Вызначыўся першы фіналіст футбольнага чэмпіянату сьвету ў Бразыліі — нямецкая зборная разграміла гаспадароў першынства зь лікам 7:1. Яшчэ адно месца ў фінале сёньня разыграюць паміж сабой каманды Аргентыны і Нідэрляндаў.
Спартовы камэнтатар Павал Баранаў шчыра спачувае бразыльскаму народу і кажа, што зусім нядаўна ў падобнай сытуацыі былі беларусы — калі б на хатнім чэмпіянаце сьвету па хакеі нацыянальная зборная ня здолела выйсьці ў плэй-оф, першынства адназначна лічылася б праваленым:
«Мы самі, дарэчы, зусім нядаўна былі таму сьведкамі, самі цудоўна ведаем: калі б наша зборная ня выйшла з групы і не прабілася ў плэй-оф на чэмпіянаце сьвету па хакеі, то сам па сабе чэмпіянат сьвету, яго арганізацыю і правядзеньне нельга было б прызнаць станоўчым, нельга было б прызнаць, што ў нас усё атрымалася. Тое ж самае і ў бразыльцаў. Уявіце сабе гэтую велізарную краіну, дзясяткі мільёнаў жыхароў, заўзятараў; краіну, якая, ня самая багатая, патраціла на гэты чэмпіянат сьвету мільярды даляраў...
Вядома, усё гэта рабілася дзеля таго, каб нацыя атрымала пазытыў да бліжэйшага мундыялю як мінімум. І ўсё гэта залежала менавіта ад тых 11 зь лішкам чалавек, якія павінны былі ня проста прабіцца ў фінал, у іх задача была — выйграць гэты чэмпіянат сьвету. Толькі ўявіце, якая велізарная адказнасьць, уявіце, што адбывалася ў сэрцах гэтых хлопцаў! І калі яны наткнуліся ў такім стане на нямецкую машыну — ну, разгубіліся, ня ведаю нават, як гэта назваць. Бо тое, што адбылося ў гэтым матчы, асабліва ў першыя паўгадзіны, — ну, дык гэта ўжо проста быў накаўт. Адпаведна, далей ужо было вельмі складана гульню неяк перабудаваць, нешта зрабіць».
Сам Павал сваю частку на сёлетнім мундыялі ўжо «адгуляў» — камэнтаваць фінал і гульню за трэцяе месца будуць калегі. Дуэт Паўла Баранава і Зьмітра Герчыкава аказаўся адзіным, які вёў футбольныя рэпартажы на беларускай мове. Нягледзячы на зьяўленьне пры канцы мінулага году спэцыялізаванага спартовага каналу «Беларусь-5», роднай мовы ў эфіры, на што многія спадзяваліся, не паболела. Тым ня меней, як лічыць суразмоўца, тое, што ёсьць, — ужо вялікае дасягненьне:
«Ну, я тут нават ня ведаю, хто і чаго чакаў, бо насамрэч апошні чэмпіянат сьвету, які мы камэнтавалі на мове, — гэта яшчэ было ўсясьветнае першынства 2002 году, ажно 12 гадоў таму! З буйных турніраў апошні, які мы камэнтавалі на мове — у прыватнасьці, я яго пэрсанальна камэнтаваў, — гэта быў чэмпіянат Эўропы 2004 году. Калі справа тычыцца менавіта футболу, то ні чэмпіянаты сьвету 2006-га і 2010-га, ні Эўра-2008 (тым больш што яно ішло на АНТ), ні чэмпіянат Эўропы-2012 не камэнтаваліся на беларускай мове.
І тое, што вось зараз мы — я асабіста і ў пары са мной Зьміцер Герчыкаў — адкамэнтавалі на мове, дык гэта ня тое што прарыў, але, як я мяркую, гэта велізарная перамога. Тое, што гэтая практыка была прынятая ў першую чаргу аўдыторыяй, тэлегледачамі, і ў другую чаргу — уласным кіраўніцтвам (я дакладна ведаю, што старшыні Белтэлерадыёкампаніі Генадзю Давыдзьку вельмі спадабалася наша праца), — гэта, яшчэ раз кажу, велізарная перамога. Я кажу тое, што проста ведаю, бо гэта насамрэч праўда. Праўда перадусім у тым, што мая асабістая ініцыятыва прывяла да таго, што матчы чэмпіянату сьвету камэнтаваліся на беларускай мове. Дый увогуле тое, што мова застаецца ў тэлеэфіры».
Для аднаго з найлепшых гульцоў каманды менскага «Дынама» ўзору 1980-х Людаса Румбуціса моўнае пытаньне заўсёды было прынцыповым. Да прыезду ў Беларусь ён размаўляў па-літоўску, прычым на дыялекце свайго рэгіёну. А вось апошнія тры дзясяткі гадоў толькі і дзівіцца, чаму роднай мовай не карыстаюцца беларусы. Не хавае, што з задавальненьнем слухае рэпартажы Баранава і Герчыкава, выхопліваючы знаёмыя словы:
«Не стамляюся паўтараць, што мне вельмі падабаецца беларуская мова. І небеспадстаўна. Скажам так: у мяне ў Літве, дакладней, у літоўскай мове ёсьць чатыры дыялекты. Дык вось дыялект майго роднага рэгіёну (а гэта клайпедзкі край, зусім не памежжа зь Беларусьсю), калі я на ім размаўляю і размаўляю хутка, — дапусьцім, літовец зь Вільні як зразумее 30–40%, то ўжо будзе добра. Бо астатняга пэўна не зразумее. Але пры гэтым вельмі шмат словаў, сугучных зь беларускай мовай.
Прыкладам, драбіна. У літоўскай мове такога слова няма, драбіна. Альбо пончака — у беларускай мове гэта, калі не памыляюся, панчохі, шкарпэткі. То бок у маім дыялекце досыць шмат агульназразумелых нам словаў, і такая акалічнасьць асабіста мяне вельмі цешыць. Я яшчэ ад дынамаўскіх часоў кажу, абавязкова па-беларуску: я згуляў упэўнена, мне мая гульня падабаецца».
Зь цяперашніх камэнтатараў БТ толькі Ўладзімер Навіцкі і Сяргей Новікаў у свой час карысталіся падчас працы беларускай мовай, але некалькі апошніх гадоў абодва ад такой практыкі адмовіліся. Іншыя, уключна з Аляксандрам Цьвічкоўскім, Аляксандрам Дзьмітрыевым, Мікалаем Хадасевічам, Сяргеем Мацкевічам, Уладзіславам Татурам, размаўляюць з гледачамі выключна па-расейску. Дарэчы, на рашэньне кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі Ўладзімер Навіцкі выправіўся ў Бразылію, каб весьці рэпартажы аб вырашальных матчах непасрэдна з арэнаў сёлетняга мундыялю.