Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведамілі ў прэс-службе Расейскай чыгункі.
«Наша кіраўніцтва зьвярнулася да начальніка Беларускай чыгункі Марозава з прапановай. Каб пасажыры былі ўпэўненыя ў тым, што яны могуць дабрацца да канцавога пункту маршруту, і каб забясьпечыць бясьпеку пасажырскіх перавозак, было вырашана пусьціць тры цягнікі беларускага фармаваньня ў абход Украіны. Квіткі ўжо прадаюцца. Гэтым цягнікам ужо сфармаваны маршрут, якім яны будуць сьледаваць без заезду ва Ўкраіну. Гэта будзе аб’езд па тэрыторыі Расеі. Гэта плюс усяго 400 кілямэтраў», — паведамілі ў прэс-службе.
У прэс-службе Беларускай чыгункі ніякіх тлумачэньняў не падалі і параілі зьвярнуцца да Расейскай чыгункі.
У даведцы Менскага чыгуначнага вакзалу паведамілі, што згаданыя цягнікі цяпер ідуць праз Оршу — Смаленск — Варонеж. Адлегласьць да Адлера, напрыклад, стала 2335 км. У выніку маршрут стаў даўжэйшы на 10 гадзін, а квіткі падаражэлі амаль на 250 тысяч рублёў.
З-за падрыву чыгункі ў Данецкай вобласьці паміж станцыямі Скатаватая ды Ясінаватая цягнікі, чый маршрут звычайна пралягае праз гэты перагон, будуць хадзіць праз тэрыторыю Беларусі, паведаміў Інтэрфакс. Агенцтва спасылаецца на заяву кіраўніка Расейскай чыгункі Ўладзімера Якуніна, які заявіў, што гэтыя цягнікі будуць рабіць аб’езд у 1,7 тысячы кілямэтраў.