Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі, а ў мінулым паплечнік і сябра Аляксандра Лукашэнкі Анатоль Лябедзька кажа, што прычыны палітычнага даўгалецьця кіраўніка дзяржавы — далёка не ў любові народнай:
«Чаму так доўга Лукашэнка трымаецца ва ўладзе? Дзякуючы таму, што ў нас 1,5% насельніцтва — гэта наглядчыкі, гэта сілавікі. Вось у іх ёсьць карт-блянш — дазвол рабіць усё, што яны хочуць, з астатнімі 98,5%. Так, першае — гэта дзякуючы сілавому складніку.
Другое — гэта дзякуючы магутнай падтрымцы Расеі. 15% валавога ўнутранага прадукту — гэта падарунак Лукашэнку ад Пуціна. Ну, і дзякуючы таму, што існуе фінансава-эканамічная залежнасьць: 80% грамадзянаў Беларусі свой заробак і пэнсію атрымліваюць ад Лукашэнкі. Вось гэта тры стаўпы, якія дазваляюць Лукашэнку трымацца пры ўладзе. Тут няма ніякай любові, тут няма ў народу ніякага галавакружэньня ад Лукашэнкі — толькі жорсткія акалічнасьці, якія мы маем.
Лукашэнка, на вялікі жаль, зьнішчыў самае галоўнае — ініцыятыву людзей. Без ініцыятывы краіна не разьвіваецца. Ён зьнішчыў канкурэнцыю — і палітычную, і эканамічную. Без канкурэнцыі дзяржава не разьвіваецца. Вядома, нейкае разьвіцьцё ёсьць. Але гэта ня дзякуючы сыстэме, якую стварыў Лукашэнка, а насуперак ёй».