сыну цягам першага зьняволеньня, Валер Рыгоравіч кажа зь неахвотай. Адзначае, што Андрэю там было няпроста:

«Ушчамленьні былі розныя, і нямала. Скажу, што цёплыя боты я яму так і ня змог перадаць. То мне казалі, што ня могуць знайсьці асуджанага, то ня тыя прывёз — так і не перадаў. Але шмат дапамагаў адвакат Дзьмітры Лаеўскі. Дужа шмат. Я ўсяго і ня ведаю».

Ці спагадаюць Валерыю Рыгоравічу вяскоўцы ў гэты цяжкі для яго час?

«Нашы людзі хутка ўсё забываюць. Штодзённы побыт забівае ўсё. Большасьць людзей на сяле выжываюць. Тыя, хто разьбіраецца ў сытуацыі, то адназначна кажуць: „Ну што, падставілі Андрэя“, альбо зьдзіўляюцца. „Што, ізноў?“ — кажуць. А так, каб нехта казаў, што ён нешта мог утварыць, то такога няма».

Быць справакаваным ці згубіць зямлю пад нагамі?

Колішні асуджаны па эканамічнай справе, прадстаўнік «Плятформы» ў Віцебску, а да зьняволеньня дацэнт Віцебскага тэхналягічнага інстытуту, кандыдат тэхнічных навук Міхаіл Жамчужны называе выпадак з Андрэем няйнакш як правакацыяй. Той, хто змагаецца за правы зьняволеных, рызыкуе, што яго затрымаюць, арыштуюць, ізалююць ад грамадзтва. «Асабіста я да гэтага гатовы. Думаю, быў гатовы да гэтага і Андрэй», — кажа Жамчужны. Высновы пра правакацыю Міхаіл робіць, «прааналізаваўшы міліцэйскі запіс, а таксама ўлічваючы дзейнасьць Бандарэнкі».

Your browser doesn’t support HTML5

Міхаіл Жамчужны: Бандарэнку справакавалі

Жамчужны: «На відэа чалавек, які відавочна сьпіць. Ён сядзіць, дакладней — пасаджаны, непасрэдна перад камэрай, у месцы, дзе ўсё запісваецца з добрай якасьцю. Побач з мужчынам — жанчыны, якія сыстэматычна перамяшчаюцца па кадры, нібыта шукаючы нейкія моманты, каб вывесьці таго, хто сьпіць, з раўнавагі... У твар чалавека, які сьпіць, накіроўваецца фатаўспышка. Натуральна, чалавек у такім стане інстынктыўна абараняецца, нават не ўсьведамляючы, хто перад ім...»

Міхаілу падаліся некалькі дзіўнымі і іншыя моманты. Напрыклад, тое, што пры затрыманьні ўдзельнікі канфлікту, як пацярпелыя, так і вінаватыя, знаходзяцца без нагляду міліцыі ў адным памяшканьні. У парушэньне закону ў іх не канфіскаваныя пэўныя прадметы, той жа тэлефон. А маючы яго, можна ж званіць меркаваным сьведкам, каб тыя далі заведама ілжывыя паказаньні... Таксама парушаны арт. 18 Закону аб інфармацыі, калі бяз згоды чалавека вядзецца яго фатаздымка.

Міхаіл Жамчужны мяркуе, што сілавікі ў мэтах арганізацыі канфлікту нярэдка выкарыстоўваюць жанчын, бо сымпатыі сьведак хутчэй будуць на жаночым баку... Ён расказвае, што прыкладна тое ж самае магло здарыцца і зь ім. У той самы час, калі пачаліся праблемы ў «Плятформы», міліцыя стала хадзіць па ягоных суседзях, дапытвацца, як ён сабе паводзіць і ці п’е. А неўзабаве здарыўся канфлікт з суседкамі, зь якімі ён дагэтуль вельмі добра ладзіў.

Міхаіл: «Калі б была нейкая фармальная падстава, каб затрымаць, мяне б затрымалі, і я б нічога нікому не даказаў. Мяне ратуе тое, што ўдаецца трымаць сябе ў руках, што я ня п’ю ўвогуле. Бо інакш чалавека, які не хавае сваёй апазыцыйнасьці, справакаваць вельмі і вельмі лёгка».

Тым часам іншы былы вязень, Сяргей, якому даводзілася сутыкацца з праваабаронцам Бандарэнкам, трымаецца інакшай думкі:

Андрэй Бандарэнка, архіўнае фота

«Адрозна ад іншых арганізацыяў, якія дэкляруюць, што змагаюцца за правы асуджаных па крымінальных справах, „Плятформа“ ды асабіста Бандарэнка дапамаглі многім... Але калі глядзець відэа, дзе б’юць жанчын, у любым выпадку брыдка, незалежна ад таго, справакавалі чалавека на абарону ці не... Тым больш — другі ўдар, у твар іншай жанчыне, якая ўвогуле не здымала, з абаронай ніяк не зьвязаны... Калі людзям, якія, па сутнасьці, былі раней нічым, раптам падае зь неба бескантрольнае валоданьне рэсурсамі, яны пачынаюць адчуваць сябе паўбагамі, губляюць зямлю пад нагамі. Такіх у Беларусі сёньня вельмі і вельмі шмат. Ледзь што, яны пачынаюць тлумачыць свае супрацьпраўныя ўчынкі перасьледам крывавага рэжыму».

«Я ня тое каб п’яніца, але неяк так атрымліваецца...»

І ўсё ж, калі гэта не «перасьлед», а звычайная «бытавуха», выкліканая зьбегам самых розных абставінаў, то што з таго? Рэзка мяняць стаўленьне да чалавека, які ўсё ж не ўчыніў цяжкога злачынства, нікога не пакалечыў, а дагэтуль увогуле зрабіў нямала добрых спраў для людзей, абараняючы іх правы?

Як паказала апытаньне на вуліцах Магілёва, бальшыня ўдзельнікаў палічыла, што праваабаронца, як і кожны чалавек мае права на памылку, але, зразумела, на праваабаронцы ляжыць большая адказнасьць. Закон жа павінен быць аднолькавым для ўсіх без выключэньня.

Your browser doesn’t support HTML5

Ці мае праваабаронца права на памылку?


Іншая справа, наколькі ў падобных выпадках адэкватнае турэмнае пакараньне? Хіба працяглая ізаляцыя ад грамадзтва зробіць чалавека лепшым?

Калісьці пры Саветах дзейнічала працэдура публічнага пакаяньня ды паручальніцтва калектыву. Так у свой час вялікі тэрмін зьняволеньня пагражаў студэнту ВГИКу Васілю Шукшыну: у стане моцнага алькагольнага ап’яненьня той зьбіў аднакурсьніка з Польшчы, а потым — міліцыянта. І толькі дзякуючы паручальніцтву партыйнай арганізацыі сьвету адкрыўся таленавіты пісьменьнік, актор, рэжысэр.

«Я ня тое каб п’яніца, але неяк так атрымліваецца: калі выпадкова вып’ю, то абавязкова страчваю кантроль над сабою і раблю недаравальныя ўчынкі», — каяўся тады Шукшын. Потым ён кінуў піць беспаваротна.