Літоўскі бок тут прадстаўляюць лідэр апазыцыі Андрус Кубілюс, старшыня камітэту замежных спраў парлямэнту Бэнэдыктас Ёдка, ягоны намесьнік Аўдрунас Ажубаліс ды іншыя палітыкі.
Зь Беларусі на сустрэчу запрошаныя Ірына Вештард, Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька, Аляксандар Мілінкевіч, Уладзімер Някляеў, Павал Севярынец і Аляксей Янукевіч.
Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька перад пачаткам кансультацыяў сказаў Свабодзе:
«Натуральна, што перамены ў Беларусі прыйдуць дзякуючы беларусам. Але ж тым ня менш, мы не жывём за плотам. Таму і праводзяцца падобныя кансультацыі. Зь літоўскімі калегамі мы будзем сустракацца ўжо трэці ці чацьвёрты раз.
Мы разглядаем Літву як лабіста інтарэсаў дэмакратычнай Беларусі ў міжнародных арганізацыях, найперш у Эўразьвязе, АБСЭ, Радзе Эўропы. Гэта дае мажлівасьць гаварыць пра канкрэтныя ініцыятывы, прапановы, ідэі, пра тое, што мы маглі б зьдзейсьніць зь іх дапамогай.
Падчас чэмпіянату сьвету па хакею ў Менску, напрыклад, праводзілася кампанія „Fair play“. І ў ёй літоўскія парлямэнтары і палітыкі прымалі самы актыўны ўдзел. Гэта тая частка супрацы, якая вырашаецца падчас такіх кансультацыяў і камунікацыяў».