Ужо сёньня, 3 ліпеня: Сьвяткаваньне афіцыйнага Дня незалежнасьці Беларусі

Ілюстрацыя з Календара Бахарэвіча

Падзеі і даты сёньняшняга дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

Парад войскаў і тэатралізаванае шэсьце з нагоды афіцыйнага Дня незалежнасьці пачнуцца ў 21.00. Пасьля іх заканчэньня адбудзецца гала-канцэрт «Шляхамі вызваліцеляў», які завершыцца ў 2 гадзіны ночы 4 ліпеня.

На пляцоўцы каля Палацу спорту адбудзецца канцэрт «Квітней Беларусь!», сьвяточныя мерапрыемствы пройдуць ува ўсіх парках сталіцы.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ

1410 – злучаныя польска-літоўскія войскі пад камандаваньнем Уладзіслава II Ягайлы рушылі да мяжы Тэўтонскага ордэну (будзе Грунвальдзкая бітва).

1655 – маскоўскія войскі ўзялі Менск падчас вайны 1654-1667. Горад быў спустошаны.

1660 – войскі Рэчы Паспалітай вызвалілі ад маскоўскага войска горад Менск і тэрыторыю да ракі Беразіны.

1944 – вызваленьне Менску Чырвонай арміяй ад нацысцкіх захопнікаў.

1962 – Францыя абвясьціла незалежнасьць Альжыру, паколькі на рэфэрэндуме за гэтае рашэньне выказаліся 75% тых, хто прагаласаваў. Часовы ўрад Альжыру ў выгнаньні вярнулася ў краіну.

1964 – у ЗША прыняты Закон аб грамадзянскіх правах, які забараняе расавую сэгрэгацыю.

1996 – Барыс Ельцын абраны прэзыдэнтам Расеі на другі тэрмін.

У гэты дзень нарадзіліся:

1876 – Алаіза Пашкевіч (Цётка), беларуская паэтка, грамадзкая дзяячка.

Мейце сілу і адвагу дзяржацца роднага слова. Мейце сьмеласьць усюды голасна казаць па-свойму. I, гледзячы на вас, асьмеляцца і іншыя, зразумеюць, што шчырае сэрца беларускае б'ецца ня толькі пад мужыцкай сярмягай, павераць у ўласныя сілы свае і пойдуць цьвёрдай ступой да лепшай будучыны, да ясных зор шчасьця народнага.

Алаіза Пашкевіч

1883 – Франц Кафка, пісьменьнік. Ягоныя творы, прасякнутыя абсурдам, страхам перад вонкавым сьветам і вышэйшым аўтарытэтам здольныя выклікаць у чытача адпаведныя трывожныя эмоцыі, – зьява ўнікальная ў сусьветнай літаратуры. На беларускую мову кнігу ягоных твораў пераклаў Лявон Баршчэўскі.

Верыць у прагрэс ня значыць верыць, што прагрэс ужо адбыўся. Гэта не было б верай.

Франц Кафка

1896 – Яраслаў Кастыцэвіч, беларускі пэдагог, грамадзкі і царкоўны дзяяч, адзін з заснавальнікаў беларускамоўнай асьветы на Беласточчыне пасьля ІІ Сусьветнай вайны.

1910 – Аляксей Грыцук, беларускі грамадзкі дзяяч, гісторык, літаратуразнаўца, настаўнік, старшыня Згуртаваньня беларусаў Канады.

1918 – Рыгор Бярозкін, беларускі літаратуразнаўца.

1937 – Том Стопард, брытанскі драматург. У жніўні 2005 году Стопард наведаў Менск, дзе праводзіў сэмінар у драматургіі і дасьледаваў праблемы парушэньняў правоў чалавека і палітычную сытуацыю ў Беларусі.

Калі забараняюць думаць – любая ідэя робіцца рэвалюцыйнай.

Томас Стопард

З КАЛЕНДАРА БАХАРЭВІЧА

Небясьпечная прафэсія. 3 ліпеня 1991 адбыўся замах на італійскага перакладчыка «Д’ябальскіх вершаў»