Менскія чыноўнікі: Шкоды вуліцам ад танкаў няма

На прадпрыемстве, якое абслугоўвае менскія дарогі заяўляюць, што дарогі пасьля праходу танкаў у Менску толькі падмятаюць, ніяк не рамантуюць.

На прадпрыемстве Гаррамаўтадар Менгарвыканаму паведамілі, што ніводнага разу не рамантавалі дарогі ў Менску пасьля вайсковых парадаў. Тым часам кіроўцы кажуць, што пасьля танкаў дарогі нагадваюць пральную дошку.

«Мяне не трасе, усё добра, не хвалюйцеся,» — сказаў карэспандэнту Свабоды гендырэктар Гаррамаўтадару Дзяніс Глінскі.

Паводле галоўнага інжынэра Гаррамаўтадару Аляксандра Ярошыка, ніякіх скаргаў ад кіроўцаў на якасьць дарог пасьля парадаў да іх на прадпрыемства не паступала. Ён таксама кажа, што дарогі пасьля танкаў не патрабуюць рамонту:

«Адзінае, што яны наносяць на разьметку адбіткі. А ў цэлым ужо настроіліся. Атрымліваецца хіба што шумавы эфэкт з-за грабёнкі. Але з пункту гледжаньня тэхнічных характарыстык ні разу не было такога, каб пасьля танкаў перакладалі асфальт альбо для іх перакладалі. У цэлым па нарматыве нармальна, адзінае, што зубамі яны робяць маленькія ракавіны, якія ствараюць шумавы эфэкт. Раней былі выпадкі, калі наяжджалі на бардзюры, але цяпер салдаты малайцы, навялі ў гэтым парадак. Можа быць урон, калі толькі зьедзе ўбок і нешта пашкодзіць, па асфальце ён нічога ня зробіць такога звышнатуральнага. Маршрут пракладзены так, што і па мастах яны моцна ня едуць, толькі па тых, якія вытрымаюць нагрузку. Нейкага звышурону і наогул урону няма. Калі б гэта былі ямы па калена, як іншы раз па вясьне бывае...».

За вайсковай тэхнікай ідзе ўборачная, каб прыбраць сколы, якія робяць зубы на гусеніцах.

«Вось гэта змываюць і зьмятаюць, бо пойдзе пыл. Калі адкрыць рух па гэтым участку, то пойдзе пыл. А ў горадзе падняць пыл, потым мы тыдзень яго будзем прыбіраць. Дык мы яго адразу прыбіраем, каб яго не было. Інакш ён на дамах, на шкле асядзе, ён некуды ж дзенецца. А так мы яго змываем, зьмятаем у кучы і стараемся адразу сабраць, бо так зручней — адразу сабраць. Трэба ўсё прамесьці адразу. Гэта ў выніку атрымаецца таньней, чым потым перамятаць».

3 ліпеня ў Менску пойдзе вайсковы парад з удзелам каля 240 адзінак баявой тэхнікі, у тым ліку расейскай. На сёньня ўжо прайшлі дзьве рэпэтыцыі параду.