«Пакуль на 10 дзён, а там паглядзім. Абсьледаваньне плюс лячэньне. Спадзяюся, палячу зубы і ўвогуле папраўлю здароўе», — сказаў карэспандэнту Свабоды Мікалай Аўтуховіч.
Былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч — вэтэран баёў у Аўганістане, мае дзяржаўныя ўзнагароды. У 2010 годзе былога прадпрымальніка асудзілі на 5 гадоў і 2 месяцы зьняволеньня за захоўваньне некалькіх патронаў. Сваёй віны Мікалай Аўтуховіч не прызнаў, у вязьніцы некалькі разоў трымаў працяглыя галадоўкі, на знак пратэсту рэзаў жывот. У зьняволеньні ў Мікалая Аўтуховіча разьвілася хвароба зубоў, аднак патрэбнага лячэньня ў турме ён так і не атрымаў. Міліцыянты з Ваўкавыску, дзе пасьля вызваленьня з гарадзенскай турмы жыве Мікалай Аўтуховіч, адмовіліся выдаць яму дазвол на паездку ў Менск для лячэньня. «Давялося напісаць заяву, што адпраўляюся ў Менск для пражываньня, і чамусьці гэтая прычына іх больш задаволіла», — кажа Мікалай Аўтуховіч.
У сярэдзіне 2010-х гадоў Мікалай Аўтуховіч спрабаваў выкрыць некаторых менскіх і ваўкавыскіх чыноўнікаў, якіх падазраваў у карупцыі. Супроць прадпрымальніка завялі дзьве крымінальныя справы. Сам ён лічыць гэта помстай.